Ангеліна Бароўка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ангеліна Бароўка
Нараджэнне мерк. 1931
Смерць 11 лістапада 1999(1999-11-11)

Ангеліна (Ліна) Бароўка (1931 (?) — 11 лістапада 1999) — дзяячка беларускага нацыянальнага супраціву, сябра і скарбнік пастаўскай групы беларускай моладзевай падпольнай паваеннай арганізацыі Саюз беларускіх патрыётаў (СБП). Мянушка «Таполя»[1].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася верагодна ў 1931 г. у Пастаўскім павеце Віленскага ваяводства (Польская Рэспубліка). У 19441945 паступіла ў педагагічнае вучылішча ў Паставах. Восенню 1945 г. увайшла ў падпольную арганізацыю «За Беларусь», якая вясной 1946 г. аб’ядналася з глыбоцкай арганізацыяй Саюз беларускіх патрыётаў. 25 сакавіка 1946 г. брала ўдзел ува ўрачыстай прысязе сяброў СБП, стала скарбнікам групы. Арганізацыя планавала пашырэнне беларускай культуры, сярод асноўных палажэнняў праграмы СПБ былі сапраўдная беларуская дзяржаўнасць і самастойнасць, дзяржаўнасць беларускай мовы, бела-чырвона-белы сцяг і герб Пагоня.

У лютым 1947 года савецкая ўлада пачала арышты сябраў СБП: у давер да сябраў пастаўскай групы ўвайшоў афіцэр МДБ Алег Стахоўскі, які выдаваў сябе за ўдзельніка антысавецкай арганізацыі і падштурхоўваў да тэрарызму, а сама канспірацыя арганізацыі была слабай. На судовым працэсе ў Мінску 20 чэрвеня 1947 г. атрымала 10 год пазбаўлення волі, нягледзячы на ўзрост у 16 гадоў. У савецкім прысудзе было напісана: «…варожа настроеная да савецкай улады, увосень 1945 уступіла ў падпольную арганізацыю СБП. Прыняла прысягу на вернасць беларускаму народу. Размнажала тэксты прысягі для тых, хто ўступаў у арганізацыю. Прадастаўляла кватэру для правядзення нелегальных зборышчаў і сама актыўна ўдзельнічала ў іх. Для канспірацыі практычнай дзейнасці мела мянушку Таполя. Захоўвала антысавецкую літаратуру. Разам з Асіненкам Мікалаем зрабіла сцяг для арганізацыі. Збірала сяброўскія ўнёскі з сяброў арганізацыі». Знойдзеная ў яе гэтак званая антысавецкая літаратура ўяўляла сабой граматыку беларускай мовы Браніслава Тарашкевіча.

Тэрмін адбывала ў дзіцячай калоніі Мінску, потым у лагеры ў Мардовіі. Была вызваленая датэрмінова, з прычыны асуджэння ў непаўналетнім узросце, але непасільная работа i лагерныя ўмовы ўжо падарвалі здароўе. Адчуваючы ціск з боку ўладаў у Беларусі, пераехала са сваёй маці ў Рыгу на пастаяннае месца жыхарства.

Памерла 11 лістапада 1999 г. у Рызе ў Латвіі.

Зноскі

  1. Біяграфія Ангеліны Бароўкі. Электронная энцыклапедыя.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Гарт. З успамінаў пра Саюз Беларускіх Патрыётаў. Мн., 1997. С. 71, 111—115, 126, 139, 165, 194, 252, 340.
  • Антысавецкія рухі ў Беларусі. 1944—1956. Даведнік, — Мінск, 1999. ISBN 985-6374-07-3.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]