Ісландыя
| Lýðveldið Ísland
Ісландыя |
|
| герб | сцяг |
|---|---|
| геаграфічнае месцазнаходжанне | |
| дзяржаўная мова: | ісландская |
| сталіца: | Рэйк'явік |
| прадстаўнік дзяржавы: | Олафур Рагнар Грымсан |
| кіраўнік дзяржавы: | Ёгана Сігурдардоцір |
| плошча: | 103,125 км² |
| насельніцтва: | 316,252 1 красавіка 2008 |
| шчыльнасць насельніцтва: | 2.8 жых./км² |
| грашовая адзінка: | ісландская крона |
| часавы пояс: | UTC +0 |
| гімн: | Lofsöngur |
| нумарныя знакі аўтамабіляў: | IS |
| дамен у Інтэрнеце: | .is |
| міжнародны тэлефонны код: | +354 |
| карта | |
ІСЛА́НДЫЯ (ісл. Ísland [ˈislant]) — краіна ў Паўночнай Еўропе. Знаходзіцца на аднайменным востраве і прылеглых дробных астравах у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна. Пасля Вялікабрытаніі другая па плошчы астраўная краіна Еўропы. Асноўны востраў, на якім знаходзіцца тэрыторыя Ісландыі, - самы вялікі ў свеце востраў вулканічнага паходжання. Пасля хадатайніцтва на ўступленне ад 17 ліпеня 2009 Ісландыя патэнцыйны кандыдат на сяброўства ў Еўрапейскім саюзе. Таксама астраўная краіна з'яўляецца заснавальніцай НАТА.
Змест |
[правіць] Гісторыя
Некаторыя гісторыкі мяркуюць, што Ісландыя была ўпершыню адкрыта экспедыцыяй Піфея ў IV ст. н. э. і апісана пад назвай Туле. Археолагамі былі выяўленыя рымскія манеты III ст. н. э., аднак не вядома, былі яны завезеныя антычнымі маракамі ці пазнейшымі сярэднявечнымі пасяленцамі. Згодна пісьмовым крыніцам, у раннее сярэднявечча, Ісландыю маглі наведваць кельцкія манахі.
У X ст. востраў быў выпадкова адкрыты вікінгамі з Фарэрскіх астравоў. У скандынаўскім фальклоры ён быў вядомы як «Снежная зямля» ці «Ледзяная зямля». У 874 г. было заснаванае першае сталае паселішча нарвежскіх вікінгаў у Рэйк'явіку.
Хуткай каланізацыі Ісландыі садзейнічала палітыка першага нарвежскага караля Гаральда Рудавалосага (каля 850—933 гг.), якая прывяла да масавага зыходу нарвежцаў. Сярод пасяленцаў з самага пачатку таксама былі рабы (у асноўным жанчыны і падлеткі) кельцкага паходжання. Ісландцы адкрылі і даследавалі Грэнландыю, Лабрадор і некаторыя паўночныя астравы, прымалі ўдзел у ваенных экспедыцыях скандынаўскіх вікінгаў. Дзякуючы адносна мяккаму клімату той пары, каланісты займаліся пераважна земляробствам. Паміж імі часта ўспыхвалі зямельныя спрэчкі і канфлікты. Для іх прадухілення ў 930 г. быў створаны агульны сход, званы Альтынгам, які ладзіўся штогод. Прымаць у ім удзел маглі ўсе дарослыя свабодныя мужчыны, але галоўную законатворчую функцыю мелі «святыя мужы» (Goðorðsmenn), якія прадстаўлялі буйныя роды ці пасяленцаў пэўнай мясцовасці. У 999 ці 1000 г. ісландцы прынялі хрысціянства. У 1056 г. быў прызначаны першы каталіцкі біскуп Ісландыі.
У перш. пал. XIII ст. уладу на востраве фактычна захапіў род Стурлунгаў (1200—1262 гг.). Аднак афіцыйна дамагчыся каралеўскай кароны яго прадстаўнікі не здолелі. У 1220 г. Сноры Стурлунг упершыню прызнаў сябе васалам нарвежскага караля Хокана IV. У 1262 г. была падпісана ўнія (т. зв. «Стары запавет») паміж нарвежскім каралём і прадстаўнікамі буйных ісландскіх родаў, якая прадугледжвала выплату ісландцамі падаткаў, роўнасць паміж падданымі Нарвегіі і Ісландыі, усталяванне адзінага заканадаўства і вольнага гандлю паміж дзвюмя краінамі.
З 1380 г. Ісландыя фактычна кіравалася каралямі Даніі, якія мала клапаціліся пра насельніцтва востраву ў сувязі са скарачэннем падаткаў, што ў сваю чаргу было выклікана пахаладаннямі клімату ў XIII—XIV, а потым у XVI—XVII і XIX стст. Пахаладанні прывялі да выпадкаў масавага голаду, згалення і памяньшэння колькасці насельніцтва. Земляробства было закінута. Асноўную эканамічную ролю пачалі адыгрываць лоў і экспарт рыбы (галоўным чынам траскі), а таксама жывёлагадоўля.
У XVI ст. правядзенне дацкімі манархамі Рэфармацыі выклікала супраціўленне каталікоў на чале з біскупам Ёнам Арасанам, а затым працяглы крывавы канфлікт паміж каталікамі і пратэстантамі-манархістамі (1541—1550 гг.), які скончыўся перамогай апошніх.
У 1627 г. на ўсходняе і паўднёвае ўзбярэжжа вострава ўрываліся берберскія піраты (Tyrkjaránið). Хаця каля 400—800 ісландцаў апынуліся ў палоне, дацкія ўлады не прадпрымалі рашучых захадаў для абароны Ісландыі.
У 1783 г. у выніку вывяржэння вулкану Лакі загінула каля чвэрці насельніцтва вострава. У 1800 г. было забаронена скліканне Альтынгу. У 1814 г. Нарвегія атрымала незалежнасць ад Даніі, але Ісландыя заставалася падначаленай дацкім каралям. Забарона на гандль ісландцаў з краінамі, непадпарадкаванымі каралю Даніі (дзейнічала ў 1602—1854 гг.), а таксама новае пахаладанне выклікала эміграцыю актыўнага насельніцтва (у асноўным, у Канаду), а потым масавую падтрымку руху за незалежнасць.
У 1843 г. ісландцы дамагліся ўзнаўлення працы Альтынгу як дарадчага органу. У 1874 г. Ісландыя атрымала права на самакіраванне (пашырана ў 1903 г.). Згодна акту аб уніі ад 1 снежня 1918 г., Ісландыя прызнавалася незалежнай краінай, хаця фармальным кіраўніком краіны заставаўся кароль Даніі.
У 1940 г. акт аб уніі павінен быў быць ўзноўлены, аднак Данія апынулася пад нямецкай акупацыяй. Негледзячы на афіцыйны нейтралітэт, Ісландыя была занята брытанскімі войскамі (у 1941 г. — амерыканскімі) і выкарыстоўвалася пад час II Сусветнай вайны для вядзення ваенных дзеянняў супраць Германіі. 17 чэрвеня 1944 Ісландыя была абвешчана рэспублікай. У 1946 г. яна была прынятая ў НАТА.
У пасляваенны час эканоміка Ісландыі развівалася ў шчыльнай сувязі з эканомікамі ЗША і краін Заходняй Еўропы. Для абароны сваіх эканамічных інтарэсаў у кан. 1950-ых — сяр. 1970-ых гг. Ісландыя вяла так званыя «трасковыя войны» супраць рыбалоўных кампаній іншых краін на марской тэрыторыі, абвешчанай ісландскай. Негледзячы на стабільную інфляцыю, назіраўся эканамічны рост. З 1980-ых гг. Ісландыя займала адное з першых месцаў у свеце па ўзроўню жыцця насельніцтва. Гэтаму часткова садзейнічалі рэформы ў сферы прыцягнення замежных інвестыцый і банкаўскай сістэмы. У 1994 г. Ісландыя ўвайшла ў Еўрапейскую эканамічную прастору. Аднак у кастрычніку 2008 г. банкаўская сістэма Ісландыі фактычна была зруйнавана, што прывяло да моцнага эканамічнага і палітычнага крызісу. На выбарах 2009 г. перамагла кааліцыя Сацыял-Дэмакратычнага аб'яднання і Лева-Зялёнага руху. Прэм'ер-міністрам і кіраўніком дзяржавы стала Ёгана Сігурдардоцір — першая ў свеце з дзейнічаючых глаў дзяржаў, адкрыта абвясціўшая сябе лесбіянкай.
[правіць] Прырода
[правіць] Геалагічная будова і рэльеф
У геалагічным сэнсе Ісландыя — маладая краіна, якая ўтварылася ў выніку вулканічных вывяржэнняў за апошнія 60 млн гадоў (што адпавядае палеагенаваму, неагенаваму і чацвярцічнаму перыядам у гісторыі Зямлі). Самыя старажытныя часткі краіны размешчаныя на захадзе, поўначы і ўсходзе. Гэта пераважна плато, складзеныя старажытнымі базальтавымі лавамі. Платопадобны характар паверхні лепш за ўсё захаваўся на паўночным захадзе, тады як на ўсходзе і на поўначы цэнтральнай часткі вострава рэльеф набывае альпійскае аблічча. Праз усю краіну з поўначы на паўднёвы захад распасціраецца шырокая зона, у асноўным складзеная туфамі і брэкчыями, якія ўтварыліся ў выніку падводных вулканічных вывяржэнняў.
Да гэтай зоны, а таксама да раёна Снайфедльснес на захадзе прымеркавана вялікая колькасць вулканаў, з іх 20 вывяргаліся ўжо пасля засялення краіны. У Ісландыі прадстаўленыя амаль усе тыпы вулканаў, сустракаемых на Зямлі. Найболей характэрныя ланцужкі кратэраў, узніклых у выніку вывяржэнняў уздоўж расколін і разломаў. У 1783 падчас вывяржэння вулкана такога тыпу Лакі ўтварыўся лававы струмень, які акрыў плошчу 570 кв. км. Вулкан Гекла вывяргаўся ў 1947 і 1970. У выніку падводнага вывяржэння ля паўднёва-заходняга ўзбярэжжа Ісландыі ў 1963 паўстаў невялікі востраў Сюртсей. У 1973 падчас вывяржэння вулкана на в. Хеймаэй прыйшлося эвакуяваць насельніцтва горада Вестманаэйяр.
З вулканічнай дзейнасцю цесна звязаныя гарачыя крыніцы па ўсёй краіне (іх налічаецца больш за 250). Палі сярністых фумаролаў (сальфатараў) прымеркаваныя толькі да абласцей маладога вулканізму. З фантаніруючых крыніц найбольш вядомы Вялікі Гейзер, назва якога стала намінальнай для ўсіх падобных утварэнняў. У Ісландыі шырока выкарыстоўваецца энергія тэрмальных крыніц. 85 % насельніцтвы жыве ў дамах, абаграваных іх водамі. Акрамя таго, цёплая вада падаецца ў шматлікія цяпліцы і плавальныя басейны.
Берагавая лінія Ісландыі мае працягласць каля. 5 тыс. км. На паўночным захадзе, поўначы і ўсходзе скалістыя берагі раздзеленыя шматлікімі залівамі, фіёрдамі і астравамі. Ва ўнутраныя часткі шматлікіх фіёрдаў заходзяць галечникавыя косы, якія абараняюць натуральныя гавані ад штармоў, якія дзьмуць з боку Атлантычнага акіяна. На такіх косах часта размяшчаюцца прыбярэжныя гарады і пасёлкі. Паўднёва-заходнія і паўднёвыя берагі Ісландыі — пясчаныя, выраўнаваныя; натуральныя гавані там адсутнічаюць.
Ледавіковыя шапкі і іншыя ледавікі займаюць плошчу 11 900 кв. км. Самая буйная з ледавіковых шапак, Ватнаёкуль плошчай 8300 кв. км, размешчаная на паўднёвым усходзе Ісландыі. Тут жа знаходзіцца вышэйшая кропка краіны Хванадальсхнукюр (2119), якая ўяўляляе сабой падняты бок кальдзеры вулкана Эрайвайёкюдль. Іншыя буйныя ледавіковыя шапкі пакрываюць дзеючыя вулканы.
[правіць] Клімат
Насуперак сваёй назве і наяўнасці ледавікоў Ісландыя — зусім не арктычная краіна. Змякчальны ўплыў на яе клімат аказваюць цёплыя воды Паўночна-Атлантычнага цячэння (працягі Гальфстрыму), частка якога праходзіць уздоўж паўднёвага і заходняга берагоў вострава. Сярэдняя гадавая тэмпература на паўднёва-заходнім узбярэжжы ў Рэйк’явіку 4 °C, сярэдняя тэмпература студзеня -1 °C, ліпеня 11 °C. Адпаведныя паказчыкі на паўночным узбярэжжы ў Акюрэйры 3 °C, -2 °C і 11 °C. Прыбярэжныя воды вольныя ад лёду на працягу ўсяго года. Выключэнне складаюць сітуацыі, звязаныя з вынасам палярных ільдоў на поўначы і ўсходзе. У сувязі са значным пацяпленнем клімату з пачатку 1920-х гадоў вынас палярных ільдоў да берагоў Ісландыі адбыўся толькі ў 1965. Надвор’е ў гэтай краіне рэзка змяняецца, часам на працягу сутак, што залежыць ад цыклонаў, што праходзяць ва ўсходнім кірунку праз Атлантычны акіян. Сярэдняя гадавая колькасць ападкаў складае 1300—2000 мм на паўднёвым узбярэжжы, 500—750 мм на паўночным і звыш 3800 мм на адчыненых да поўдня схілах Ватнайёкуля і Мірдальсйёкюдля.
[правіць] Рэкі і азёры
Дзякуючы багаццю ападкаў у Ісландыі шмат даволі буйных рэк (Гл. Рэкі Ісландыі), але яны несуднаходныя. На поўдзень ад Ватнаёкюдля рэкі разгаліноўваюцца на рукавы, часта яны змяняюць сваё становішча. Гэта сур’ёзная перашкода для транспарту. Падчас падледавіковых вулканічных вывяржэнняў і пры прарыве ледзяных плацін на прыледніковых азёрах велізарныя масы талых вод выклікаюць бурныя паводкі на рэках. Самыя буйныя азёры Ісландыі — Тынгвадлаватн, Міватн і Таўрысватн.
[правіць] Глебы, раслінны і жывёльны свет
Прырода Ісландыі адносіцца да арктычнага барэальнага (паўночнага) рэгіёну. Глебы Ісландыі часта забалочаныя, узбагачаныя мінеральным матэрыялам, вытворным ад вулканічнага попелу, пылаватыя і пясчаныя. Сустракаюцца працяглыя лававыя палі. Меней за чвэрць тэрыторыі краіны пакрыта расліннасцю (супраць 2/3 падчас засялення краіны 1100 гадоў назад). Шырокія ўнутраныя плата амаль цалкам пазбаўленыя расліннага полага. У складзе расліннасці пераважаюць імхі і травы. Драўняныя расліны яшчэ нядаўна займалі ўсяго 1 % плошчы. Гэта ў асноўным паўночныя бярозы, асіны, часам рабіна, якія звычайна маюць скрыўленыя ствалы з-за моцных вятроў. У апошнія гады месцамі створаныя значныя насаджэнні хвойных парод.
Відавы склад фауны Ісландыі бедны. Падчас засялення краіны там быў толькі адзін від наземных сысуноў — пясец. У канцы XVIII ст. былі інтрадуцыраваныя паўночныя алені. Найбольш распаўсюджаныя хатнія жывёлы - авечкі, коні (ісландзскія поні), каровы, радзей козы. Акрамя таго, на востраў былі выпадкова завезеныя мышы, пацукі і норка. У Ісландыі гняздуецца каля 80 відаў птушак. На горных азёрах і рэках жыве мноства лебедзяў, качак і гусей, а на марскім узбярэжжы звычайныя гарбаткі, крачкі і інш. У азёрах водзіцца стронга, а ў рэках — ласось. У прыбярэжных водах сустракаюцца два віды цюленяў і некаторыя віды кітоў. Тут знаходзяцца месцы напасу і нерасту рыб (да 66 відаў). Найбольш важнае значэнне маюць траска, марскі акунь, пікша, палтус, а таксама крэветкі.
[правіць] Дзяржаўны лад
Ісландыя - парламентска-прэзідэнтская рэспубліка. Члены парламенту, які называецца Альтынг (ісл. Alþingi) абіраюцца прамым галасаваннем кожныя 4 гады. На чале ўрада стаіць прэм'ер, якога прызначае прэзідэнт. Прэзідэнцкія выбары адбываюцца праз 4 гады.
[правіць] Палітычныя партыі
- Прагрэсіўная партыя (1916 - ), правацэнтрысцкая.
- Партыя незалежнасці (1929 - ), кансерватыўная.
- Ліберальная партыя (1998 - ), правая.
- Левая зялёная партыя (1999 - )
- Аб'яднаныя левыя (2000 - ), сацыял-дэмакратычная.
[правіць] Прававая сістэма
Ісландыя ўваходзіць у скандынаўскую сістэму права, якая адносіцца да рамана-германскай сям'і. Грамадзянска-прававая сістэма заснавана на дацкім заканадаўстве, і не падпадае цалкам пад юрысдыкцыю Міжнароднага суда ААН. Судовая ўлада складаецца з Вярхоўнага Суда, альбо Haestirettur, (суддзі прызначаюцца пажыццёва міністрам юстыцыі) і васьмі акруговых судоў (суддзі прызначаюцца пажыццёва міністрам юстыцыі). Акрамя гэтага існуюць спецыяльныя суды па марскіх, працоўных і рэлігійных справах.
[правіць] Адміністрацыйны падзел Ісландыі
Гл. асноўны артыкул Адміністрацыйны падзел Ісландыі
[правіць] Насельніцтва
Агульнае насельніцтва 317630 чалавек (2010).
Аддаленасць Ісландыі ад рэшты мацерыка абцяжарвала засяленне вострава. Сённяшняя Ісландыя - маланаселеная краіна з этнічна аднародным насельніцтвам. Дзякуючы багатай вуснай і пісьмовай традыцыі шмат сямей можа назваць сваіх продкаў у многіх пакаленнях. Добра захоўваюцца многія старажытныя традыцыі. Так, закон №54 ад 27 чэрвеня 1925 г. забараняе грамадзянам Ісландыі мець прозвішчы. Да сёй пары ісланцы афіцыйна карыстаюцца толькі асабістымі імёнамі і імёнамі па бацьку.
Насельніцтва карыстаецца ісландскай мовай, адной са скандынаўскіх моў. Важнейшай канфесіяй у краіне з'яўляецца лютэранства (каля 90% насельніцтва адносяць сябе да лютэранаў).
[правіць] Інфраструктура
[правіць] Транспарт
У Ісландыі 13 004 км аўтадарог, з іх - 4 311 км асфальтаваных. Да 1968 года ў Ісландыі быў левабаковы рух. Аўтамабільныя нумары пачынаюцца з лічбаў ад "2" да "9". Самы вялікі аэрапорт краіны - Аэрапорт Лейфура Эйрыксана, знаходзіцца ў Кефлавіку за 60 км ад Рэйк'явіка і на ўсходзе запасны ў Эгільсстадзіры. Акрамя гэтага ёсць яшчэ тры аэрапорты ў Акюрэйры, Ісарфіёрдуры і Хёбне. Увогуле ў краіне ёсць 98 пасадачных пляцовак.
[правіць] Тэлекамунікацыя
У Ісландыі 190.500 стацыянарных тэлефонаў і 290.100 мабільных тэлефонаў (на 2005 год).
[правіць] Інтэрнет
У Ісландыі 225.000 карыстальнікаў інтэрнетам (на 2005 год).
[правіць] Пошта
Аддзяленні Пошты Ісландыі (ісл.:Íslandspóstur) ёсць у кожнай вялікай абшчыне краіны. Паштовыя аддзяленні ў Ісландыі працуюць з панядзелка па пятніцу, з 8.30 да 16.30.
[правіць] Алкаголь і тытунь
Як і ўіншых скандынаўскіх краінах алкагольныя напоі ёсць толькі ў дзяржаўных манапольных крамах, тытунь у крамах мусіць быць не на відавоку ў пакупніка. Продаж алкагольных напояў дазваляецца асобам, якія дасягнулі 20 год, тытунёвых вырабаў - 18 год. Піва ў Ісландыі зноў было дазволенае толькі ў канцы 1980-х гг. З 1 чэрвеня 2007 паленне ў ісландскіх рэстаранах, кафэ і публічных будынках забаронена.
[правіць] Эканоміка
[правіць] Экспарт і імпарт
- Галоўныя экспарцёры - Вялікабрытанія (19,1 %), Германія (17,3 %), Нідэрланды (10,7 %), ЗША (9,3 %), Іспанія (7 %), Данія (4,8 %), Францыя (4,1 %) (на 2004).
- Галоўныя імпарцёры Германія (12,6 %), ЗША (10,1 %), Нарвегія (9,5 %), Данія(7,6 %), Вялікабрытанія (6,8 %), Швецыя (6,3 %), Нідэрланды (5,7 %) (на 2004).
[правіць] Архітэктура
Старажытныя ісландцы будавалі «доўгія дамы», часта паглыбленыя ў зямлю, на аснове драўлянага каркасу, са сценамі і дахам з дзярновых блокаў і размешчанымі ў рад памяшканнямі. 3 сярэдзіны XVIII ст. будаваліся гарады з каменнымі пабудовамі, пераважна па праектах дацкіх архітэктараў (саборы ў Хоўлары, Рэйк'явіку). У XIX ст. склаўся тып 2—3-павярховага ісландскага дома з прывазнога лесу, туфу, базальту, з абшыўкай гафрыраваным жалезам. У архітэктуры Iсландыі з 1920-х г. выкарыстоўваюцца сучасныя формы і канструкцыі (маналітны жалезабетон, стальны каркас), метады кампазіцыі, планіроўкі (новая забудова Рэйк'явіка і Акурэйры); будуюцца 4—5-павярховыя секцыйныя дамы, грамадскія, адміністрацыйныя і прамысловыя будынкі (арх. Гудмундсан, Г. Самуэльсан, С. Тордарсан).[1]
[правіць] Культура
[правіць] Літаратура
- Хальдаўр Кільян Лакснес - ісландскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры
- Эйнар Карасан - сучасны ісландскі пісьменнік
[правіць] Выяўленчае мастацтва
Першым мастаком, які выставіў свает воры ў Ісландыі, быў Торарын Б. Торлаксан. Сёння мастацкая спадчына Ісландыі зберагаецца ў Нацыянальнай галерэі Ісландыі і мастацкім музеі Акюрэйры. Сярод сучасных ісландскіх мастакоў вылучаецца Эро.
[правіць] Фота
[правіць] Кіно
Фільмы Балтасара Кармакура і Фрыдрыка Тоўр Фрыдрыксана
[правіць] Музыка
[правіць] Традыцыйная і класічная музыка
[правіць] Поп, рок, джаз
[правіць] Музеі
Найбуйнейшым з'яўляецца Нацыянальны музей Ісландыі (Þjóðminjasafn Íslands) у Рэйк'явіку, створаны ў 1911 г. на аснове так званай Калекцыі старажытнасцяў (1863 г.). Спецыялізацыя фонду: сацыяльна-культурная гісторыя. Акрамя экспазіцыйнай і экспертай дзейнасці, Нацыянальны музей праводзіць навуковыя даследаванні, утрымоўвае бібліятэку, прымае ўдзел у археалагічных раскопках, у тым ліку за межамі Ісландыі, узнаўляе старажытныя рэчы, праводзіць адукацыйныя семінары. У 2004 г. музей пераехаў у новы сучасны будынак.
Музей народнай спадчыны ў Скагаф'ёрдзюры (Byggðasafn Skagfirðinga) быў створаны ў 1948 г. на месцы жылага старажытнага паселічша. Прадстаўляе традыцыйную сельскую культуру Ісландыі, у тым ліку доўгія дзярновыя хаціны, будынкі сярэдзіны XX стагоддзя, памяшканні для жывёлы, старое хатняе начынне і г. д.
[правіць] Спорт
[правіць] Медыа
[правіць] Радыё
У Ісландыі дзейнічае 1 публічна-прававая радыёвяшчальная кампанія Ríkisútvarpið (RÚV) і 13 прыватных станцый (3 з іх маюць рэлігійную накіраванасць).
[правіць] Тэлебачанне
У Ісландыі дзейнічае 1 публічна-прававы тэлеканал і 8 прыватных тэлеканалаў (2 з іх маюць рэлігійную накіраванасць) - каналы Stöð 2 і Sýn.
[правіць] Газеты
Штодзённая колькасць газет на 1000 жыхароў складае 336 экземпляраў. Папулярныя газеты ў Ісландыі: Morgunblaðið, Fréttablaðið, 24 stundir і Dagblaðið Vísir.
[правіць] Дачыненні з Рэспублікай Беларусь
Ісландыя адна з першых краін у Еўропе прызнала незналежнасць Рэспублікі Беларусь, заявіўшы пра гэта 19 студзеня 1992. Указ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі № 170 "Аб усталяванні дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Ісландскай Рэспублікай" быў падпісаны 27 сакавіка 2001. Дыпламатычныя адносіны паміж двума краінамі ўсталяваныя 25 мая 2001 года.
[правіць] Гл. таксама
- Ганаровае консульства Ісландыі ў Рэспубліцы Беларусь
- Пасольства Ісландыі ў Маскве
- Паўвостраў Снайфельснес
- Вік
- Дальвік
- Эгіль Скалагрымсан
- Горад Альфтанес
- Горад Сіглюфіёрдур
- Ён Арасан
- Ён Лейфс
- Арні Магнусан
- Ісландскі пашпарт
- Хрынгур Ёхансан
- Торвальдур Скуласан
- Хадльгрымур Петурсан
- Вулкан Аск'я
- Возера Элідаватн
Зноскі
- ↑ БЭ, т. 7. С. 334.
[правіць] У Сеціве
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Ісландыя- Афіцыйны сайт Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Ісландыя
| Паўночны Савет | |
|---|---|
| Члены | |
| Кандыдаты ў члены | |