Дом Левіна
Славутасць | |
Дом Левіна | |
---|---|
| |
53°54′11″ пн. ш. 27°33′09″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Горад | |
Архітэктурны стыль | класіцызм |
Дата пабудовы | XIX ст. |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 711Е000001 |
Медыяфайлы на Вікісховішчы |
Дом Левіна — будынак у Мінску, размешчаны ў квартале, які прымыкае да Верхняга Горада, па адрасе вуліца Рэвалюцыйная, 14. Пабудаваны ў XIX ст. з цэглы. Помнік архітэктуры класіцызму.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
У першай палове XIX стагоддзя на тэрыторыі гэтага вялікага зямельнага пляца, які меў складаную канфігурацыю і выходзіў як на вуліцу Койданаўскую, так і на вуліцу Феліцыянаўскую (пасля 1866 года Багадзельную), сфарміраваўся комплекс мураваных і драўляных будынкаў[1].
Двухпавярховы мураваны будынак у стылі класіцызму, які выходзіў на Койданаўскую вуліцу, быў пабудаваны ў першай палове XIX стагоддзя. Пры яго будаўніцтве былі выкарыстаны падмуркі і перакрытыя скляпеннямі падвальныя памяшканні мураванага будынка XVIII стагоддзя. У сярэдзіне XIX стагоддзя гэты дом на Койданаўскай вуліцы належаў мінскім мяшчанам Левіным[1].
Менавіта ў доме Левіна ў 1850-я гады пасяліўся класік беларускай літаратуры Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч. На гэты адрас у 1852 годзе, перад прэм’ерай першай беларускай нацыянальнай оперы «Ідылія», ён прасіў пераслаць з Вільні значную колькасць накладу свайго лібрэта[1].
Будынак пацярпеў у час вялікага пажару 1881 года, пасля якога быў адноўлены і цалкам захаваў свой першапачатковы архітэктурны выгляд. Гэта быў П-падобны ў плане двухпавярховы дом, накрыты складаным па канфігурацыі дахам, аддзеленым ад сцяны прафіляваным карнізам. Сіметрычны па кампазіцыі галоўны фасад быў падзелены на 2 ярусы прафіляванай цягай. Рытм фасадаў ствараўся сеткай лучковых аконных праёмаў. У цэнтры будынка знаходзілася праязная арка, перакрытая скляпеннямі. Над аркай размяшчаўся балкон з дэкаратыўнымі металічнымі кратамі. Вокны другога паверха былі аздоблены прафіляванымі ліштвамі. Абапал балконных дзвярэй былі змешчаны калонкі з капітэлямі[1].
Паводле інвентарызацыі 1910 года большасць памяшканняў выкарыстоўвалася пад жылыя кватэры. Акрамя таго, тут знаходзіліся мануфактурныя крамы, а ў двары некалькі майстэрняў, у тым ліку медналіцейная, шавецкая і кравецкая майстэрні[1].
Пасля 1920 года будынак Левіна нацыяналізаваны, большасць памяшканняў перароблена пад камунальныя кватэры[1].
У часы Другой сусветнай вайны не пацярпеў. У выніку шматлікіх пасляваенных рамонтаў была цалкам зменена ўнутраная планіроўка будынка. У другой палове XX стагоддзя былы дом Левіна выкарыстоўваўся пад розныя ўстановы. У 1970 годзе тут размясцілася рэдакцыя часопіса «Помнікі гісторыі і культуры Беларусі»[1].
Архітэктура[правіць | правіць зыходнік]
Шчыльна прымыкае да дома № 12. Двухпавярховы прамавугольны ў плане будынак накрыты двухсхільным дахам. Галоўны фасад мае сіметрычную кампазіцыю. У цэнтральнай частцы вялікі прамавугольны арачны праезд, над якім навісае балкон, што аб’ядноўвае 2 дзвярныя праёмы, абрамленыя паўкалонкамі. Плоскасць сцяны расчлянёна простым карнізам, лучковымі аконнымі праёмамі. Пад дахам праходзіць развіты карніз[2].
Зноскі
- ↑ а б в г д е ё БУДЫНАК №14 ДОМ ЛЕВІНА. У ГЭТЫМ ДОМЕ ЖЫЎ ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ
- ↑ 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- 271. Забудова вуліцы Рэвалюцыйнай // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1988. — Мінск. — 333 с.: іл. — ISBN 5-85700-006-8.
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- На Вікісховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Дом Левіна
- БУДЫНАК №14 ДОМ ЛЕВІНА. У ГЭТЫМ ДОМЕ ЖЫЎ ВІНЦЭНТ ДУНІН-МАРЦІНКЕВІЧ