Даўжыня цела жывёліны да 53 см. Хвост вельмі кароткі. Цела зверху ўкрыта калючкамі, жоўтымі каля асновы і чорнымі ўверсе. Галава з доўгай цыліндрычнай «дзюбай», прамой ці крыху выгнутай уверх. Язык чэрвепадобны, даўжынёй да 25 см. У самак на перыяд размнажэння ўтвараецца вывадковая сумка з двума млечнымі залозістымі палямі, у якой выношваецца дзіцяня, што вылупліваецца з яйца.
Жывуць яхідны ў лясах і камяністых кустовых стэпах. Кормяцца беспазваночнымі.