Ангеран Картон

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Ангеран Картон
фр.: Enguerrand Quarton
Дата нараджэння 1411
Месца нараджэння
Дата смерці 1466[1][2][…]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці мастак, ілюмінатар рукапісаў
Мастацкі кірунак School of Avignon[d]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Ангеран Картон, або Ангеран Шарантон (фр. Enguerrand Quarton або Enguerrand Charonton; каля 1415, Лан, Францыя — каля 1466, Авіньён) — французскі мастак авіньёнскай школы.

Ангеран Картон нарадзіўся каля 1415 года на поўначы Францыі, у горадзе Лане; адукацыю атрымаў у 1425-30 гадах. Гістарычныя крыніцы захавалі некалькі імёнаў Картона. Яго пікардыйскім імем было Шарэтон або Шаррэцье (Charretier), аднак калі ён пераехаў у Праванс, імя было латынізавана, і гучала як Картон (Carton або Quarton). Мяркуючы па шматлікіх гатычных элементах яго мастацкага почырку, ён сфармаваўся пад уплывам стылю, які панаваў на поўначы Францыі. Велічнасцю сваіх кампазіцый, а таксама некаторымі сваімі выявамі ён абавязаны скульптуры гатычных храмаў. У гады фарміравання Картона ў Пікардыі быў моцным бургундскі мастацкі ўплыў, у фарміраванні мастака сыгралі ролю твора Яна ван Эйка, Рабера Кампена і Рагіра ван дэр Вэйдэна, якія ён, па-за сумневам, там бачыў. Дзякуючы натуралізму гэтых майстроў, засвоенаму мастаком, ён зрабіўся дастаткова «прагрэсіўным» для жывапісу сярэдзіны XV стагоддзя. У яго творах відаць увага да формаў прадметаў, характэрных рыс чалавечых асоб, пейзажу.

Манеры мастака ўласцівая пэўная рэзкасць з падкрэсленымі кантрастамі святлаценю і імкненнем да спрошчанасці форм. Гэтая манера пераклікаецца з творамі Даменіка Венецыяна, Паала Учэла і Андрэа дэль Кастаньё, але, верагодна, не звязаная з ёй непасрэдна, бо, мяркуючы па тым, што Картон ніколі не адлюстроўваў у сваіх творах італьянскіх пабудоў, прынята лічыць, што ён ніколі не быў у Італіі. Тым не менш, італьянскае мастацтва, якое квітнела ў Правансе яшчэ з часоў Сімоне Марціні і Матэа Джаваннэці, зрабіла на яго моцнае ўражанне. Шэраг сюжэтаў Картон запазычаў менавіта з яго. Некаторыя аналогіі з выяўленчым мастацтвам Тасканы ў творчасці мастака можна растлумачыць яго знаёмствам з карцінамі з калекцый фларэнтыйскіх купцоў, якія жылі ў Правансе. Акрамя таго, у Правансе Картон працаваў побач з іншым мастаком, які падобна яму прыехаў з поўначы, сфармаваўся пад уплывам мастацтва ван Эйка, і па ўсёй бачнасці быў родапачынальнікам правансальскай манеры «спрошчанасці формаў» сярэдзіны XV стагоддзя — Майстрам «Дабравешчання» з Экса (Бартэлемі. д’Эйк). Карціна «Дабравешчанне» гэтага майстра, якая згуляла важную ролю ў фармаванні авіньёнскай школы, была створана паміж 1443 і 1445 гадамі, гэта значыць у той жа час, калі Кардон жыў у Эксе. З архіўных крыніц вядома, што ўжо ў 1444 годзе ён жыў у Эксе, дзе напісаў алтарную карціну для царквы ў Тарасконе — св. Марту са святымі Лазарам і Магдалінай; у 1446 годзе знаходзіўся ў Арле, а з 1447 года ў Авіньёне, дзе жыў у доме на плошчы св. Пятра аж да 1466, калі яго імя згадваецца ў апошні раз. Авіньён у той час перастаў быць месцам знаходжання папскай курыі, аднак заставаўся буйным культурным і гандлёвым цэнтрам. Дата смерці мастака невядомая. У архівах захаваліся дадзеныя аб сямі яго кантрактах з рознымі заказчыкамі — дваранамі, багатымі гараджанамі, духавенствам. Гэтыя замовы датычыліся вялікіх алтароў з балдахінамі (1446—47, 1452—53, 1454, 1461, 1462—64 і 1466), а таксама адной харугвы для царкоўных працэсій (1457—58). З усіх гэтых работ да нашых дзён дайшлі толькі дзве, аднак на падставе стылістычнага аналізу мастаку прыпісваюць яшчэ два творы, аўтарства якіх дакументальна не пацверджана.

Зноскі

  1. Enguerrand Quarton // Athenaeum Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Enguerrand Quarton // Artnet — 1998. Праверана 9 кастрычніка 2017.