Бітва пад Ваплаўкен (1311)
Бітва пад Вапла́ўкен (польск.: Bitwa pod Wopławkami, ням.: Die Schlacht bei Woplauken, руск.: Битва пад Вопловками) — бітва, кая адбылася ў 1311 годзе паблізу вёскі Ваплаўкен (цяпер в. Ваплаўкі пад Кэнтшынам, Польшча) паміж войскам вялікага князя літоўскага Віценя і войскам Нямецкага ордэна.
Войска Віценя (4 тыс. чал.) вярталася з набегу на Прусію (Эрмінскую зямлю), дзе быў, між іншым, спалены Лідзбарк, вяло з сабою 1200 чалавек палону, і стала табарам каля Ваплаўкен. Там яго нагнала ордэнскае войска пад камандаваннем маршала ордэна Хайнрыха фон Плоцке (нямецкія хронікі паведамляюць, што немцаў было «ў 8 разоў меней», г.зн. каля 500 чал.). Бітва перамяшчалася ад табару да возера Муй, у яе ходзе шмат літоўцаў было пасечана, а рэшту загналі ў возера, дзе яны патанулі. У тым самым возеры, мяркуецца, былі патопленыя і нарабаваныя літоўцамі літургічныя прадметы. Аднак, каля 1000 літоўцаў удалося збегчы.
Нямецкія хронікі (Марцін Маўрыцый у «Хроніцы прускіх магістраў») паведамляюць, што Віцень быццам выхваляўся перад палоннымі хрысціянамі, што «іх бог ім не дапамагае». Тым большай была радасць як вызваленых, так і вызваліцеляў. Каля месца бітвы была пастаўленая капліца (заняпала і разбурылася ў часы Рэфармацыі). Вялікі магістр Карл фон Трэвір фундаваў, у гонар гэтай перамогі, кляштар бенедыктынак у Торуні.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Гагуа Р. Битва при Воплавках: крах антикрестовых походов великого князя литовского Витеня(недаступная спасылка) (Gagua Ruslan B. The Battle of Woplawki: the Fall of Anticrusaders Campaigns of Grand Duke of Lituania Vitenes) // Crusader, 2015, Vol.(1), Is. 1, pp. 23-38. (руск.)
- Сагановіч Г. Беларусь і Нямецкі ордэн (да Крэўскай уніі) // З глыбі вякоў. Наш край. Вып. 2. — Мн., 2002. ISBN 985-08-0515-3. С.123.
- Sobczak Andrzej. Bitwa pod Wopławkami Архівавана 28 верасня 2007. [2006] // [Urząd Gminy Kętrzyn] Gmina Kętrzyn. Ciekawostki gminne.