Валерый Маракоў
| Для гэтага артыкула не запоўнены шаблон-картка {{Пісьменнік}}.
Вы можаце дапамагчы праекту, дадаўшы яго.
|
Валерый Дзмітрыевіч МАРАКОЎ (14 (27) сакавіка 1909, мяст. Козырава Мінскага пав., цяпер у межах Мінска — 29 кастрычніка 1937, Мінск, НКУС; Псеўданімы: В.Армак (разам з А. Мардвілкам); В.Армар (з А. Мардвілкам); В. Бор; Крыптанімы: С. Ш., В. М. (з С. П. Шушкевічам)) — беларускі паэт, перакладчык.
[правіць] Біяграфія
Старэйшы сын Дз. Маракова, брат Л. і У. Мараковых. У час 1-й сусветнай вайны ў бежанстве ў Мцэнску (Расія) і Ромнах (Украіна). У 1924 скончыў 4-ю Мінскую сямігодку і да канца 1925 працаваў мулярам разам з бацькам. У снеж. 1925 па пастанове ЦБ юных піянераў і пры спрыянні А. Якімовіча прызначаны сакратаром рэдакцыі часопіса «Піянер Беларусі». Належаў да «другога прызыву» (1926) маладнякоўцаў, да якіх яго прывёў І. Барашка. У канцы 1926 пэўны час (па запрашэнні А. Звонака) жыў у Полацку, друкаваўся ў газеце «Чырвоная Полаччына». У 1927 паступіў у МБПТ, але пасля двух курсаў адкліканы з вучобы і прызначаны загадчыкам літаратурнага аддзела газета «Савецкая Беларусь», дзе працаваў з перапынкам да канца 1930. У 1931 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне МВПІ (скончыў у 1934). Адначасова працаваў у часопісе «Чырвоная Беларусь». Член СП БССР (з 1934). У пачатку 1935, спрабуючы пазбегнуць арышту, паехаў у мяст. Чэрнеўка Барысаўскага р-на. 1 сак. вярнуўся дадому. Праз 3 тыдні арыштаваны. Пасля 3 месяцаў знаходжання ва ўнутранай турме НКВД вызвалены. Паўторна арыштаваны 6.11.1936. Асуджаны пазасудовым органам НКВД 28.10.1937 як «член контррэвалюцыйнай нацыянал-фашысцкай арганізацыі» да ВМП з канфіскацыяй маёмасці. Расстраляны 29.10.1937 разам з 22 іншымі беларускімі літаратарамі. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 23.4.1957. Асабовая справа М. № 10234-с захоўваецца ў архіве КДБ Беларусі.
Дэбютаваў вершамі ў чэрвені ў 1925 (газеты «Чырвоная змена», «Малады араты» і інш.). Аўтар зборнікаў паэзіі «Пялёсткі» (1926), «На залатым пакосе» (1927), «Вяршыні жаданняў» (1930), «Права на зброю» (1933), «Лірыка» (1959), «Вяршыні жаданняў» (вершы і паэмы, 1989). Пераклаў на беларускую мову асобныя творы М. Галоднага, А. Новікава-Прыбоя, П. Тычыны.
У 1930-я М. Гарэцкі пісаў пра В. Маракова: «Маракоў вызначаецца лірычнасцю, эмацыйнай напружанасцю, гучальнасцю сваіх вершаў. У яго шмат пачуцця, ён любіць яскравыя фарбы і гучанне».
[правіць] Бібліяграфія
- На залатым пакосе: Вершы. Мн., 1927;
- Вяршыні жаданняў. Паэзія. Мн., 1930;
- Права на зброю: Вершы. Мн., 1933;
- Лірыка. Мн., 1959;
- Вяршыні жаданняў: Вершы, паэмы. Мн., 1989.;
- Рабінавая ноч: Выбранае. Вершы, паэмы, проза, публіцыстыка, крытыка, пераклады. Мн., 2003.
[правіць] Літаратура
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.3. Кн.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Рагойша В. Сердце, согретое грустью // Вопросы литературы. 1990. № 6;
- Пруднікаў П. Паэт эмоцый // Маладосць. 1998. № 3;
- Грахоўскі С. Растоптаныя пялёсткі // Голас Радзімы. 1998. 7 мая;
- Звонак А. З успамінаў аб В.Маракове // Першацвет. 1998. № 10-11;
- Маракоў Л. Валеры Маракоў: Лёс, хроніка, кантэкст. Мн., 1999.
- Маракоў Валер // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X
- Маракоў Валерый // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995.
