Павятовы соймік

З пляцоўкі Вікіпедыя
Jump to navigation Jump to search

Павятовы соймік — у 16—18 ст. сход шляхты павета ў Вялікім Княстве Літоўскім і ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў, дзейнасць якога рэгламентавалася нормамі права; форма самарэалізацыі шляхецкай супольнасці павета і дзяржаўна-прававы інстытут, дзякуючы якому шляхецкая супольнасць была здольная прымаць рашэнні[1].

Генетычна ўзыходзіць да веча і з’ездаў баяр-шляхты пэўнай зямлі. У 1511 годзе Жыгімонт І Стары ўпершыню заклікаў намеснікаў памежных зямель склікаць шляхту па паветах і прапанаваў выбраць па 2 прадстаўнікі ад павета для ўдзелу ў сойме. Паступова гэта практыка ўкаранілася, але шляхце не забаранялася прымаць удзел у сходах сойма і пагалоўна. На вайсковым з’ездзе ў Менску (лістапад 1564 - студзень1565 г.) адбыліся сходы шляхты некаторых паветаў (Новагародскага, Слонімскага, Берасцейскага, Менскага), на якіх былі абраны кандыдаты на земскія судовыя пасады, а на Віленскім сойме 1565—66 гг. шляхта ўсёй дзяржавы звярнулася да Жыгімонта ІІ Аўгуста з прапановай увесці ў ВКЛ на ўзор Польскага каралеўства павятовыя соймікі. Віленскі прывілей 1565 года ўстанавіў у ВКЛ павятовыя соймы (перадсоймавыя соймікі) як курыю для абрання паслоў на сойм (па 2 паслы ад павета). Статут ВКЛ 1566 года вызначыў час перадсоймавых соймікаў — не пазней як за 4 тыдні да сойма, паводле Статута ВКЛ 1588 года — 6 тыдняў. Для апавяшчэння павятовай шляхты пра пытанні, якія выносіліся на разгляд сойма, вялікі князь пасылаў у паветы гаспадарскіх паслоў з соймавымі лістамі, якія павінны былі ўручацца гродскаму суду не пазней чым за 2 тыдні да пачатку сойміка. Ваяводы (у Віленскім, Троцкім, Віцебскім, Новагародскім паветах і Полацкім ваяводстве (якое не падзялялася на паветы)) і старасты (у іншых), або іх намеснікі (падваяводы і падстарасты) павінны былі паслаць з гэтымі лістамі возных да ўсіх тых, каму дасылаліся раней соймавыя лісты з гаспадарскай канцылярыі. Астатняя шляхта апавяшчалася пра сойм па цэрквах, касцёлах, на таргах. Як правіла, шляхта збіралася на соймікі ў павятовых цэнтрах. Працягласць соймікаў вызначалася рэцэсам (пастановай) Гарадзенскага сойма 1567 года ў 3 дні, Статутам ВКЛ 1588 года — да 4 дзён, соймавай канстытуцыяй 1764 года — зноў 3 дні. Здараліся выпадкі калі соймікі адбываліся на працягу 5 дзён. Да 1613 года рашэнні на сойміках павінны былі прымацца праз кансэнсус («одностайным зданьем»). Соймавая ўхвала (канстытуцыя) 1613 года вызначыла, што выбранне паслоў на сойм і некаторыя іншыя пытанні будуць вырашацца простай большасцю галасоў. Паводле соймавых канстытуцый 18 ст. рашэнні на сойміках прымаліся як большасцю галасоў, так і аднагалосна. Пасяджэннямі соймікаў кіраваў найвышэйшы па пасадзе ўраднік або павятовы маршалак. Рэцэс Гарадзенскага сойма 1567 года прадугледжваў матэрыяльную адказнасць ураднікаў за адсутнасць на сойміка без «причин слушных», што было скасавана Статутам ВКЛ 1588 года. Шляхціцы, якія валодалі маёнткамі ў розных паветах, маглі прысутнічаць на любым з павятовых соймікаў, дзе мелі зямельную ўласнасць. На перадсоймавым сойміку павятовая шляхта павінна была заслухаць пасла (легата) вялікага князя аб скліканні сойма і пытаннях, якія выносіліся на яго абмеркаванне, выбраць 2 паслоў і скласці для іх інструкцыю. Паводле Статута ВКЛ 1588 года пасля соймаў, але не пазней як праз 4 тыдні, павінны былі збірацца пасоймавыя, або рэляцыйныя соймікі. Па прыездзе з сойма паслы папярэджвалі ваяводу або павятовага судовага старасту пра сваё вяртанне, тыя або іх намеснікі апавяшчалі павятовую шляхту пра час склікання сойміка. На гэтых сойміках паслы паведамлялі пра сваю дзейнасць на сойме і апавяшчалі соймавыя ўхвалы. З канца 16 ст. рэляцыйныя соймікі прымалі ўхвалы па рэалізацыі соймавых канстытуцый, а таксама па справах, якія на соймах перадаваліся на вырашэнне «панов-брати» (пра згоду на падатковыя соймавыя ўхвалы, пра выбранне павятовых паборцаў і інш.).

Акрамя соймікаў, якія фармальна склікаліся гаспадаром, былі з’езды ці сходы, што збіраліся па ўласным жаданні павятовай шляхты. Надзвычайныя шляхецкія з’езды часоў міжкаралеўя ўпершыню ў ВКЛ пасля смерці Жыгімонта ІІ Аўгуста ў канцы 1572 - пачатку 1573 г. Пазней падобныя соймікі, якім фактычна і юрыдычна належала ўлада да выбрання новага манарха, атрымалі назву каптуровых. Арганізаваныя на прынцыпах канфедэрацыі, яны стваралі канфедэратыўную ўладу і каптуровы суд. Закон і практыка прызнавалі значэнне сходаў павятовай шляхты ў час земскіх судовых рокаў і гродскіх рочкаў. Такія сходы маглі скончыцца прыняццем ухвал пра публічныя справы, часта ў форме процістаяння дзеянням адміністрацыі. Соймавыя канстытуцыі 1659 і 1717 гг. забаранілі склікаць соймікі без універсала манарха.

Дэпутацкія (трыбунальскія, грамнічныя) соймікі прадугледжваліся законам 1581 г. для выбрання галоўных суддзяў у склад Трыбунала Вялікага княства Літоўскага. Яны збіраліся самастойна штогод 2 лютага на свята Маці Божай Грамнічнай. Дэпутацкі соймік мог супадаць з перадсоймавым або элекцыйным, пазней з гаспадарчым соймікам.

На элекцыйных сойміках шляхта выбірала электаў (кандыдатаў) на пасады суддзі, падсудка і пісараземскага павятовага суда (з 1564—66 гг.), падкаморыя, харужага (з 1589 г.) і некаторыя іншыя ўрады. Вялікі князь быў абавязаны выдаць намінацыйны прывілей аднаму з выбраных на сойміку кандыдатаў. Прадугледжвалася авансаванне (прасоўванне) на элекцыйных сойміках земскага пісара або падсудка па пасаду суддзі і земскага пісара на падсудства. Канвакацыйны сойм 1764 г. скасаваў урад падсудка, павялічыўшы колькасць земскіх суддзяў да 4-х, якіх выбіралі на сойміках большасцю галасоў. Пасля працяглай барацьбы шляхта атрымала права на выбранне кандыдатаў на ўрады павятовага харужага і падкаморыя, што было замацавана ў Статуце ВКЛ 1588 г. У 17 ст. павятовая шляхта атрымала права прадстаўляць манарху электаў і на вышэйшую пасаду ў павеце — павятовага маршалка (што прадугледжвалі соймавыя канстытуцыі 1631 і 1669 гг.), аднак на практыцы гэта адбывалася з канца 1680-х г. Магчыма, у 17 ст. віленскі і трокскі соймікі выбіралі электаў на ўрады віленскага і трокскага цівуноў. Таксама на элекцыйных сойміках шляхта выбірала павятовых возных (з 1565 г.), якіх зацвярджаў ваявода і возных-генералаў (з 1588 г.), якіх прызначаў на ўрад вялікі князь. У асобных землях ВКЛ, у адпаведнасці з ранейшымі прывілеямі, на сойміках выбіралі і сенатараў — ваявод полацкага і віцебскага, а таксама старасту жамойцкага.

Гаспадарчы соймік прымаў ухвалы па справах павета, размеркаванні падаткаў, ухваленых соймам, выбіраў падатковых паборцаў і кантраляваў іх дзейнасць, ухваляў ваяводскія падаткі, прымаў рашэнні пра выдаткі з ваяводства скарбу, ухваляў вярбоўку павятовых жаўнераў і вызначаў іх начальнікаў; з сярэдзіны 17 ст. выбіраў камісараў у Скарбовы трыбунал ВКЛ. На попісавых з’ездах адбываліся шляхецкія попісы войска.

Соймік як элемент сістэмы органаў дзяржаўнай улады (заканадаўчай, выканаўчай і судовай) меў падвойны характар, адначасова быў парламенцкім інстытутам дзяржавы і органам мясцовай улады і самакіравання. Шляхта бачыла у сойміках непасрэднае прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў і імкнулася пашырыць сферу іх дзейнасці і кампетэнцыю. Арганізацыйныя формы соймікаў, спосаб іх функцыянавання, прававыя стасункі да іншых дзяржаўных інстытутаў і розныя аспекты іх дзейнасці былі толькі часткова ўрэгуляваны нормамі пісанага права. Правядзенне рэформ соймікавага ладу пачалося ў перыяд праўлення Станіслава Аўгуста Панятоўскага [1764—1795], які злучыў барацьбу за сапраўдную рэалізацыю ўладных паўнамоцтваў караля з утварэннем уласнай партыі і імкненнем пазбавіць магнатаў іх кліентэлаў. На каранацыйным сойме 1764 г. прынята канстытуцыя, якая дакладна вызначыла парадак правядзення соймікавых пасяджэнняў. Тады ж было прынята рашэнне, што дэпутатам, паслом ці ўраднікам мог стаць толькі шляхціц, які дасягнуў поўных 23 гадоў. На падставе выдадзенага на сойме 1768 г. парадку саймікавання на павятовых сойміках маглі з’яўляцца толькі асобы, якія нарадзіліся ў ВКЛ, дасягнулі поўных 18 гадоў і мелі нерухомасць дзедзічную (спадчынную), застаўную, пажыццёвую ці на чыншавым праве, а таксама сыны і браты ўладальніка. Чатырохгадовы сойм 1788—1792 гг. прыняў 24.02.1791 закон «Соймікі», пазней аднесены Канстытуцыяй 3 мая 1791 г. да канстытуцыйных законаў. У адпаведнасці з ім голас на сойміках мелі толькі шляхціцы — уласнікі нерухомасці з 18 гадоў, а таксама застаўныя і пажыццёвыя ўладальнікі, калі яны плацілі падаткі вызначанай вышыні (больш за 100 злотых). Немаёмныя шляхціцы былі пазбаўлены права ўдзелу ў сойміках, бо яны «не маглі мець самастойнага голасу, а служылі толькі ў якасці інструменту панскіх інтрыг». Закон вызначыў, што соймікі будуць адбывацца штогод 14 лютага для выбараў дэпутатаў Трыбунала, раз у 2 гады 18 ліпеня — для выбараў паслоў на сойм і камісараў у парадкавыя цывільна-вайсковыя камісіі. На дэпутацкіх сойміках павінны былі разглядацца і гаспадарчыя справы. Элекцыі на ўрады павінны былі адбывацца на бліжэйшым сойміку, устаноўленым законам. Рэляцыйныя соймікі маглі склікацца ў выпадку, калі заканчэнне сесіі сойма аддзяляў ад бліжэйшага сойміка тэрмін, большы за 2 месяцы. Пасяджэннямі соймікаў з гэтага часу павінны былі кіраваць маршалак і асэсары, у ВКЛ дапускалася, што функцыі маршалка браў на сябе вышэйшы па пасадзе на сойміку ўраднік[1].

Глядзіце таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 Радаман, Андрэй. Соймік // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Кадэцкі корпус – Яцкевіч. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2006. C. 615–617.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Галубовіч, Віталь. Соймік Гарадзенскага павета ў XVI–XVII ст. // Гарадзенскі палімпсест 2009 : дзярж. ўстановы і палітычнае жыццё (XV–XX ст.) / рэд. А. Смаленчук, Н. Сліж. Гародня: [б.в.], 2009. С. 152–178. (Сер. : Гарадзен. б-ка).
  • Лаппо, Иван Иванович. Великое Княжество Литовское во второй половине XVI столетия : литовско-русский повет и его сеймик. Юрьев: Типогр. К. Маттисена, 1911.
  • Радаман, Андрэй. Віленскі земскі прывілей 1565 г. вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста / Падрыхтаваў да друку, уступны артыкул, каментарый А. Радаман // Беларускі гістарычны агляд. Т. 12, сш. 1–2 (22–23). Снежань 2005. C. 132–161.
  • Радаман, Андрэй. Соймік // Вялікае Княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 2 т. Т. 2. Кадэцкі корпус – Яцкевіч. / Рэдкал.: Г.П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. З.Э. Герасімовіч. – Мінск : БелЭн, 2006. C. 615–617.
  • Радаман, Андрэй. Кіраванне соймікавамі пасяджэннямі ў Вялікім Княстве Літоўскім, Рускім і Жамойцкім у другой палове XVI – пачатку XVII ст. // Весці Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя Максіма Танка. 2002. № 2 (32). С. 120–132.
  • Рахуба, Анджэй. Вялікае Княства Літоўскае ў парламенцкай сістэме Рэчы Паспалітай (1569–1763 гг.); пер. з пол. мовы М. Раманоўскі ; навук. рэд. Г. Сагановіч. Мінск : Медысонт, 2008. (Сер. : Б-ка часоп. «Беларус. гіст. агляд». Т. 16).
  • Konieczna, Diana. Ustrój i funkcjonowanie sejmiku brzeskolitewskiego w latach 1565–1763. Warszawa : Wydawnictwo DiG, 2013. 198 s.
  • Lulewicz, Henryk. Gniewów o unię ciąg dalszy. Stosunki polsko-litewskie w latach 1569–1588 / H. Lulewicz, Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk. Warszawa : Wydawnictwo Neriton, 2002.
  • Opaliński, Edward. Kultura polityczna szlachty polskiej w latach 1587—1652: System parlamentarny w społeczeństwie obywatelskim. Warszawa, 1995.
  • Rachuba, Andrzej. Wielkie Księstwo Litewskie w systemie parlamentarnym Rzeczypospolitej w latach 1569–1763. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 2002.
  • Rachuba, Andrzej. Miejsca obrad sejmików Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1569–1794 // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзяржаўнага кіравання Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV–XVIII ст. : матэрыялы Міжнар. навук. канф., Мінск – Наваградак, 23–24 лістап. 2007 г. / навук. рэд. С. Ф. Сокал, А. М. Янушкевіч. Мінск : БІП-С Плюс, 2008. С. 183–197.
  • Radaman, Andrej. Samorząd sejmikowy w powiatach województwa nowogródzkigo Wielkiego Księstwa Litewskiego w latach 1565–1632 / A. Radaman // Praktyka życia publicznego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVI–XVIII wieku / Komisja Lituanistyczna przy Komitecie Nauk Historycznych Polskiej Akademii Nauk, Instytut Historii Polskiej Akademii Nauk, Instytut Historyczny Uniwersytetu Warszawskiego,  Instytut Historii Prawa Uniwersytetu Warszawskiego [Materyały XVIII konferencji Komisji Lituanistycznej przy Komitecie Nauk Historycznych PAN w dniach 22–23 września 2009 roku] ; pod red. Urszuli Augustyniak i Andrzeja B. Zakrzewskiego. Warszawa : Neriton, 2010. S. 55–103.
  • Sobczak, Jacek. Zreformowane sejmiki litewskie 1792 r. wobec Konstytucji 3 Maja: (Sejmiki litewskie 1792 r. wobec Konstytucji 3 Maja) // Profesor Henryk Łowmiański: Życie i dzieło. Poznań, 1995.
  • Wisner, Henryk. Sejmiki litewskie w czasach Zygmunta III i Władysława IV: Konwokacja wileńska oraz sejmiki przedsejmowe i relacyjne // Miscellanea historico-archivistica. Warszawa, 1989. T. 3.
  • Zakrzewski, Andrzej B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego XVI—XVIII w.: Ustrój i funkcjonowanie: sejmik trocki. Warszawa, 2000.
  • Zakrzewski, Andrzej B. Kierowanie obradami sejmików Wielkiego Księstwa Litewskiego (XVI–XVIII wieku) / A. B. Zakrzewski // Studia z dziejów państwa i prawa polskiego. T. V : [Tom dedykowany prof. L. Łysiakowi] / red. nauk. J. Matuszewski, W. Uruszczak. – Łódź ; Kraków : Wydawnictwo Uniwersytetu Łódzkiego, 2000. S. 139–149.
  • Zakrzewski, Andrzej B. Król wobec sejmików i zjazdów Wielkiego Księstwa Litewskiego (XVI–XVIII wiek) / A. B. Zakrzewski // Парламенцкія структуры ўлады ў сістэме дзярж. кіравання Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай у XV–XVIII ст. : матэрыялы Міжнар. навук. канф., Мінск – Наваградак, 23–24 лістап. 2007 г. / навук. рэд. С. Ф. Сокал, А. М. Янушкевіч. Мінск : БІП-С Плюс, 2008. С. 96–109.
  • Zakrzewski, Andrzej B. Marszałek powiatowy Wielkiego Księstwa Litewskiego – marszałkiem sejmikowym (XVI–XVIII w.) / A. B. Zakrzewski // Parlament, prawo, ludzie : studia ofiarowana prof. J. Bardachowi w sześćdziesięciolecie pracy twórczej / red. nauk. S. Russocki, W. Sudnik [i in.]. Warszawa : Wydawnictwo Sejmowe, 1996. S. 356–361.
  • Zakrzewski, Andrzej B. Ograniczenie przez sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego monarszego prawa mianowania urzędników sądowych, XVII–XVIII w. // Lietuvos valstybė XII –XVIII a. : mokslinis leidinys : straipsnių rinkinys / red. kol. : Z. Kiaupa, A. Mickievičius, J. Sarcevičienė ; Lietuvos istorijos inst. Vilnius : LII Leidykla, 1997. P. 173–186.
  • Zakrzewski Andrzej B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego (połowa XVI—koniec XVII w.) // Parlamentaryzm w Polsce we współczesnej historiografii. Warszawa, 1995.
  • Zakrzewski Andrzej B. Sejmiki Wielkiego Księstwa Litewskiego epoki stanisławowskiej (do 1778 r.): Zmiany ustroju i funkcjonowaniu // Ziemie północne Rzeczypospolitej Polsko-Litewskiej w dobie rozbiorowej 1772—1815. Warszawa; Toruń, 1996.
  • Zielińska, Zofja. Mechanizm sejmikowy i klientela radziwiłłowska za Sasów // Przegląd Historyczny. 1971. Z. 3.