Вінцантова (геалагічнае агаленне)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Помнік прыроды
Агаленне «Вінцантова»
геалагічны помнік прыроды
54°21′54″ пн. ш. 27°15′17″ у. д.HGЯO
Краіна Сцяг Беларусі Беларусь
Месцазнаходжанне

Мінская вобласць Вілейскі раён

Казлы
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Агаленне «Вінцанто́ва»геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння. Размешчана ў вялікім рэкультаваным кар'еры за 1,5 км на захад ад цэнтра в.Казлы Вілейскага раёна.

Сутнасць[правіць | правіць зыходнік]

Гэта адзін з важнейшых новых апорных разрэзаў з унікальным агаленнем інтэрстадыяльных і межледавіковых азёрных адкладаў дняпроўскага позналедавікоўя і муравінскага межледавікоўя. Лінза прасочваецца ўздоўж сценкі кар'ера на 15—20 метраў. Тут у амаль 15–метровым разрэзе агаляецца пераслойванне рознакаляровых розназярністых пяскоў, салюфлюкцыйных пясчана-жвірова-галечна-валунных адкладаў і гумусаванага пяску з буйнымі рэшткамі раслін (нават галін дрэў) пад якімі выступае чырвона-буры марэны супесак. Магутнасць інтэрстадыяльных і межледавіковых азёрных адкладаў складае 0,4—0,8 м.

У гумусавых пясках захавалася выкапнёвая флора, характэрная для лоеўскага інтэрстадыялу і пачатку муравінскага межледавікоўя (14 відаў). З дрэвавых парод прысутнічаюць сасна, вярба, ядловец. Травяністая флора больш багатая і разнастайная, па яе складу можна сказаць пра існаванне тут у тыя часы водных і водна–балотных умоў. Сярод яе найбольш часта сустракаюцца рэшткі рдзеста плывучага, гарлачыка белага і жоўтага, хвасніка звычайнага, бабка трохлістага і плюшчая простага. Асаблівую цікавасць выклікае вялікая колькасць рэшткаў рдзеста, а таксама прысутнасць шышак сасны, што з'яўляецца даволі рэдкай з'явай у выкапнёвых флорах Беларусі.

У геамарфалагічных адносінах гэта месца прыстасавана да водападзельнай часткі канцова–марэнай грады Мінскага ўзвышша. Абсалютныя адзнакі паверхні грады — 200—205 м над узроўнем мора. Агаленне адкладаў выступае на паўднёвай сценцы кар'ера на вышыні каля 25 м ад яго днішча. Тэрыторыя грады вакол былога кар'ера занята лесам і верхавым балотам. Сценкі кар'ера часткова спланаваны і засаджаны бярозай і сасной.

Значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Крыніца пад агаленнем

Агаленне «Вінцантова» мае вялікае навуковае значэнне. Яно адлюстроўвае ўмовы залягання познадняпроўскіх і муравінскіх межледавіковых азёрных адкладаў, а таксама паазерскіх перыгляцыяльных адкладаў на краявых ледавіковых утварэннях цэнтральнай Беларусі, раскрывае геалагічную гісторыю развіцця азёрных катлавін і град Мінскага ўзвышша. Гэта агаленне пацвярджае тэрмакарставую перабудову рэльефа грады. Тэрмакарставая западзіна з возерам ва ўрочышчы Вінцантова і намнажэнні старажытных азёрных адкладаў утварыліся пры адступанні ледавіка прыкладна 130—110 тыс. гадоў таму і на пачатку муравінскага межледавікоўя.

Агаленне «Вінцантова» сведчыць пра тое, што нават у часы максімальнага распаўсюджвання паазерскага зледзянення, якое адбылося прыкладна 20—15 тыс. гадоў таму, ледавік не перакрываў гэтую тэрыторыю. Яно таксама каштоўнае для больш дэталёвага вывучэння палегеаграфічных умоў і гісторыя развіцця тут старажытнай расліннасці. Увагу прыцягваюць каляровыя кантрасты агалення, а таксама крыніца, што выцякае з-пад яго.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Памяць. Вілейскі раён. // — Мн.: БелТА., 2003. — 704 с. — (Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі.). — 3000 экз. — ISBN 985-6302-56-0

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]