Віцень

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Віцень, гравюра з хронікі А. Гваньіні (1578)

Віцень (? — 1315/1316) — вялікі князь літоўскі (~1294-1315/1316).

Паводле «Chronicon Terrae Prussiae» Пятра з Дусбурга, Віцень быў сынам вялікага князя Будзівіда. Братам Віценя быў і Гедзімін, хоць некаторыя пазнейшыя крыніцы лічаць яго Віценевым сынам.

Першы раз узгадваецца ў 1291, калі Будзівід паслаў Віценя з вялікім войскам супраць палякаў да Брэста-Куяўскага. У 1294 Віцень ужо як вялікі князь ваяваў Ленчыцкую зямлю, у тым жа годзе Віцень задушыў паўстанне ў Жамойці, дзе жамойцкая знаць схілялася да саюзу з Тэўтонскім ордэнам. У 1295 напаў на Малую Польшчу.

Арганізоўваў адпор націску Ордэна на ВКЛ. Пад яго кіраўніцтвам адбыліся ваенныя паходы на тэрыторыю Тэўтонскага ордэна. Для барацьбы з крыжаносцамі на правым беразе Нёмана ён пабудаваў некалькі замкаў, у якіх стала знаходзіліся зменныя гарнізоны. На левым беразе Нёмана пабудаваў свае замкі Ордэн, тут часта адбываліся вайсковыя сутычкі. Скарыстаў супярэчнасці паміж лівонскімі рыцарамі і рыжскім арцыбіскупам і ў 1298 заключыў саюз з Рыгай і арцыбіскупам, што дало магчымасць адбіць наступ крыжаносцаў на Жамойць. Тады ж Віцень захапіў ордэнскі замак Каркгаўз.

Саюз ВКЛ з Рыгай дзейнічаў да канца панавання Віценя. Недзе ў той жа час дамову з Рыгай ад імя Полацкага княства заключыў полацкі епіскап Якаў, які зваў Віценя сваім сынам, што сведчыць, што ў часы Віценя паміж Полацкам і ВКЛ працягваліся стасункі якія пачаліся яшчэ пры Войшалку.

У 1300 Віцень ваяваў Добжыньскую зямлю, а ў 1306 каля Каліша. Яшчэ адзін паход на Польшчу адбыўся ў 1307. Ва ўнутранай палітыцы Віцень намагаўся ўмацаваць палітычнае адзінства ВКЛ. Сяліў на Гарадзеншчыне прусаў, якія ўцякалі ад немцаў з Прусіі. Паводле позняга Васкрасенскага летапісу, далучыў да ВКЛ тэрыторыю да Заходняга Буга, ў тым ліку Берасцейскую зямлю. Паводле Густынскага летапісу, Віцень прыняў дзяржаўны герб ВКЛ: «Витен нача княжити над Литвою, измысли себе герб и всему князству Литовскому печать: Рыцар збройны на коне з мечем, еже ныне наричут Погоня», але гэта наўрад ці цалкам адпавядае рэчаіснасці.

Пра абставіны смерці Віценя дакладных звестак не захавалася. Апошні раз згадваецца ў крыніцах у верасні 1315, калі кіраваў аблогай ордэнскага замка Хрыстмемель. Супярэчлівыя паведамленні пазнейшіх крыніц пра яго гібель у баі з крыжакамі або смерці ад патраплення маланкі.

[правіць] Літаратура

  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 4. — Мн., 1997.
  • Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995.
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 2. — Мн., 1994.
Асабістыя прылады
Прасторы імёнаў

Варыянты
Дзеянні
Навігацыя
Прылады
На іншых мовах