Аўстралія (кантынент)
Аўстра́лія (ад лац.: australis — «паўднёвы») — самы маленькі мацярык Зямлі, плошча 7,7 млн км². Увесь мацярык займае адна краіна — Аўстралійскі Саюз.
Этымалогія
[правіць | правіць зыходнік]Назва «Аўстралія» (англ.: Australia, [əˈstɹæɪljə, -liə] у аўстралійскай англійскай мове[1] паходзіць ад лац.: austrālis («паўднёвы»). Легенды пра Невядомую Паўднёвую зямлю (лац.: Terra Australis Incognita) — «невядомай зямлі на поўдні» — усходзяць да часоў рымскай імперыі. Першыя два стагоддзі пасля адкрыцця новы мацярык насіў назву «Новая Галандыя». Назва «Australia» стала папулярнай пасля публікацыі ў 1814 годзе «Падарожжа ў Terra Australis» капітала Мэцью Фліндэрса, які лічыў такую форму лагічнай, мілагучнай і дапасавальнай да астатніх мацерыкоў. У 1817 годзе Лаклан Макуоры рэкамендаваў Міністэрству па справах калоній Брытанскай імперыі афіцыйна прыняць назву «Аўстралія» [2]. У 1824 годзе Брытанскае адміралцейства канчаткова зацвердзіла гэтую назву кантынента[3].
Геаграфічнае становішча
[правіць | правіць зыходнік]Мацярык Аўстралія размешчаны ў цэнтры так званага акіянічнага паўшар’я Зямлі, цалкам ляжыць у Паўднёвым і ва Усходнім паўшар’ях. Паўднёвы тропік перасякае Аўстралію амаль пасярэдзіне. Гэта адасоблены мацярык, аддалены ад іншых кантынентаў. Абрысы яго простыя, берагі парэзаныя слаба, вылучаюцца залівы (Вялікі Аўстралійскі і Карпентарыя), паўвостраў Кейп-Ёрк; самы вялікі востраў — Тасманія. Ля паўночна-ўсходніх берагоў працягнуўся Вялікі Бар'ерны рыф.
Крайняя ўсходняя кропка Аўстраліі — мыс Байрана (28°38′15″ пд. ш. 153°38′14″ у. д.HGЯO), заходняя — мыс Стып-Пойнт (26°09′05″ пд. ш. 113°09′18″ у. д.HGЯO), паўночная — мыс Ёрк (10°41′21″ пд. ш. 142°31′50″ у. д.HGЯO), паўднёвая — мыс Саўт-Пойнт (39°08′20″ пд. ш. 146°22′26″ у. д.HGЯO) (калі разглядаць востраў Тасманія за частку кантынента, то мыс Саўт-Іст-Кейп 43°38′40″ пд. ш. 146°49′30″ у. д.HGЯO).[4]
Адкрыццё і даследванні
[правіць | правіць зыходнік]Пасля Магеланава падарожжа вакол свету (1519—1522) асноўным аб’ектам геаграфічных пошукаў стала Невядомая Паўднёвая зямля, у існаванні якой усе былі перакананы. У яе пошуках ў 1606 іспанская экспедыцыя Педра Кіраса адкрыла астравы Піткерн і Новыя Гебрыды і прайшла пралівам паміж Аўстраліяй і Новай Гвінеяй, які сёння носіць імя Луіса Торэса, капітана «Сан-Педра» — аднаго з трох караблёў экспедыцыі. Торэс другім з еўрапейцаў убачыў узбярэжжа Аўстраліі — паўвостраў, які англічане праз два стагоддзі назавуць Кейп-Йоркам.
У тым жа 1606 за два месяцы да Торэса на заходні бераг таго ж самага паўвострава, там, дзе сёння знаходзіцца невялічкі горад Уэйпа, высадзіўся галандскі мараплавец Вілем Янсзан. У 1642 яшчэ адзін галандзец — Абель Тасман — абплыў Аўстралію і адкрыў Тасманію ды Новую Зеландыю. Аднак шлях яго пралягаў далёка ад берагоў мацерыка і на карту Тасман нанёс толькі паўночна-заходні бераг падчас другога падарожжа ў 1644.
23 красавіка 1770 англійскі капітан Джэймс Кук адкрыў востраў Браш і першым з еўрапейцаў увайшоў у кантакт з аўстралійскімі абарыгенамі. Далей Кук прайшоў уздоўж усходняга ўзбярэжжа мацерыка і нанёс яго на карту, пасля павярнуў на захад і «пераадкрыў» Торэсаў праліў.
Будова паверхні
[правіць | правіць зыходнік]Аўстралія — самы плоскі з мацерыкоў, у рэльефе пераважаюць раўніны. Сярэдняя вышыня кантынента — 215 м. Найвышэйшы пункт — гара Касцюшка (2228 м) знаходзіцца ў Аўстралійскіх Альпах (паўднёвая частка Вялікага Водораздельного хрыбта).
Сучасны рэльеф Аўстраліі сфармаваўся на старажытнай Аўстралійскай платформе — частцы старажытнага мацерыка Гандваны. Паводле рэльефу Аўстарлійскі мацярык можна падзяліць на тры часткі. Заходняя частка платформы прыпаднятая, тут крышталічны падмурак месцамі выходзіць на паверхню, утворачы шчыты. Тэктанічныя рухі стварылі адроджаныя глыбовыя горы, а доўгія працэсы выветрывання прывялі да ўтварэння мудрагелістай форм астанцоў, такіх як знакамітая чырвоная гара Улуру. Цэнтральная нізіна пакрытая тоўшчай асадкавых парод, вышыні яе не перавышаюць 100 м, а месцамі яна ляжыць ніжэй узроўня акіяна. На ўсходзе размешчаныя горы, якія далучыліся да платформы ў палеазоі. Яны былі моцна разбураныя, раздзеленыя рачнымі далінамі, а ў эпоху альпійскай складкаватасці апынуліся прыпаднятымі і пабітымі разломамі на асобныя масівы.
Ад іншых мацерыкоў Аўстралія адрозніваецца адсутнасцю дзеючых вулканаў, і моцныя землятрусы тут таксама не здараюцца.
Аўстралія багатая карыснымі выкапнямі, сярод якіх рудныя пераважаюць над неруднымі. Да магматычных парод адносяцца радовішчы жалезных руд і руд каляровых металаў (свінцу, цынку, тытану, медзі, урану і інш.), золата, волава, плаціны. З прадуктамі выветрывання крышталічных парод звязаныя радовішчы баксітаў і жалезных руд асадкавага паходжання. Асадкавым пародам абавязаныя радовішчы каменнага вугалю, паваранай солі, нафты і прыроднага газу.
Клімат
[правіць | правіць зыходнік]Клімат мацерыка вызначаецца размяшчэннем Аўстраліі зблізку экватара і паабапал тропіка, цыркуляцыяй паветраных мас, уплывам рэльефу, акіянічнымі плынямі і іншымі фактарамі. Тут пануе сухі трапічны клімат. Вялікая частка паверхні (3/4) мае недастатковае ўвільгатненне. На схілах гор усходняга ўзбярэжжа выпадаюць багатыя ападкі, якія прыносяцца паўднёва-ўсходнімі пасатамі.
Поўнач Аўстраліі размешчана ў субэкватарыяльным поясе, дзе выразна выяўленыя сухі і дажджлівы сезоны, абумоўленыя зменай паветраных мас. Вялікая частка мацерыка ляжыць у поясе панавання сухога трапічнага паветра. Поўдзень мацерыка размешчаны ў субтрапічным поясе, дзе вылучаюць тры кліматычныя вобласці, якія адрозніваюцца галоўным чынам колькасцю ападкаў і іх рэжымам. Востраў Тасманія амаль цалкам знаходзіцца ва ўмераным поясе, дзе пераважныя заходнія вятры, што прыносяць шмат ападкаў з акіяна.
Унутраныя воды
[правіць | правіць зыходнік]Рачная сетка на мацерыку развіта вельмі слаба. Сцёку ў акіян не мае амаль 60 % тэрыторыі. Вялікая частка рэк адносіцца да басейну Індыйскага акіяна. Кароткія, паўнаводныя, порожистые рэкі сцякаюць у Ціхі акіян з Вялікага Водораздельного хрыбта. Найбольшая рака Аўстраліі — Мурэй з прытокам Дарлінг. Для вялікай тэрыторыі характэрныя часовыя вадацёкі — крыкі. Жыўленне рэк дажджавое, а ў Аўстралійскіх Альпах — змешанае.
На мацерыку даволі шмат азёр, але амаль усе яны бяссцёкавыя, пакрытыя салянай скарынкай, запаўняюцца вадой толькі ў перыяд дажджоў.
Вялікія запасы падземных вод назапашаны ў 33 артэзіянскіх басейнах. Яны размешчаныя ў прагінах платформы і займаюць 1/3 тэрыторыі мацерыка. Найбуйнейшы з іх — Вялікі Артэзіянскі басейн. Вялікая частка падземных вод засоленая, што перашкаджае іх выкарыстанню ў гаспадарцы.
Арганічны свет
[правіць | правіць зыходнік]Аўстралія адрозніваецца ад іншых мацерыкоў своеасаблівасцю арганічнага свету. Прырода стварыла тут натуральны запаведнік, у якім захаваліся віды раслін і жывёл, блізкія тым, што засялялі Зямлю ў далёкім мінулым і ўжо зніклі на іншых мацерыках. Арганічны свет развіваўся ў Аўстраліі ізалявана, бо яна даўно аддзялілася ад іншых мацерыкоў.
Сярод раслін эндэмікі складаюць 75 %. Толькі ў Аўстраліі захаваліся млекакормячыя, што кладуць яйкі (качканос і яхідна); шматлікія сумчатыя (кенгуру, валабі, вамбаты, каала, сумчаты крот і інш.); багаты свет птушак (эму, казуар, райскія птушкі, какаду, лірахвосты і інш.).
Дзікая расліннасць Аўстраліі не падарыла чалавеку ні адной расліны, якая адыграла б прыкметную ролю ў земляробстве. У перыяд каланізацыі на мацярык з іншых кантынентаў былі завезеныя шматлікія віды раслін і жывёл.
Прыродныя зоны
[правіць | правіць зыходнік]У размяшчэнні прыродных зон на мацерыку выразна выяўлена шыротная занальнасць, якая на ўсходняй і заходняй ускраінах парушаецца з-за павелічэнні колькасці ападкаў.
Саваны і рэдкалессі адпавядаюць субэкватарыяльнаму кліматычнаму поясу. На чырвоных фералітных і чырвона-бурых глебах сярод травы растуць эўкаліпты, акацыі, казуарыны з бязлістымі ніткападобнымі галінамі, бутэлькавыя дрэвы. Ва ўсходняй частцы пояса ва ўмовах раўнамернага ўвільгатнення распаўсюджаныя вільготныя і пераменна-вільготныя трапічныя лясы, дзе сярод эўкаліптаў сустракаюцца пальмы, фікусы, дрэвападобная папараць. У гэтай зоне насяляюць кенгуру, вамбаты, сумчатыя мурашкаеды; па берагах вадаёмаў шмат птушак.
Трапічныя пустыні і паўупустыні — самая вялікая паводле плошчы зона. У пустынях растуць драбналістыя травы, сустракаюцца зараснікі сухіх хмызнякоў з нізкарослых калючых акацый, эўкаліптаў. Такія зараснікі называюць скрэбами. Прасторы пустыняў, пакрытыя цвёрдай травой спініфексом і хмызнякамі, выкарыстаюць пад пашы. У пустынях жывуць рыжыя кенгуру, яхідна, шмат паўзуноў.
На паўднёвым усходзе і паўднёвым захадзе мацерыка растуць субтрапічныя лясы, у якіх пераважаюць эўкаліпты, вечназялёны бук і інш.
Зноскі
- ↑ Australian pronunciations: Macquarie Dictionary, Fourth Edition (2005). Melbourne, The Macquarie Library Pty Ltd. ISBN 1-876429-14-3.
- ↑ Weekend Australian, 30—31 December 2000, p. 16.
- ↑ Department of Immigration and Citizenship (2007). Life in Australia (PDF). Commonwealth of Australia. p. 11. ISBN 978-1-921446-30-6. Архівавана з арыгінала (PDF) 17 кастрычніка 2009. Праверана 2010-03-30.
- ↑ Continental Extremities (англ.)(недаступная спасылка). Geoscience Australia. Архівавана з першакрыніцы 22 снежня 2008. Праверана 19 января 2009.