З пляцоўкі Вікіпедыя.
Малюскі, або Мяккацелыя (Mollusca; ад лац.: Molluscus «мягенькі») — тып цэламічных жывёл са спіральным драбненнем. Традыцыйна адносяць да першаснаротых жывёл. На сённяшні дзень у складзе тыпу Mollusca налічваюць больш за 150000 відаў. Малюскі асвоілі практычна ўсе асяроддзя пражывання: марскія і прэснаводнай вадаёмы, сушу. У асноўным гэта вольнажывучыя арганізмы, але таксама ў іх складзе ёсць некаторая колькасць паразітычных формаў.
Даўжыня ад 1,1 мм (смоўж гарацыя) да 2,5 м (трыдакна). Цела двухбакова-сіметрычнае, у большасці відаў укрыта ракавінай — двухстворкавай, спіральнай, суцэльнай ці з 8 пласцінак (у некаторых відаў рэдукаваныя). Ракавіна мае рогавы, прызматычны і перламутравы слаі. Галава (у некаторых відаў выяўлена слаба або адсутнічае) мае вочы, шчупальцы і ротавую адтуліну. Тулава ўтварае складку (мантыю), якая выдзяляе рэчывы ракавіны. Паміж мантыяй і тулавам у мантыйнай поласці знаходзяцца шчэлепы, органы хімічнага адчування, раўнавагі і інш. Мускулісты выраст брушной сценкі ўтварае нагу — орган перамяшчэння.
Пашыраны ўсюды, жывуць у морах, саланаватых і прэсных водах, на сушы; на Беларусі больш за 60 відаў з класаў двухстворкавых і бруханогіх малюскаў, належаць да палеарктычнай фауны. Жывуць на дне вадаёмаў і на раслінах. Кормяцца водарасцямі, дэтрытам, большасць лёгачных малюскаў — зялёнымі часткамі раслін; ёсць драпежнікі.
Пераважна раздзельнаполыя.
Ядомыя малюскі (вустрыцы, грабеньчыкі, васьміногі, кальмары, мідыі, ахаціны, смаўжы вінаградныя і інш.) — аб'екты промыслу і аквакультуры. Са старажытнасці ракавіны малюскаў выкарыстоўваліся ў якасці грошай, у культавых рытуалах, як упрыгожанні, у дэкаратыўна-прыкладным мастацтве.