Хімічная крыніца святла
Хімічная крыніца святла або хемілюмінесцэнтная крыніца святла — аўтаномная крыніца святла кароткачасовага дзеяння. Часцей за ўсе ўяўляе сабой празрыстую гнуткую пластыкавую трубку, запоўненую растворам люмінафора. Унутры змешчана шкляная капсула з рэчывам-актыватарам. Пры згінанні пластыкавай трубкі шкляная капсула пераломваецца («актывацыя»), актыватар змешваецца з люмінафорам, і пачынаецца хімічная рэакцыя, якая суправаджаецца выдзяленнем святла (эфект хемілюмінесцэнцыі). Часта выкарыстоўваецца каталітычная рэакцыя некаторых эфіраў шчаўевай кіслаты з перакісам вадароду ў прысутнасці люмінафора. У залежнасці ад хімічнай прыроды выкарыстанага люмінафора крыніца можа выпраменьваць святло розных колераў — ад зяленага да аранжавага. Звычайна бытавыя хімічныя крыніцы святла забяспечваюць узровень асвятлення каля 100 люкс адразу пасля актывавання, праз 10-15 хвілін працы ўзровень зніжаецца да 20-40 люкс.
Святло, якое выдзяляе хімічная крыніца, нельга ўключыць ці выключыць па жаданню, выкарыстаць такое прыстасаванне можна толькі адзін раз. Пасля выкарыстання адпрацаваная крыніца павінна ўтылізавацца, бо вадкасці, якія змяшчаюцца ў некаторых з іх, могуць выклікаць апёкі і раздражненне, калі трапяць на скуру[1].
Выкарыстанне
[правіць | правіць зыходнік]Хімічныя крыніцы святла выкарыстоўваюцца як крыніцы святла ў дайвінгу, турызме, спелеалогіі, як аварыйныя маякі для марскога транспарту, для асвятлення тунэляў, пры аварыйна-выратавальных работах і ліквідацыі надзвычайных сітуацый. Хімічныя крыніцы святла недарагія, пажарабяспечныя і воданепранікальныя, не баяцца высокага ціску і могуць захоўвацца на працягу доўгага часу.
Зноскі
[правіць | правіць зыходнік]- ↑ Survey and health assessment of glow sticks. Survey of chemical substances in consumer products No. 122. — Copenhagen: Danish Environmental Protection Agency, 2013. — 66 с. — ISBN 978-87-93026-41-4.