Зазоны (гарадзішча)
Гарадзішча | |
Зазоны | |
---|---|
55°39′34″ пн. ш. 26°57′44″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Зазоны |
Будаўніцтва | II тысячагоддзе да н.э. — X стагоддзе |
Статус | Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000192 |
Зазоны — гарадзішча каля вёскі Зазоны Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца на паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі, злева ад дарогі Браслаў — Даўгаўпілс.
Апісанне[правіць | правіць зыходнік]
Мясцовая назва Замак. Датуецца канцом 2-га тысячагоддзя да н.э. — X стагоддзем. Размяшчаецца на вяршыні халма-астанца, на вышыні 10—12 м над узроўнем навакольнай мясцовасці. Пляцоўка памерам 40×50 м, без штучных умацаванняў на паверхні.
Адкрыў у канцы XIX стагоддзя Ф. В. Пакроўскі, абследавалі ў 1955 годзе Л. В. Аляксееў, у 1971 годзе М. М. Чарняўскі, у 1995—2000 гадах А. А. Егарэйчанка.
Культурны пласт 0.5—1.1 м. Знойдзены чатыры глінабітныя ачагі памерамі 0.75—1 м × 0.75—1.4 м, выцягнутыя ланцугом у цэнтральнай частцы пляцоўкі з паўночнага захаду на паўднёвы ўсход і абкладзеныя падковападобным ці кальцавым гліняным валікам шырынёй да 10 см. У раскопе пераважалі фрагменты слабапрафіляванага посуду культуры ранняй, радзей — рабрыстыя гаршчкі культуры позняй штрыхаванай керамікі. Выяўлены абломкі ляпнога посуду сярэдзіны — 2-й паловы 1-га тысячагоддзя, вырабы з косці (праколкі, тупікі, качадыкі, долаты, наканечнікі дзідаў і стрэл, гарпуны, дзяржанні, амулеты), з каменю (клінавідныя тапары, тачыльныя прылады), адзінкавыя жалезныя вырабы (абломкі тапароў, шылы, нажы, наканечнік дзіды).
Сярод рэдкіх знаходак — бронзавы наканечнік пояса II—III стагоддзяў з крыжападобным заглыбленнем, шматгранная вагавая гірка IX—X стагоддзяў.
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Археалогія Беларусі: энцыклапедыя. У 2 т. / [склад. Ю. У. Каласоўскі; рэдкалегія: Т. У. Бялова (гал. рэд.) і інш.]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2009. — Т. 1: А―К. — 496 с. — ISBN 978-985-11-0354-2. — С. 349.
- Гарадзішча // Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі / АН БССР. Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэд. кал.: С. В. Марцэлеў (гал. рэд.) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1985. — Віцебская вобласць. — 496 с., іл. — С. 148.