Каларатура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Фарынелі, італьянскі спявак-кастрат (сапрана), вядомы сваімі каларатурнымі партыямі эпохі барока (Барталамеа Назары, 1734)

Каларатура (італ.: coloratura[1] літар. упрыгожванне ад лац.: coloro фарбую, афарбоўваю) — хуткія, тэхнічна скаладныя віртуозныя пасажы і мелізмы ў вакальнай партыі. Сустракаецца ў розных відах вакальнай музыкі.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Упершыню тэрмін каларатура сустракаецца ў некалькіх ранніх неітальянскіх музычных слоўніках: Syntagma musicum Міхаэля Прэторыуса  (руск.) (1618), Dictionaire de musique Себасцьяна дэ Брасара  (руск.) (1703) і Musicalisches Lexicon Іагана Готфрыда Вальтэра  (руск.) (1732). У гэтых ранніх тэкстах «тэрмін разглядаецца коратка і заўсёды са спасылкай на выкарыстанне ў Італіі».[2]

Тэрмін ніколі не выкарыстоўваўся ў самых вядомых італьянскіх тэкстах пра спевы: Le Nuove musiche Джуліа Качыні (1601/2), Opinioni de' cantori antichi e moderni П’ера Франчэска Тозі  (руск.) (1723), Pensieri, e riflessioni pratiche sopra il canto figurato Джавані Батыста Манчыні  (англ.) (1774), Mémoire sur la voix humaine (1841) і Traité complet de l’art du chant Мануэля Гарсіа  (руск.) (1840—1847). Таксама не выкарыстоўваўся англійскімі аўтарамі Чарлзам Бёрні  (руск.) (1726—1814) і Генры Чорлі  (руск.) (1808—1872), якія шмат і падрабязна пісалі пра італьянскія спевы таго перыяду, калі ўпрыгожванне была важным.[2]

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Асабліва шырока каларатура выкарыстоўвалася ў сольных вакальных нумарах італьянскай оперы XVIII—XIX стагоддзяў, перш-наперш у арыях (у партыях спевакоў-кастратаў, высокіх жаночых галасоў, лірычных тэнараў, басоў-буф). Сярод тыповых прыкладаў оперных партый з шырокім выкарыстаннем каларатуры — партыі Царыцы Ночы ў «Чароўнай флейце» Моцарта і Лючыі ў «Лючыі дзі Ламермур» Даніцэці.

Спевакі часта ўводзілі ў свае партыі дадатковыя шматлікія каларатуры, акрамя прадугледжаных кампазітарам. Каларатура ператваралася ў самамэту, страчвала мастацкае значэнне і зводзілася да тэхнічнай эквілібрыстыкі.

Як глыбока апраўданым і асэнсаваным прыёмам мастацкай характарыстыкі герояў каларатурай карысталіся кампазітары-класікі, у т. л. А. Скарлаці, В. А. Моцарт, Дж. Расіні, Л. Дэліб, Дж. Вердзі, М. Глінка, М. Рымскі-Корсакаў і іншыя. Маляўнічыя і надзвычай складаныя каларатуры маюць шматлікія оперныя арыі эпохі барока (Гендэль, Вівальдзі, Кальдара і інш.).

Сярод вядомых замежных каларатурных спевакоў XX — пачатку XXI стагоддзяў — Чэчылія Бартолі (мецца-сапрана), Джаан Сазерленд (у познім перыядзе творчасці), Інгеборга Хальштэйн, Эдзіта Груберава (усе сапрана). У Расіі ў канцы XIX — XXI стагоддзях вядомасць атрымалі Н. І. Забела-Урубель, А. В. Няжданава, В. У. Барсава, А. К. Катульская, Д. Я. Пантофель-Нечэцкая, Я. С. Мірашнічэнка, Б. А. Рудэнка, А. А. Шагімуратава (усе — сапрана).

У беларускай оперы да каларатуры звярталіся кампазітары Р. Пукст (партыя Марынкі ў аднайменай оперы), Ю. Семяняка (партыя Ірыны ў оперы «Калючая ружа»), Я. Цікоцкі (партыя Марфачкі і Бабы-лапатухі ў операх «Дзяўчына з Палесся» і «Міхась Падгорны») і іншыя.

У сувязі з практыкай выкарыстання каларатуры сфарміравалася паняцце «каларатурных галасоў», здольных лёгка і свабодна выконваць усе магчымыя меладычныя ўпрыгожванні (каларатурнае сапрана). Партыі каларатурнага сапрана выковалі Т. Ніжнікава, Л. Аляксеева, Н. Гайда, М. Гулегіна, Н. Гусельнікава, Л. Златава, Л. Колас, Д. Кроз, Т. Пастуніна, К. Ясінская, Т. Кучынская, Г. Лукомская, Л. Лют, Э. Шаўкавец, А. Шведава і іншыя.

Зноскі

  1. Слоўнік іншамоўных слоў : у 2 т. / А. М. Булыка. — Мінск : БелЭн, 1999.  — Т. 1 : А-Л. — 1999. — 736 с. — ISBN 985-11-0152-4, С.563
  2. а б Jander, Owen; Harris, Ellen T. «Coloratura» in Grove Music Online, www.grovemusic.com Архівавана 16 мая 2008.. Retrieved 27 November 2006.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]