Грандзіцкая гляцыядыслакацыя

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Грандзіцкая гляцыядыслакацыя знаходзіцца на правым беразе ракі Нёман, каля паўночнай ускраіны г. Гродна, атрымала назву ад былой вёскі Грандзічы.

Складзена з мергельна-мелавых парод верхнега мелу, палеагенавых (кіеўскіх) глаўканітава-кварцавых пяскоў і мергеляў, антрапагенавых водна-ледавіковых і ўласна ледавіковых (марэнных) адкладаў. У мергельна-мелавых пародах трапляюцца прадстаўнікі верхнемелавой марской фаўны (белемніты, ігласкурыя, амонаідэі, малюскі і інш.) і палеагенавая фасфарытавая галька.

Арыентавана Грандзіцкая гляцыядыслакацыя з усходу на захад. Па распасціранню прасочана на 1,5 км. Па шырыні гляцыядыслакацыі выяўлены тры насунутыя адна на адну скібы (складкі і лускі) кожная шырынёй каля 250-300 м.

Узнікла гляцыядыслакацыя пад уздзеяннем сярэднеантрапагенавага (мяркуюць дняпроўскага) ледавіка, у познім антрапагене ўскладнена і ўчасткамі эрадзіравана.

На паверхні Грандзіцкая гляцыядыслакацыя выражана ў выглядзе спадзістахвалістага рэльефу, у цэлым нахілена ў бок Нёмана. Некаторыя даследчыкі лічаць яе паўночным краем развітай каля Гродна больш вялікай палосы гляцыядыслакацый шырынёй да 5 км (каля в. Пышкі, Пушкары, ур. Мелавая Гара і інш.).

Паклады мелу, пяску і жвіру выкарыстоўваюцца мясцовым камбінатам будаўнічых матэрыялаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]