Жан Фуке

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Жан Фукэ. Аўтапартрэт. 1450. Эмаль, дыяметр 6,8 см. Луўр

Жан ФУКЕ (фр.: Jean Fouquet; Тур, каля 1420 — 1481) — французскі жывапісец і мініяцюрыст. Быў першым буйным мастаком французскага Адраджэння.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Фуке нарадзіўся ў г. Тур у даліне Луары, які ў другой палове XV ст. стаў рэзідэнцыяй французскіх каралёў Карла VII і Людовіка XI і адным з галоўных мастацкіх цэнтраў Францыі. Верагодна, у пачатку 1440-х гг. вучыўся ў Парыжы, а затым першым з французскіх мастакоў адправіўся ў Італію і пазнаёміўся з мастацтвам італьянскага Адраджэння (1445—1447). Пасля гэтага вярнуўся ў Тур, ажаніўся і адкрыў сваю майстэрню. Працаваў пры дварах Карла VII (да 1461) і Людовіка XI. У 1474 атрымаў тытул «каралеўскага жывапісца». Выконваў заказы самых знатных асоб Францыі. Мецэнатамі і заказчыкамі былі сем'і каралеў, скарбніка Эцьена Шэвалье і канцлера Гіём Жувенеля Дэзюрсена.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

«Мадонна з немаўлём». Правая створка Меленскага дыпціха, каля 1450. Каралеўскі музей прыгожых мастацтваў, Антверпен

Творчасць майстра вызначаецца ўвагай да канкрэтных падзей, дакладнасцю і аб'ектыўнасцю назіранняў. Здабыткі багатай і разнастайнай на той час італьянскай культуры пераасэнсоўваў у адпаведнасці з нацыянальнымі задачамі і традыцыямі.

Найбольш поўна гэтыя рысы знайшлі ўвасабленне ў партрэтах. Ж. Фуке выяўляў сваіх герояў абагулена, імкнуўся перадаць асноўнае і прыкметнае. Мастак не ўпрыгожваў мадэль, але надаваў ёй велічнасць, адпаведную звычайна высокаму становішчу ў грамадстве. Так «Партрэт Карла VII» (1444—51) паказвае стомлерага, сумнага і не вельмі прывабнага з твару чалавека — асобу, у паставе якой угадваецца велічнасць каралеўскага рангу. Праўдзівасцю вызначаецца і партрэт Жувенэля дэз Юрзена (каля 1460), уплывовай асобы пры каралеўскім двары.

Урачысты кампазіцыйны рытм, гучны каларыт уласцівы рэлігійным кампазіцыям «П'ета з Нуана», «Дыпціх з Мелена». Дыпціх «Эцьен Шэвалье і Святы Стэфан», «Мадонна з немаўлём» (1451—55) адносіцца да найбольш вядомых твораў Жана Фуке. У яго левай створцы выяўлены буйны дзяржаўны дзеяч і яго заступнік Святы Стэфан, у правай у выглядзе мадонны паказана каханка караля Карла VII Агнеса Сарэль. Сілуэты герояў твора кантрасна вылучаюцца на фоне строгай архітэктуры белай мармуровай залы. Гэтак жа дакладна мастак выяўляе твары, рукі, адзенне, якім надаецца амаль рэльефная адчувальнасць.

Кампазіцыйная яснасць і дакладнасць малюнка, выкарыстанне лінейнай і паветранай перспектывы характэрны для шматлікіх мініяцюр, створаных мастаком у «Часаслове Эцьена Шэвалье» (40 аркушаў, 1452—60), у «Жыцці славутых мужчын і жанчын» Бакачыа (каля 1458), у «Іудзейскіх старажытнасцях» Іосіфа Флавія (1470—76), у «Вялікіх французскіх хроніках» (1458). У мініяцюрах, выкананых Жанам Фуке, падзеі звычайна адбываюцца ў Францыі, што бачна па характэрных пейзажах, відах гарадоў. Майстар выяўляе людзей, занятых працай, сцэны гарадскога і прыдворнага жыцця.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Лазука Б. Гісторыя сусветнага мастацтва. Ад старажытных часоў па XVI стагоддзе / Б.А.Лазука. — Мн.: Беларусь, 2010. ISBN 978-985-01-0894-4
  • Guy Annequin, Jean Fouquet, prince des enlumineurs, 1989
  • François Avril, Jean Fouquet, peintre et enlumineur du XVe siècle ; catalogue de l'exposition., Paris, Bibliothèque nationale de France / Hazan, 2003 (ISBN 2-7177-2257-2)
  • François Avril, Marie-Thérèse Gousset, Bernard Guenée, Les Grandes chroniques de France : reproduction intégrale en fac-similé des miniatures de Fouquet ; manuscrit français 6465 de la Bibliothèque nationale de Paris, Paris, P. Lebaud, 1987 (ISBN 2-86594-030-6)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]