Быхаўская людвісарня

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Быхаўская людвісарня — гарматная ліцейная майстэрня ў Быхаве, якая існавала ў другой палове XVIXVIII стагоддзях.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Узнікла у той час, калі Быхавам валодалі магнаты Хадкевічы. Працавала на патрэбу абароны Быхаўскага замка. Адным з першых людвісараў, відаць, быў немец Кашпір Ганусаў, які ў 1555 годзе адліў «вогненую гармату» (у час Лівонскай вайны вывезена ў Маскву). У людвісарні высокакваліфікаваныя майстры выраблялі кулі, дробавыя гарматы — «шротаўніцы», гарматы калібрам ад 1 да 100 фунтаў, разнастайныя марціры — «мардзеры», шматствольныя ўстаноўкі — «арганы» і «шмыгаўніцы». Людвісарня рабіла таксама ядры, карцечы, артыл і ручныя гранаты, у тым ліку металічныя, драўляныя і шкляныя.

Зброя і металічныя даспехі, вырабленыя быхаўскімі замкавымі збройнікамі, карысталіся вялікім попытам на Беларусі і за яе межамі. Паводле звестак 1692 года, у цэйхгаузе Быхаўскага замка было 34 гарматы (шротаўніцы, палявыя марціры, шматствольныя «арганы» — 5 з іх выраблены ў замкавай людвісарні), 32 «свінні» волава, салетра, ядры, картузныя зарады для 3-, 4-, 6-, і 10-фунтавых гармат, артылерыйскія і ручныя гранаты (апошнія 3 тыпаў: жалезныя, драўляныя і шкляныя). Сярод іншай зброі — 1200 мушкетаў, 8 арганаў, 38 гакаўніц, старасвецкі аркебуз, 50 пар «блях гусарскіх», косы «проста насаджаныя», формы для адліўкі ядзер, жалезныя пікі, а таксама харугвы (баявыя сцягі).

У 1697 годзе быхаўскія людвісары немец Пятрок і яго памочнік Юрка былі запрошаны ў Магілёў, дзе адлівалі магістрату вялікую бронзавую гармату. Аплата была стабільная па 14 злотыя за 1 пуд. У сярэдзіне XVIII стагоддзя Быхаўская людвісарня адлівала і пераплаўляла старыя гарматы. Яшчэ ў 1912 годзе ў Быхаўскім замку і каля яго знаходзіліся 10 старадаўніх гармат мясцовай адліўкі.

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

На гербе Быхава, зацверджаным у 1781 годзе, выяўлены «у чырвоным полі дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы», «якіх у гэтым горадзе знаходзіцца шмат». На аснове гістарычнага герба ў 2001 годзе быў створаны герб Быхава і Быхаўскага раёна: на чырвоным полі "французскага", ці "рускага" шчыта — дзве скрыжаваныя чыгунныя гарматы "натуральнага" колеру[1]. Таксама ў памяць аб Быхаўскай людвісарні была выдадзена паштовая марка «Герб Быхава»[2].

Зноскі

  1. Сімволіка. Гербы краю(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2019. Праверана 17 жніўня 2019.
  2. Гiсторыя i сучаснасць (бел.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]