Анджар

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Анджар
араб. عنجر‎‎
Краіна
Каардынаты
Першая згадка
Плошча
  • 20 км²
Вышыня цэнтра
950 м
Насельніцтва
  • 2 400 чал.
Афіцыйны сайт
Анджар на карце Лівана
Анджар (Ліван)
Анджар
Анджар (Ліван)
Анджар

Анджар (што азначае «цякучая рака»; араб. عنجر‎‎ / ALA-LC : 'Анжар; таксама вядомы як Хаўш Муса (араб. حوش موسى‎‎ / Ḥawsh Mūsá), горад у Ліване, размешчаны ў даліне Бекаа. Насельніцтва складае 2400 чалавек, амаль цалкам армяне. Агульная плошча складае каля дваццаці квадратных кіламетраў (7,7 квадратных міль). З 1984 года руіны паселішча Амейядаў Анджар прызнаны ЮНЕСКА аб'ектам Сусветнай спадчыны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Заснаванне горада звычайна прыпісваюць халіфу Амеядаў аль-Валіду I у пачатку VIII стагоддзя як горада-палаца. Сярод сірыйскіх графіці, знойдзеных у каменяломні, з якой быў здабыты лепшы камень, знойдзена дата 714 год. Ёсць візантыйскія і сірыйскія крыніцы, якія прыпісваюць заснаванне горада Амеядам, прычым адна сірыйская хроніка згадвае Валіда I па імені, а візантыйскі храніст Феафан Спавядальнік запісаў, што гэта быў сын Валіда, аль-Абас, які пачаў будаваць горад у 709-10 гг.

Месца для заснавання горада было абрана невыпадкова. Ён знаходзіцца амаль на роўнай адлегласці ад Дамаска, які ў той час быў сталіцай Амеядаў, і Берытуса (сучаснага Бейрута), бліжэйшага прыдатнага порта да Дамаска ўздоўж амаль суцэльнай берагавой лініі цэнтральнага Леванта. Без сумневу гэты порт меў стратэгічнае значэнне для Амеядаў у іх настойлівых спробах кінуць выклік візантыйскай марской перавазе - і сапраўды, толькі праз тры гады пасля заснавання Анджара арабы ажыццявілі амбіцыйную спробу захапіць Канстанцінопаль. Цалкам магчыма, што Анджар мог адыграць лагістычную ролю ў гэтай грандыёзнай аперацыі[1].

Перад заснаваннем палаца Амеядаў тут знаходзілася ранейшае пасяленне, пра што сведчыць і шырокае выкарыстанне рымскіх будаўнічых фрагментаў, а таксама адзін з будынкаў можна ідэнтыфікаваць як хрысціянскую базіліку[2].

У 750 годзе сын Валіда Ібрахім пасля кровапралітнай бітвы аддаў Анджар Абасідам. Новыя халіфы стараліся нічога не пакідаць, што нагадвала б пра існаванне іхніх папярэднікаў. Яны зрабілі ўсё каб горад прыйшоў у заняпад і пра яго забыліся.

Па сведчаннях Гіём Цірскага (XII стагоддзе) і Абу-ль-Фіды, у Анджары засталіся толькі руіны.

Сучасны Анджар быў заснаваны ў 1939 годзе генерал-ад'ютантам Тэр-Галусцянам для размяшчэння армян, якія пакінулі родныя вёскі ў прыморскім рэгіёне Муса-Даг, які адышоў да Турцыі. У гарадскім музеі Анджара да гэтага часу захоўваюцца асабістыя рэчы і вінтоўкі абаронцаў Муса-дага, у музеі таксама захоўваецца белы сцяг з чырвоным крыжом, дзякуючы якому абаронцаў заўважылі караблі французскага флоту.

Падчас грамадзянскай вайны сірыйская армія абрала Анджар адной з галоўных ваенных баз у даліне Бекаа і штаб-кватэрай сваіх разведвальных службаў.

Пасля грамадзянскай вайны Анджар пачаў эканамічна аднаўляцца. Многія яго жыхары імігравалі ў іншыя краіны, у асноўным у Еўропу, Канаду і ЗША. Тым не менш Анджар сёння з'яўляецца прыкладам для многіх іншых суб'ектаў рэгіёну з-за нізкага ўзроўню злачыннасці, зніжанага ўзроўню забруджвання паветра і ўзроўню жыцця. Падчас пандэміі COVID-19 у 2020 годзе вёска хутка ўвяла жорсткія меры і стала прыкладам для астатняй краіны. 

Сусветная спадчына ЮНЕСКА[правіць | правіць зыходнік]

Руіны палаца Амеядаў

Руіны горада Амеядаў займаюць 114 000 квадратных метраў і акружаны вялікімі ўмацаванымі каменнымі сценамі таўшчынёй больш за два метры і вышынёй сем метраў. Прамавугольны план горада 370 м на 310 м заснаваны на рымскім горадабудаўніцтве і архітэктуры з каменнай кладкай, запазычанай у візантыйцаў. Два вялікіх праспекты, Cardo Maximum, які ідзе з поўначы на поўдзень, і Decumanus Maximus, які ідзе з усходу на захад, дзеляць горад на чатыры квадранты. Два галоўных праспекты, упрыгожаныя каланадамі, перасякаюцца пад тэтрапілонам. Плінфы, валы і капітэлі тэтрапілонаў - споліі, якія паўторна выкарыстоўваліся ў перыяд Амtядаў. Меншыя вуліцы падзяляюць заходнюю палову горада на кварталы рознай велічыні. [3]

Асноўныя помнікі:

  • Часткова перабудаваны Вялікі палац, 59 м на 70 м, уключае сцяну і серыю аркад. Яго цэнтральны хош (двор) акружаны перыстылем .
  • Амаль квадратны Малы палац памерам 46 на 47 м вылучаецца шматлікімі фрагментамі арнаменту і багата ўпрыгожаным цэнтральным уваходам.
  • Паміж двума палацамі размешчана мячэць памерам 45 на 32 м.
  • Тэрмы, пабудаваныя па рымскаму ўзору.

Шматлікія фрагменты фрызаў з расліннымі, фігурнымі і геаметрычнымі матывамі сведчаць аб некалі багата дэкараваных будынках.

Дэмаграфія[правіць | правіць зыходнік]

Армянская царква ў Анджары

Большасць армян Анджара - армяне-апосталікі (праваслаўныя), якія належаць да Армянскай Апостальскай Царквы і Святога Прастола Кілікіі. Армянская апостальская царква святога Паўла - другая па велічыні армянская царква ў Ліване.

Армянская апостальская абшчына мае ўласную школу — сярэднюю школу імя Харача Калуста Гульбенкяна.

Эканоміка[правіць | правіць зыходнік]

Эканоміка Анджара ў асноўным заснавана на паслугах, з вельмі невялікай колькасцю сельскагаспадарчай і прамысловай дзейнасці. Найбуйнейшым прыватным працадаўцам з'яўляецца кампанія "Шамс" (літаральна "Сонца"), мясцовы сямейны бізнес, які пачынаўся як невялікі рэстаран на галоўнай вуліцы вёскі ў 1960-х гадах. Сёння кампанія мае мноства аб'ектаў на тэрыторыі Анджара і яго ваколіц, у тым ліку гатэлі, курорты, аўтазаправачныя станцыі, боўлінг і г.д.

Анджарскія сады забяспечваюць адносна невялікую, але важную крыніцу даходу для мясцовых жыхароў, кожная сям'я атрымлівае невялікі ўчастак зямлі для сельскай гаспадаркі або іншых мэтаў.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Hillenbrand Robert, 'Anjar and Early Islamic Urbanism', in The Idea and Ideal of the Town Between Late Antiquity and the Early Middle Ages, ed. G. P. Brogiolo and B. Ward-Perkins (Leiden, 1999), 59-98
  2. Aila Santi. ʿAnjar in the shadow of the church? New insights on an Umayyad urban experiment in the Biqāʿ Valley // Levant The Journal of the Council for British Research in the Levant. 2018. 50:2, 267-280.
  3. The archaeological site of Anjar