Буйная блакітніца, даўжыня пярэдняга крыла 17-21 мм. Верхняя бок крылаў блакітны з шырокай цёмнай аблямоўкай і белай махрой па краі, чорнай сярэдняй плямай у цэнтральнай ячэйцы пярэдняга крыла і шэрагам цёмных папярочных плям, якія часам могуць быць рэдукаваныя. У самкі больш шырокае зацямненне краю крыла і больш шэрае адценне асноўнага фону. Знізу крылы светла-шэра-бурыя з 2 дугападобна выгнутымі паралельнымі радамі дробных чорных кропак на светлым фоне. Некалькі такіх жа кропак размяшчаюцца ў прыкаранёвай частцы задняга крыла і падоўжаных — у цэнтры кожнага крыла.
Пашырана ва ўмераным поясе Еўразіі, у Беларусі від вядомы на Палессі.
Насяляе сырыя лугі, ўскраіны і паляны лісцевых лясоў з наяўнасцю кармавога субстрата вусеняў. Выбірае добра праграваныя ўчасткі. У пошуках нектару матылі могуць перамяшчацца ў больш сухія месцы паблізу.
На працягу года развіваецца ў адным пакаленні. Лёт доўжыцца з пачатку ліпеня да сярэдзіны жніўня. Матылі звычайна прытрымліваюцца ўчасткаў з крывасмокам — кармавой раслінай маладых вусеняў, у суквецці якога самкі адкладаюць яйкі. Пасля зімоўкі, пачынаючы з ІІІ ўзросту, вусені развіваюцца ў гнёздах некаторых відаў мурашак роду Myrmica, дзе харчуюцца іх лічынкамі.
Від уключаны ў Чырвоны Спіс МСАП (катэгорыя — LR / nt, ver. 2.3, 1994), у Чырвоныя кнігі Еўрапейскіх дзённых матылёў (SPEC 3, катэгорыя — VU), Беларусі, Маскоўскай вобласці Расіі, Латвіі і Літвы, у дадатак II Бернскай канвенцыі.