Буякоўская сядзіба

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Славутасць
Буякоўская сядзіба
52°08′47″ пн. ш. 23°55′07″ у. д.HGЯO
Краіна
Месцазнаходжанне
Map

Буякоўская сядзіба — колішняя сядзіба ў в. Буякі Брэсцкага раёна.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Старадаўні маёнтак роду Юзафовічаў, Сапегаў, Тышкевічаў, Шуйскіх і іншых гаспадароў. Паводле пісьмовых крыніц, у XVI—XVII стст. фальварак меў назву Бенякі. Размяшчалася сядзіба побач з в. Буякі, за 2 км на поўнач ад в. Хабы. Разам з маёнткамі Навасады, Булькова, Шэбрын, Пугачова і інш. фальварак Буякі ўваходзіў у Берасцейскае войтаўства[1].

Паводле даследавання Аліны Ваўжынчык[pl], фальварак Буякі вядомы з 1510 г. Ён разам з Вістычамі і Курніцай належаў роду Абрамовічаў — Юзафовічаў. Вядома таксама, што ў 1512 г. маёнтак Буякі разам з Курніцай, Скорбічамі, Збірагамі, Канюхамі, Блоткамі выкупіў Іван Сапега. У 2-й палове XVI ст. гаспадаром маёнтка стаў Юрый Тышкевіч, жанаты з Ганнай Львоўнай Катовіч. Акрамя Буякаў Юрый Тышкевіч набыў маёнткі Вістычы і Курніцу, што пацвярджаецца лістом Юрыя Васілевіча, ваяводы берасцейскага, які быў напісаны ім у 1567 г. На працягу XVII—XIX стст. змянілася мноства гаспадароў маёнтка. Апошнім уладальнікам да 1939 г. тут быў Стэфан Райскі[1].

Пасля Другой сусветнай вайны парк быў знішчаны разам з домам і ўсімі гаспадарчымі пабудовамі. Захаваліся толькі сажалка і адзінкавыя дрэвы колішняга парку[1].

Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]

У 2-й палове XIX ст. у фальварку быў пабудаваны невялікі драўляны сядзібны дом. Будынак меў у плане форму прамавугольніка, пастаўлены на нізкім падмурку, па цэнтры вылучаны невялікім ганкам на драўляных слупах. Дом накрываў чатырохсхільны гонтавы дах. Акрамя сядзібнага дома тут існавалі свірны, стайня, лядоўня, пуня[1].

Разам з будаўніцтвам сядзібнага дома быў закладзены невялікі пейзажны парк плошчай каля 3 га, у асноўным з дрэў мясцовых парод. Уздоўж паўднёвага берага канала была высаджана ліпавая алея (захаваліся толькі адзінкавыя дрэвы). Ад сядзібы цераз канал быў перакінуты масток. На другім беразе канала быў насыпаны штучны капец вышынёй каля 5 м, на якім стаяла летняя альтанка. У паўночна-ўсходняй частцы парку захаваліся адзінкавыя дрэвы дуба. Насупраць галоўнага ўвахода ў дом размяшчаўся сонечны гадзіннік[1].

На захад ад сядзібы за дарогай на в. Вочкі меўся сад і дзве сажалкі для гадоўлі рыбы[1].

Зноскі

  1. а б в г д е Буякі // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Буякі // Замкі, палацы, паркі Берасцейшчыны Х — XX стагоддзяў (гісторыя, стан, перспектывы) / Л. М. Несцярчук. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — 336 с. — ISBN 985-6302-37-4.
  • Wawrzyńczyk А. Rozwój wielkiej własności na Podlasiu w XV i XVI wieku. S. 97. ІЗІ. 157
  • Słownik geograficzny Warszawa. 1900. Т. 15. S. 268.