Усход (антарктычная станцыя)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станцыя Усход

Усход (руск.: Восток) — расійская антарктычная станцыя ва Усходняй Антарктыдзе на Зямлі Прынцэсы Елізаветы. Знаходзіцца ў адным з самых суровых месцаў планеты на вышыні 3500 м над узроўнем мора, адначасова на Полюсе холаду і адным з Полюсаў недасяжнасці. Да асноўных лімітуючых фактараў адносяцца тэмпература і амаль нулявая вільготнасць паветра, недахоп кіслароду. Менавіта на станцыі Усход 21 ліпеня 1983 года была зафіксавана самая нізкая на Зямлі тэмпература — −89,2 °C. Назву атрымала ў гонар судна «Усход», якім камандаваў Ф. Ф. Белінсгаузен, — флагмана Расійскай Імператарскай Антарктычнай экспедыцыі. Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў — вывучэнне ледавіковага шчыта, падлёднага возера Усход пад ім, а таксама магнітасферы Зямлі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Да сярэдзіны 1950-х у глыбіні Антарктыды не мелася сталых навуковых базаў. Станцыя Усход была ўзведзена савецкімі палярнікамі 16 снежня 1957 годзе падчас Міжнароднага геафізічнага года  (англ.). З таго часу станцыя не спыняе сваёй працы больш за 60 гадоў, за выняткам лютага — лістапада 1994.

Геаграфічнае становішча[правіць | правіць зыходнік]

Адна з першых палярных станцый у глыбіні мацерыка і адна з самых ізаляваных палярных станцый. Самая паўднёвая круглагадовая станцыя пасля амерыканскай Амундсен-Скот. Станцыя знаходзіцца на высокім Антарктычным плато на вышыні 3489 м над узроўнем мора ў 1300 км ад Паўднёвага геаграфічнага полюса. Сувязь са знешнім светам ажыццяўляецца паветраным транспартам праз станцыю Мірны.

Прыродныя ўмовы[правіць | правіць зыходнік]

Савецкія і амерыканскія навукоўцы з лядовымі кернамі, 1 студзеня 1990

На станцыі палярны дзень і палярная ноч доўжацца па 4 месяцы. У плане пораў году палярны дзень тут супадае з «летам», у снежні-студзені сярэдняя тэмпература складае каля −27 °C (абсалютны максімум — −14 °C). Цягам 4 месяцаў палярнай ночы-зімы сярэднія тэмпературы складаюць −61 — −64 °C. Абсалютны мінімум −89,2 °C, зафіксаваны на станцыі 21 ліпеня 1983 года, дае ёй права звацца Полюсам холаду Зямлі[1]. У 1974 годзе брытанскія навукоўцы праводзілі паветраную радарную здымку і выявілі пад ледавіковым шчытом вялізную вадкую масу, аднак існаванне падлёднага возера было даказана толькі ў 1991, а ў 1996 расійскія і брытанскія навукоўцы акрэслілі ягоныя межы.

Чалавек на станцыі[правіць | правіць зыходнік]

Насельніцтва станцыі, як правіла, складае 25 чалавек летам і 13 — зімой. Геаграфічнае становішча станцыі робіць яе найбольш зручным месцам для даследавання змяненняў стану магнітасферы. Іншыя напрамкі даследаванняў: актынаметрыя, кліматалогія, гляцыялогія, медыцына. Цяжкасці, з якімі прырода накідваецца на чалавека на Усходзе, апісаны палярнікам Уладзімірам Саніным у кнігах «72 °C ніжэй за нуль» і «Пачатковец у Антарктыдзе».

Побач са станцыяй размешчаны два гістарычныя манументы, што адлюстроўваюць мінулае палярных даследаванняў: гэта «ўдзельнік» экспедыцыі 1957 года трактар АТТ 11 і свідравальны комплекс прафесара Кудрашова.

Зноскі