Ян ван Эйк
Ян ван Эйк (нідэрл.: Jan van Eyck, каля 1385 альбо 1390 — пахаваны 9 ліпеня 1441) — буйнейшы фламандскі жывапісец ранняга Адраджэння, аўтар шматлікіх (больш за 100) кампазіцый на рэлігійныя сюжэты.
Быў адным з першых мастакоў, якія дасканала засвоілі тэхніку жывапісу алейнымі фарбамі, замест адыходзячай старажытнай тэхнікі тэмперы.
Змест |
Біяграфічныя звесткі [правіць]
У 1422—24 працаваў над аздабленнем графскага замка ў г. Гаага, у 1425 прыдворны мастак бургундскага герцага Філіпа Добрага. Наведаў Іспанію, Партугалію, каля 1430 пасяліўся ў г. Бруге.
Творчасць [правіць]
Найбольш буйны твор — «Генцкі алтар» (знаходзіцца ў саборы св. Бавона ў г. Гент, распачаты яго братам Губертам у 1420-х г., завершаны ў 1432), які адкрывае новую эпоху ў нідэрландскім мастацтве, вылучаецца аб'ёмнасцю і пластычнай адчувальнасцю фігур, тонкай паэтычнасцю і майстэрствам у перадачы прасторы і святлопаветранага асяроддзя.[1]
Гэта вялікі паліптых з рухомымі драўлянымі бакавымі створкамі. У закрытым стане на яго знешняй паверхні можна бачыць трох'ярусную жывапісную кампазіцыю: унізе размешчаны выявы скульптур Іаана Евангеліста і Іаана Хрысціцеля, выкананыя ў манахромнай тэхніцы грызайль, па баках ад іх паказаны ўкленчаныя заказчыкі — Іадокус Вейда і Лізавета Бурлют. У другім ярусе выяўлена сцэна «Дабравешчанне», над якой знаходзяцца вобразы сівіл і прарокаў. Усе выявы на знешняй плоскасці паліптыха падпарадкаваны ідэі дабравешчання або прадказанню прышэсця ў свет Хрыста, што павінна папярэднічаць тэме збавення. Гэта стварае ў зачыненым алтары пачуццё радаснай недасказанасці і чакання. Урачыстасць сцэны «Дабравешчання» — эпізод, які адчыняе ўнутраныя часткі алтара, дзе сцвярджаецца ідэя збавення людскіх грахоў,узнікае пачуццё ўзвышанай і хвалюючай завершанасці. У час набажэнстваў, святаў алтар адкрываўся, тады ён станавіўся ўдвая большым і набываў новую ідэйную шматзначнасць. У цэнтры змешчана выява Бога-Айца, паабапал ад якога паказаны Маці Боская і Іаан Хрысціцель. Гэта дамінанта алтарнай кампазіцыі, ад якой паслядоўна разгортваюцца далейшыя сэнсавыя пабудовы. Устойлівасць асноўнай вертыкалі падкрэсліваецца бакавымі фігурамі, больш дынамічнымі па сваёй пластыцы, а таксама выявамі анёлаў, якія музіцыруюць. Такім чынам, ажыццяўляецца пераход ад узвышанага і аддаленага вобраза Бога да пачуццёва-рэальнага жыцця. Верхні рад алтара завяршаюць выявы Адама і Евы, над якімі знаходзяцца сцэны ахвяравання і забойства Авеля Каінам. Не высветленым сэнс гэтай іканаграфічнай праграмы, магчыма, першапачатковае размяшчэнне выяў было іншае. Ніжні ярус алтара вырашаны інакш. Пяць выяўленчых палёў, запоўненых сотнямі фігур, зліваюцца ў адзіную панараму, цэнтрам якой з'яўляецца кампазіцыя «Пакланення Агнцу» як увасабленне ахвяравальнай місіі Хрыста. Асноўны матыў развіваецца ў вобразах прарокаў, прабацькоў, апосталаў, пакутнікаў, святых, паломнікаў, якія рухаюцца да алтара, дзе знаходзіцца Боскае Ягня. Тут прадстаўлены іншы, чым у верхнім ярусе, аспект сакральнай рэальнасці, аднак абодва яны складаюць адзінства.
«Генцкі алтар» — адметны і паказальны твор. У перадачы перспектывы, у малюнку, у веданні анатоміі жывапіс братоў Эйк значна саступае творам італьянскіх мастакоў, аднак нідэрландскія майстры паказваюць свет з незвычайнай падрабязнасцю. Кожная выяўленая дэталь ператвараецца ў высокі прадмет мастацтва. У гэтай якасці выказаліся традыцыі нідэрландскай кніжнай мініяцюры, якая атрымала значнае развіццё ў часы сярэдневякоўя.[2]
Пасля смерці брата Губерта Ян ван Эйк працягвае самастойную работу. Ён піша алтарныя кампазіцыі, шматлікія выявы мадонн, партрэты.
«Мадонна канцлера Ролена» (каля 1436) — найбольш вядомы твор мастака. Галоўнага героя выявы аўтар паказвае перад Багародзіцай у выглядзе данатара (ад дарыцель — асоба, якая была заказчыкам мастацкага твора; данатара звычайна выяўлялі перад Хрыстом, Маці Боскай ці святымі ў малітоўнай позе). Але ў яго паставе, у выразе твару няма пакорлівасці верніка, набожнасці. У маўклівым псіхалагічным дыялогу паміж мадоннай і канцлерам за знешняй стрыманасцю апошняга адчуваецца актыўнасць характару, мэтанакіраванасць. Бясконцая панарама пейзажа, які адкрываецца праз арачныя пралёты, не складае з людзьмі гарманічнай еднасці, але выступае як важны самастойны вобраз. Невыпадкова Ролен паказаны на фоне жылых дамоў, а Марыя — цэркваў, а лініі размешчанага па цэнтральнай восі далёкага маста як бы ўстанаўліваюць сувязь паміж данатарам і благаслаўляючым жэстам рукі Хрыста.[3]
Тое, што было толькі акрэслена ў «Мадонне канцлера Ролена», «Партрэце пары Арнальфіні» (1434), у «Мадонне каноніка ван дэр Пале» (1436), набывае завершанае ўвасабленне. Мастак спрабуе пашырыць межы партрэта ў сакральнай выяве і ўключае прыёмы, тыповыя для бытавога жанру: падрабязнае і шматслоўнае апавяданне. Данатар, па сутнасці, з'яўляецца галоўнай дзеючай асобай кампазіцыі. Яго масіўная ўкленчаная фігура пануе ў карціне, да каноніка звяртаюцца Маці Боская і Святы Данат, якога прадстаўляе мадонне Святы Георгій — патрон заказчыка. Вобразы ўдзельнікаў сцэны набываюць матэрыяльную значнасць, яны не самапаглыбленыя, а ўступаюць у маўклівы дыялог са светам.[4]
Сярод іншых значных твораў мастака — трыпціх «Мадонна з дзіцем» (1437).
Яна ван Эйк адзін з першых у Еўропе майстроў партрэта, які ў яго творчасці вылучыўся ў самастойны жанр: «Цімафей» (1432), «Партрэт чалавека ў цюрбане» (1433), «Партрэт Дж. Арнальфіні з жонкай» (1434), «Партрэт жонкі Маргарэты ван Эйк» (1439). Партрэтным вобразам уласцівы непрадузята праўдзівая і дакладная перадача знешнасці чалавека і галоўных рыс яго характару.[5]
Адным з першых Яна ван Эйк засвоіў пластычныя і выразныя магчымасці алейнага жывапісу, выкарыстоўваў тонкія празрыстыя слаі фарбы, пакладзеныя адзін паверх аднаго — т.зв. фламандская манера шматслойнага празрыстага пісьма. Гэты жывапісны метад дазволіў яму дасягнуць выключнай глыбіні, багацця і святла сілы колеру, а таксама тонкасці святлоценявых і колеравых пераходаў. Яго жывапісныя адкрыцці значна паўплывалі на развіццё сусветнага жывапісу. Браты ван Эйк удасканалілі тэхніку і тэхналогію алейнага жывапісу, які пачалі выкарыстоўваць іншыя мастакі. Гэта дазваляла больш дакладна і рознабакова перадаваць з'явы навакольнага свету, разнастайнасць яго прадметнага багацця.
Галерэя [правіць]
-
Мадонна канцлера Ролена. Дрэва, 66 x 62 cm, 1435. Луўр, Парыж
Зноскі
Літаратура [правіць]
- Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
- Эйк // БЭ ў 18 т. Т. 18. Кн. І. / Рэдкал. Г.П.Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн, 2004. С.49. ISBN 985-11-0295-4
- Friedländer М. J., Die aitniederländische Malerei, Bd 1, B., 1924;
- Baldass L., Jan van Eyck, L., 1952;
- Panofsky E., Early Netherlandish painting. Its origins and character, v. 1—2, Camb. (Mass.), 1953.
Спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ян ван Эйк