Іван Іванавіч Пашкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Іван Іванавіч Пашкевіч
Нараджэнне 11 мая 1955(1955-05-11) (68 гадоў)
Партыя
Адукацыя
Дзейнасць дзяржаўны дзеяч, палітык
Месца працы

Іван Іванавіч Пашкевіч (нар. 11 мая 1955, в. Бор-Дубінец, Столінскі раён, БССР) — беларускі дзяржаўны дзеяч, журналіст.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 11 мая 1955 года ў вёсцы Бор-Дубінец Брэсцкай вобласці ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Быў дзясятым дзіцём, з пяці гадоў пасля заўчаснай смерці маці яго выхоўвалі яе сёстры ў в. Беражное. Іван Пашкевіч скончыў ПТВ, працоўную дзейнасць пачаў у 1972 годзе слесарам-аўтарамонтнікам.

Пасля тэрміновай службы ў Савецкай арміі паступіў на факультэт журналiстыкi Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. В. Ламаносава. З 1981 года — на камсамольскай рабоце ў Мінску, займаў шэраг кіруючых пасад: інструктар ЦК ЛКСМБ, дырэктар выдавецтва ЦК ЛКСМБ.

У 1984—1986 гадах працаваў спецыяльным карэспандэнтам Галоўнай рэдакцыі інфармацыі для замежжа ТАСС-БЕЛТА. У 1986—1991 гадах — памочнік намесніка старшыні Дзяржаграпрама БССР. У 1992—1994 гадах — прэс-аташэ, рэдактар інфармацыйнага весніка Савета глаў дзяржаў і Савета глаў урадаў СНД «Содружество». У 1993 годзе праслухаў вучэбны курс па пытаннях дыпламатычнай службы Міжнароднага цэнтра вышэйшай дзелавой адміністрацыі пры Дыпламатычнай акадэміі Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі.

У 1994—1997 гадах — дырэктар прадстаўніцтва Міжнароднай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Рэспубліцы Беларусь. Адначасова — прэзідэнт Міжнароднага хрысціянскага фонду.

З 4 лютага 1997 года па 11 верасня 2000 года з’яўляўся намеснікам Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Курыраваў пытанні, звязаныя з фарміраваннем і рэалізацыяй дзяржаўнай ідэалогіі і інфармацыйнай палітыкі, каардынацыяй дзейнасці сярод СМІ, інфармацыйным забеспячэннем дзейнасці Адміністрацыі. Здзяйсняў агульнае кіраўніцтва дзейнасцю Галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі, прэс-службы Прэзідэнта, аддзела падрыхтоўкі выступленняў.

У 2006 годзе пераехаў на пастаяннае жыхарства ў ЗША. У г. Філадэльфіі (штат Пенсільванія) служыў дыяканам у евангельскай царкве, дзе большасць прыхаджан — выхадцы з Беларусі, працаваў галоўным рэдактарам рускамоўнай місіянерскай хрысціянскай газеты «Новое Слово». У 2009 годзе зацверджаны галоўным рэдактарам часопіса «Источник» — выдання славянскіх евангельскіх цэркваў.

Палітычная дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

У 1995—1996 гадах — дэпутат Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 13-га склікання, выбіраўся па Столінскай выбарчай акрузе. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь 1-га склікання (1996—2000), член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД; 2-га склікання (2000—2004), член Пастаяннай камісiі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі, член дэпутацкай групы «Рэспубліка».

Быў членам выканкама Сацыял-дэмакратычнай партыі народнай згоды.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Пашкевич Иван Иванович // Кто есть кто в Республике Беларусь. 2004. Минск : Энциклопедикс, 2004. С. 215—216.
  • Пашкевіч Іван Іванавіч // Памяць. Столінскі раён : гіст.-дакум. хроніка. Мінск, 2003. С. 512.
  • Кандыдаты ў дэпутаты : Васілюк Павел Пятровіч, Пашкевіч Іван Іванавіч, Сагановіч Яфім Пятровіч : [кароткія біяграфіі] // Навіны Палесся. Столін, 2000. 14 кастрычніка.
  • Пашкевіч, А. Справаздача аб рабоце дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу Рэспублікі Беларусь І. І. Пашкевіча / Аркадзь Пашкевіч // Навіны Палесся. Столін, 2000. 19 ліпеня.
  • О назначении И. И. Пашкевича заместителем Главы Администрации Президента Республики Беларусь : Указ Президента Республики Беларусь от 4 февраля 1997 г. № 124 // Збор дэкрэтаў, указаў Прэзідэнта і пастаноў Урада Рэспублікі Беларусь. 1997. № 4. С. 59.
  • Шыла, П. М. Зробім свой выбар : [пра кандыдата ў дэпутаты Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь І. І. Пашкевіча] / П. М. Шыла // Навіны Палесся. Столін, 1995. 9 снежня. С. 2.