Тэрарыстычны акт у Кізляры
Тэракт у горадзе Кізля́р — напад баевікоў пад кіраўніцтвам Салмана Радуева на дагестанскі горад Кізляр 9 студзеня 1996 года. Падзея Першай чачэнскай вайны.
Падзеі
[правіць | правіць зыходнік]У канцы 1995 года Аслан Масхадаў, які камандаваў штабам баевікоў, загадаў разгарнуць больш актыўныя баявыя дзеянні. Аб’яднанаму атраду Атгерыева, Ісрапілава і Радуева (300-350 чалавек) было загадана атакаваць размяшчэнне частак федэральных сіл у Кізляры — верталётную базу і воінскую часць унутраных войск.
Атака, распачатая раніцай 9 студзеня 1996 года і пацярпела няўдачу — сілавікам удалося адбіць напад. І тады тэрарысты пачалі дзейнічаць па «запасным варыянце» — была захоплена гарадская лякарня, у якую сталі зганяць мясцовых жыхароў (каля 3000 чалавек), каб яны сталі закладнікамі. Тэрарысты запатрабавалі бесперашкодна выпусціць іх на тэрыторыю Чачні, якую не кантралявалі федэральныя сілы.
З тэрарыстамі ўступілі ў перамовы ўлады Дагестана — 10 студзеня раніцай тэрарысты вызвалілі большую частку закладнікаў, астатніх Радуеў абяцаў адпусціць на чачэна-дагестанскай мяжы. Баевікам падалі аўтобусы і машыны для ад’езду ў Чачню і дадзены гарантыі бяспекі на час руху калоны па дагестанскай тэрыторыі.
Калі баевікі і закладнікі дабраліся да адміністрацыйнай мяжы ў раёне населенага пункта Першамайскае на шляху калоны быў нанесены папераджальны агнявы ўдар — тэрарыстам далі зразумець, што проста так і іх не выпусцяць. Тады тэрарысты адышлі ў сяло Першамайскае і занялі там абарону.
Перамовы працягваліся пяць дзён. Удалося дабіцца вызвалення ўсіх жанчын і дзяцей. За гэты час баевікі змаглі пабудаваць абарончыя ўмацаванні. Закладнікаў прымушалі капаць акопы, частку з іх, нягледзячы на халодныя ночы, спецыяльна пакінулі ў аўтобусах, каб прадухіліць абстрэлы пазіцый тэрарыстаў.
14 студзеня бандыты, ад якіх чакалі капітуляцыі, расстралялі двух старэйшын і шэсць раней захопленых міліцыянтаў. 15 студзеня пачалася аперацыя па знішчэнні Радуева і вызваленні заложнікаў. Агнявая падрыхтоўка праводзілася сіламі зборнай групоўкі спецпадраздзяленняў «Альфа», «Віцязь», «Русь», «Вега» (былы «Вымпел») і інш.
На працягу 15—17 студзеня падраздзяленні ФСБ і МУС штурмавалі сяло Першамайскае, але прарваць лінію абароны баевікоў не змаглі. Толькі 18 студзеня а 15 гадзіне федэральныя сілы авалодалі Першамайскім. Было вызвалена каля 90 заложнікаў.
Агульныя страты вайскоўцаў, супрацоўнікаў МУС і мірных жыхароў падчас рэйду Радуева склалі 78 чалавек забітымі, яшчэ некалькі сотняў атрымалі раненні. Бандыты агульна страцілі забітымі 153 чалавекі, яшчэ 30 патрапілі ў палон.
Але ўсё роўна гэта быў правал — Радуеў з рэшткамі свайго атрада змог адысці. Дзяржаўная Дума амніставала тых тэрарыстаў, хто выжыў, пасля чаго іх абмянялі на міліцыянтаў, якія заставаліся ў палоне[1][2].