Гомельскі абласны суд
Гомельскі абласны суд | |
---|---|
Інстанцыя | суд першай інстанцыі, суд апеляцыйнай інстанцыі, суд касацыйнай інстанцыі |
Юрысдыкцыя | Гомельская вобласць |
Мовы справаводства | беларуская і руская |
Кіраўніцтва | |
Старшыня | Сяргей Міхайлавіч Шаўцоў |
Зала пасяджэнняў | |
Месцазнаходжанне | Гомель |
Адрас | 246050, г. Гомель, вул. Кірава, 11 |
Гомельскі абласны суд — вышэйшы орган судовай улады на тэрыторыі Гомельскай вобласці па грамадзянскіх, крымінальных, адміністрацыйных справах, падсудных судам агульнай юрысдыкцыі. Таксама ажыццяўляе нагляд за працай ніжэйстаячых судоў, вывучае судовую практыку, аналізуе і вядзе судовую статыстыку, аказвае дапамогу ніжэйстаячым судам у выкарыстанні заканадаўства[1]. Размешчаны ў Гомелі па адрасе вул. Кірава, 11.
Гомельскі абласны суд складаецца з 28 суддзяў, у тым ліку старшыні, першага намесніка і намеснікаў старшыні суда. У структурным плане складаецца з дзвюх судовых калегій, па грамадзянскіх і крымінальных справах, і прэзідыума.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Пастановай IV сесіі УЦВК ад 31 кастрычніка 1922 года і Палажэннем аб судовым ладзе РСФСР, прынятым гэтай жа сесіяй, Гомельскі губернскі Савет народных суддзяў і Гомельскі губернскі рэвалюцыйны трыбунал у студзені 1923 года былі аб’яднаныя ў адну ўстанову — Гомельскі губернскі суд. Сваю дзейнасць ён пачаў 15 лютага 1923 года[2].
У аснову работы суда былі пакладзеныя пастановы 6-га губернскага Савета народных суддзяў, накіраваныя на «ўмацаванне судова-следчага апарату губерніі рабоча-сялянскім складам», удасканаленне юрыдычнай кваліфікацыі суддзяў і следчых работнікаў, павелічэнне колькасці «ўдзельнікаў Нарсудоў і Нарследчых па губерніі»[2].
У архівах захаваліся звесткі пра тое, што суд праводзіў праварастлумачальную работу сярод насельніцтва, арганізоўваў «асобыя Сесіі» для «разбору працоўных спраў», «бясплатныя юрыдычныя кансультацыі для аказання ўсебаковай юрыдычнай дапамогі рабочым, чырвонаармейцам, інвалідам і найбяднейшым сялянам», а таксама прымаў меры да паляпшэння матэрыяльнага становішча суддзяў і следчых работнікаў[2].
Пастановай 1 сесіі Вярхоўнага Савета СССР ад 15 студзеня 1938 года «Аб змяненні і дапаўненні артыкулаў Канстытуцыі СССР — аб увядзенні ў БССР абласнога адміністрацыйнага дзялення» былі ўтвораны Гомельская, а таксама Палеская вобласці. У адпаведнасці з Пастановай ЦВК БССР ад 31 сакавіка 1938 года быў створаны Арганізацыйны камітэт ЦВК БССР па Гомельскай вобласці, які займаўся стварэннем абласных устаноў, у тым ліку Гомельскага і Палескага абласных судоў (пазней аб’яднаныя)[2].
З жніўня 1941 года і да вызвалення г. Гомеля ў снежні 1943 года праца абласных судоў была перарваная Вялікай Айчыннай вайной. У снежні 1943 года Гомельскі абласны суд аднавіў сваю дзейнасць[2].
У 1954—1956 гадах былі пашыраныя функцыі і тэрытарыяльная кампетэнцыя суда. У адпаведнасці з пастановай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 8 студзеня 1954 года была ліквідаваная Палеская вобласць БССР, якая ўвайшла ў склад Гомельскай, і скасаваны Палескі абласны суд, які ўвайшоў у склад Гомельскага абласнога суда[2].
У адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў СССР ад 4 жніўня 1956 года № 1048 і пастановай Савета Міністраў БССР ад 7 верасня 1956 года № 541 «Аб мерапрыемствах па правядзенні ў жыццё Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 4 жніўня 1956 года „Аб пашырэнні правоў краявых, абласных судоў і скасаванні ўпраўленняў Міністэрстваў юстыцыі саюзных рэспублік пры краявых, абласных Саветах дэпутатаў працоўных“» было ліквідаванае Упраўленне Міністэрства юстыцыі пры Гомельскім абласным Савеце дэпутатаў працоўных і яго функцыі былі перададзеныя Гомельскаму абласному суду[2].
Праз пэўны перыяд функцыі па ажыццяўленні правасуддзя, а таксама кадравым, арганізацыйным і матэрыяльна-тэхнічным забеспячэнні судовай дзейнасці былі зноў раздзеленыя паміж Гомельскім абласным судом і Упраўленнем юстыцыі Гомельскага аблвыканкама[2].
З сярэдзіны 1950-х гадоў суд размяшчаўся ў будынку па Савецкай вуліцы, 20, пабудаваным у канцы ХIX — пачатку XX стагоддзя. У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў часткова разбураны, затым адноўлены. Да пачатку 2000-х будынак суда састарэў і перастаў адпавядаць патрабаванням ажыццяўлення правасуддзя. У сувязі з гэтым у 2005 годзе Гомельскім абласным выканаўчым камітэтам было прынятае рашэнне аб выдзяленні ў цэнтры г. Гомеля новага будынка для абласнога суда. У снежні 2008 года суд перамясціўся ў рэканструяваны пяціпавярховы будынак па вуліцы Кірава, 11, да якога зроблена чатырохпавярховая прыбудова для залаў судовых пасяджэнняў, утрымання абвінавачаных, дарадчых пакояў і іншых памяшканняў. У судзе створаны належныя ўмовы працы. У судаводства ўкаранёныя сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі, уведзена сістэма электроннага дакументазвароту[2].
Кіраўніцтва[правіць | правіць зыходнік]
- Сяргей Міхайлавіч Шаўцоў (старшыня)
- Арцём Сяргеевіч Камалыеў (першы намеснікі)
- Мікалай Валянцінавіч Маратаеў (намеснік старшыні, старшыня калегіі па крымінальных справах)
- Марына Уладзіміраўна Надтачэй (намеснік старшыні, старшыня калегіі па грамадзянскіх справах)
Зноскі
- ↑ Структура судов / Областной суд Архівавана 19 лістапада 2018.
- ↑ а б в г д е ё ж з Гісторыя Гомельскага абласнога суда(недаступная спасылка). Архівавана з першакрыніцы 4 лютага 2022. Праверана 4 лютага 2022.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы пакуль няма медыяфайлаў па тэме, але Вы можаце загрузіць іх
- Старонка Гомельскага абласнога суда на сайце Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь Архівавана 4 лютага 2022.