Геатэрмальная крыніца

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Геатэрмальная крыніца (грэч.: γαία — зямля і θερμ — цяпло, жар) — выхад на паверхню падземных вод, нагрэтых вышэй за 20 °C.[1] Таксама існуе вызначэнне, у адпаведнасці з якім крыніца называецца гарачым, калі мае тэмпературу вышэйшую за сярэднегадавую тэмпературу мясцовасці.[2]

Большасць гарачых крыніц сілкуюцца вадой, якая падаграваецца магматычнымі інтрузіямі ў раёнах актыўнага вулканізму. Аднак не ўсе тэрмальныя крыніцы прывязаны да такіх абласцей, вада таксама можа падагравацца канвектыўнай цыркуляцыяй, калі падземныя воды, якія прасочваюцца ўніз, дасягаюць глыбіні каля кіламетру і больш, дзе парода мае больш высокую тэмпературу з-за геатэрмічнага градыенту зямной кары, які складае каля 30 °C на км першыя 10 км.[3]

Тэрмальныя мінеральныя крыніцы падраздзяляюцца на цёплыя (20-37 °C), ці гарачыя (37-50 °C) і вельмі гарачыя (50-100 °C).[4]

Распаўсюджванне[правіць | правіць зыходнік]

Самая буйная гарачая крыніца Еўропы Дэйльдартунгюквер (Ісландыя) выносіць 180 літраў воды ў секунду пры тэмпературы 97 °C

Ізатэрма 20 °C у зямной кары праходзіць на глыбінях ад 1500—2000 м (раёны шматгадовамерзлых парод) да 100 м і менш (субтропікі), а ў тропіках выходзіць на паверхню. У горных раёнах, такіх як Альпы, Каўказ, Цянь-Шань і Памір, тэрмальныя крыніцы маюць тэмпературу да 50—90 °C, а ў артэзіянскіх басейнах на глыбінях 2000—3000 м свідравінамі - воды з тэмпературай 70—100 °C і больш. У раёнах актыўнага вулканізму крыніцы праыяўляюцца ў відзе гейзераў і струменняў пары, якія выносяць на паверхню паравадзяныя сумесі і пары з глыбінь 500—1000 м, дзе вада знаходзіцца ў перагрэтым стане (150—200 °C). Падобныя аб'екты можна сустрэць на Камчатцы (Паўжэтка), у ЗША (Вялікія Гейзеры), у Новай Зеландыі (Уаіракеі), у Італіі (Лардэрэла), у Ісландыі і іншых месцах.[1]

На Курыльскіх астравах газы , якія сілкуюць фумаролы, могуць часткова перахоплівацца падземнымі водамі, якія набываючы характар кіслот, раствараюць горныя пароды і выносяць раствораныя рэчывы ў мора.[2]

Склад[правіць | правіць зыходнік]

Падрабязней гл. таксама: Мінеральная вада

Мінералізацыя тэрмальных вод, іх хімічны, газавы склад моцна вар'іруецца: ад прэсных і саланаватых гідракарбанатных і гідракарбанатна-сульфатных, кальцыевых, натрыевых, азотных, вуглякіслых і серавадародных да салёных і расольных хларыдных, натрыевых і кальцыева-натрыевых, азотна-метанавых і метанавых, месцамі серавадародных.[1]

Гаспадарчае выкарыстанне[правіць | правіць зыходнік]

Макакі купаюцца ў ансэне ў Нагана

Гарачыя крыніцы спрадвеку выкарыстоўваліся для лячэння хворых (рымскія, тбіліскія тэрмы), адпаведны раздзел медыцыны называецца бальнеалогія. У Японіі на геатэрмальных крыніцах размяшчаюцца ансэны.

Тэрмальныя воды таксама выкарыстоўваюцца для цеплазабеспячэння і ў якасці альтэрнатыўнай крыніцы электрычнасці. Рэйк'явік (сталіца Ісландыі) цалкам абаграваецца цяплом тэрмальных вод. У Італіі, Ісландыі, Мексіцы, Расіі, ЗША і Японіі працуе шэраг электрастанцый на перагрэтых тэрмальных водах з тэмпературай звыш 100 °C.[1]

У цеплазабеспячэнні існуе падзел крыніц на слабатэрмальныя (20—50 °C), тэрмальныя (50—75 °C) і высокатэрмальныя (75—100 °C), а ў бальнеалогіі — на цёплыя ці субтэрмальныя (20—37 °C), тэрмальныя (37—42 °C) і гіпертэрмальныя (больш за 42 °C).[1]

Зноскі

  1. 1,0 1,1 1,2 1,3 1,4 Тэрмальныя воды (руск.)  — артыкул з Вялікай савецкай энцыклапедыі
  2. 2,0 2,1 М.Ф.Иванова Общая геология. — Москва: Высшая школа, 1974.
  3. Hot spring — Encyclopædia Britannica
  4. Термальные воды — Словарь по естественным наукам. Глоссарий.ру

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дворов И. М. Глубинное тепло Земли / Отв. ред. доктор геолого-минералогических наук А. В. Щербаков. — М.: Наука, 1972. — 208 с. — (Настоящее и будущее человечества). — 15 000 экз.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]