Гадзюка звычайная

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гадзюка звычайная
Vipera berus (Marek Szczepanek).jpg
Навуковая класіфікацыя
Міжнародная навуковая назва

Vipera berus Linnaeus, 1758

Падвіды
  • Vipera berus berus (Linnaeus, 1758)
  • Vipera berus bosniensis Boettger, 1889
  • Vipera berus sachalinensis Zarevskij, 1917
Еўрапейскі арэал
выява
Ахоўны статус
Wikispecies-logo.svg
Сістэматыка
на Віківідах
Commons-logo.svg
Выявы
на ВікіСховішчы
ITIS   634988
NCBI   31155
EOL   289378

Гадзюка звычайная (Vipera berus; мясц. бел.: гадзіна, змяя) — ядавітая змяя сямейства гадзюкавых.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Даўжыня цела 35-62 см, разам з хвастом 42-72 см, самкі даўжэйшыя за самцоў, маса 30-180 г. Цела ў адрозненне ад іншых змей адносна кароткае і тоўстае, з кароткім хвастом. Колькасць лускавін вакол цела 19-21, брушных шчыткоў 131—162. Галава трохвугольнай формы, выразна адмежавана ад шыі і пакрыта дробнымі шчыткамі, а таксама трыма буйнымі — лобным і двума цемяннымі. Морда круглаватая, тупая. Ноздры прарэзаны пасярэдзіне насавых шчыткоў. Зрэнка вертыкальная (шчылінападобная). Зверху на галаве — своеасаблівы Х-падобны малюнак, ад вачэй да вугла рота цягнуцца цёмныя палоскі. На спіне зігзагападобны малюнак. Кончык хваста жаўтаваты або чырванавата-аранжавы. Для віду характэрна вялікая разнастайнасць варыянтаў афарбоўкі і малюнка галавы, спіны, бруха, хваста; пераважаюць шэрыя і карычневыя тоны з рознымі адценнямі (зеленаватым, блакітнаватым, чырванаватым), часам трапляюцца асобіны выключна чорнай афарбоўкі.

Яд гадзюкі выпрацоўваецца ў відазмененых слінных залозах, размешчаных у скроневай частцы галавы. Ядавітая залоза звязана пратокай з верхняй сківіцай, і яд паступае да зубоў. Ядавітыя зубы даўжынёй да 5 мм, трубчастыя і мацуюцца на верхнясківічнай косці; у стане спакою знаходзяцца ў складзеным становішчы (прыціснуты, канцы накіраваны назад), а пры ўкусе разам з адкрываннем пашчы высоўваюцца ўперад і ўстаюць вертыкальна.

Распаўсюджанне[правіць | правіць зыходнік]

Арэал гадзюкі звычайнай ахоплівае вялікую тэрыторыю лясной і часткова лесастэпавай зон ад Вялікабрытаніі да Сахаліна. Жыве за Палярным кругам (на поўначы Скандынаўскага паўвострава, у Мурманскай вобласці Расіі). У Сібіры паўночная мяжа арэала даходзіць да Якуцка, паўднёвая дасягае прыкладна 40° пн.ш., дзе лесастэпавыя раёны змяняюцца стэпавымі. Адзіны від ядавітых змей, які пашыраны ў Беларусі; сустракаецца па ўсёй тэрыторыі. Гадзюкі аддаюць перавагу ўзвышшам сярод вярховых балот, участкам паміж вільготных забалочаных лясоў і ўзвышанымі сухімі месцамі, мяшаным лясам з палянамі, поймавым лугам у далінах рэк і азёр на мяжы з бярэзнікамі і алешнікамі, чарнічным і імшыстым ельнікам, маліннікам сярод часткова забалочаных лясоў, узлескам забалочаных імшыстых хвойнікаў. Трапляюцца гадзюкі таксама на высечках, узгорках сярод лесу, якія зараслі хмызняком і завалены каменнем, на абочынах дарог, уздоўж берагоў меліярацыйных каналаў, на мазаічна асушаных тэрыторыях (паміж участкамі лесу або хмызняку і сельгасугоддзямі). Гадзюкі жывуць у бярэзніках, алешніках, дубровах, каля балот. Яны могуць наогул адсутнічаць на вялікіх плошчах, але ў найбольш спрыяльных месцах іх збіраецца вялікая колькасць, так званыя «змяіныя ачагі». Гадзюка належыць да аселых жывёл і мае адносна невялікія індывідуальныя ўчасткі. Самкі могуць абыходзіцца плошчай у некалькі дзесяткаў квадратных метраў; самцы «кантралююць» тэрыторыю да 300—400 м². Сховішчамі гадзюк з'яўляюцца пустэчы пад каранямі дрэў, кучы галля і камення, норы і хады дробных млекакормячых, пустэчы ў пнях і паваленых гнілых дрэвах.

Асаблівасці біялогіі[правіць | правіць зыходнік]

Сутачная актыўнасць гадзюкі ў летні перыяд звычайна мае дзве фазы: ранішнюю (9-11 гадзін) і вячэрнюю (15-18 гадзін). Аднак межы ранішняй і вячэрняй актыўнасці моцна залежаць ад надвор'я: у пахмурнае цёплае надвор'е гадзюка актыўная і ў паўдзённы час, у цёплую ноч — у першую яе палову. Днём гадзюкі маларухомыя. Яны або дрэмлюць у сховішчах, або вылазяць пагрэцца на сонцы. На паляванне выходзяць толькі ў прыцемках, палююць у першую палову ночы, але пры неабходнасці здабываюць сабе корм і ў дзённы час. Кормяцца гадзюкі ў асноўным мышападобнымі грызунамі, бурымі жабамі, птушанятамі і яшчаркамі. Рацыён залежыць ад канкрэтных умоў, так, у вільготных месцах гадзюка часцей за ўсё знаходзіць бурых жаб, жывародных яшчарак. У любых біятопах, якія знаходзяцца на мяжы з сухімі ўзвышанымі месцамі, а таксама ўздоўж берагоў меліярацыйных каналаў яна корміцца мышападобнымі грызунамі. Пасля масавага вылуплівання птушанят у дробных птушак, якія гняздзяцца на зямлі, гадзюкі пераключаюцца на іх. Маладыя змеі кормяцца насякомымі, слізнякамі, дажджавымі чарвямі, дробнымі яшчаркамі і маляўкамі бурых жаб. Выявіўшы сваю ахвяру, гадзюка падпаўзае да яе на адлегласць 15-20 см і, калі тая спешна не адступае, робіць рэзкі кідок, кусае ядавітымі зубамі і адскоквае. Яд гадзюкі дзейнічае на кроў ахвяры і выклікае гемоліз. Пры ўкусе гадзюкай у ахвяры спачатку пачынаюцца мясцовыя з'явы (боль, ацёкі і шматлікія ўнутраныя кровазліцці ў вобласці ўкусу), потым кровазліцці ў розных органах цела, куды кроў прыносіць яд, а таксама трамбозы сасудаў, распуханне лімфатычных вузлоў. Калі адбываецца паўнацэнны ўкус гадзюкай дробных жывёл, ахвяра гіне праз некалькі хвілін, але не імгненна. Праз некаторы час гадзюка знаходзіць мёртвую здабычу па следзе з дапамогай нюху і дотыку, якія не могуць эфектыўна функцыянаваць без доўгага раздвоенага языка. Выявіўшы забітую ахвяру, а пры неабходнасці і перацягнуўшы яе ў больш зручнае месца, гадзюка прыступае да заглытвання. У залежнасці ад памераў ахвяры працэс заглытвання працягваецца да некалькіх гадзін. У час лінькі (змены скуры) і ва ўмовах халоднага надвор'я гадзюкі не кормяцца, запаўзаюць у сховішчы.

Гадзюка і сама часам становіцца ахвярай іншых драпежнікаў. Ядуць гадзюк млекакормячыя (вожык, гарнастай, тхор, барсук, ліс), і птушкі (журавель, бусел, цецяроўнік, мышалоў, чорны крумкач, беркут, малы і вялікі падворлікі, змеяед, пугач, варона, сойка). У стрававальным тракце яд не з'яўляецца небяспечным, таму што хутка разбураецца, трацячы таксічнасць пад уздзеяннем стрававальных ферментаў.

З надыходам асенніх халадоў у гадзюкі пачынаецца зімовая спячка. Гадзюка, якая ідзе на зімоўку ў канцы верасня — кастрычніку, часам робіць міграцыі да 2-5 км. Месцы зімовак размешчаны на глыбіні ад 40 см да 1 м, г.зн. ніжэй за прамерзлы пласт глебы. У якасці сховішча гадзюкі выкарыстоўваюць пустоты на месцах каранёў дрэў, норы грызуноў і кратоў на ўскраінах сфагнавых балот, стагі сена, кучы камення, вялікія штабялі дроў або кучы буралому. У залежнасці ад колькасці папуляцыі і наяўнасці зручных месцаў яны могуць зімаваць паасобку, невялікімі і даволі вялікімі групамі (да некалькіх соцень асобін).

Вясной, калі паветра днём праграецца да 5-7 °C гадзюкі выпаўзаюць на купіны, пні і рэшткі сухой травы. Праз некалькі тыдняў пачынаюць спароўвацца. У гэты час на ўзвышаных месцах можна бачыць сплеценыя клубкі з некалькіх асобін. Самцы шукаюць самку па следзе, і калі шлях двух самцоў перакрыжоўваецца, яны, узняўшы галовы, хістаюцца адзін перад адным і калі ніхто не саступае самцы сплятаюцца, і кожны намагаецца прыціснуць праціўніка да зямлі, перавярнуць на спіну. Больш слабаму даводзіцца адступіць. Самкі ж у час шлюбных баёў прэтэндэнтаў пасіўна ляжаць непадалёку.

Пасля апладнення яйкі развіваюцца ў палавых шляхах самкі каля трох месяцаў. З'яўленне малявак звычайна адбываецца не раней як у другой палове ліпеня і можа працягвацца да пачатку верасня. Адна самка прыносіць ад 7 да 18 дзіцянят. Маляўкі маюць даўжыню цела да 15-18 см і адразу ж вядуць актыўны спосаб жыцця. Маленькія гадзюкі ўжо здольныя шыпець, прымаць пагражальную позу і нават кусацца, выкарыстоўваюць для абароны ядавітыя зубы. У адрозненне ад дарослых афарбоўка маладых гадзюк даволі аднастайная: аднатонная рыжаватая або светла-карычневая са слабакантрастнай зігзагападобнай паласой. Палавой спеласці дасягаюць на 3-4-м годзе жыцця.

Укусы чалавека[правіць | правіць зыходнік]

Укусы гадзюкай чалавека адбываюцца, як правіла, з-за яго неасцярожнасці і няўважлівасці. Звычайна ўкус адбываецца ў босую нагу (калі наступіць на гадзюку) або ў кісць рукі (калі яе схапіць ці прыціснуць). У выпадку ўкусу гадзюкай чалавека, акрамя мясцовых сімптомаў у вобласці ранкі, атручванне ядам часта суправаджаецца галавакружэннем, ірвотай, пагаршэннем работы сэрца, у цяжкіх выпадках — стратай прытомнасці. Смяротны вынік вельмі рэдкі, часцей за ўсё ўзнікае з-за няправільнага лячэння.

Пры ўкусе гадзюкай пацярпелага неабходна даставіць як мага хутчэй у бліжэйшы медыцынскі пункт, дзе яму будзе ўведзена проціядавая сываратка. Калі гэта па якіх-небудзь прычынах немагчыма, то пацярпеламу неабходна даць поўны спакой, лепей палажыць яго і даваць шмат піць (вада, чай).[1]

Зноскі

  1. Земнаводныя. Паўзуны…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Земнаводныя. Паўзуны: Энцыкл. даведнік. — Мн.: БелЭн, 1996. ISBN 985-11-0067-6
  • Беларуская энцыклапедыя: у 18 т. Т. 4. — Мн.: БелЭн, 1997.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]