Канатопская бітва

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Канатопская бітва
Асноўны канфлікт: Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667)
Украінска-Маскоўская вайна, 1658—1659
Канатопская бітва, Артур Арлёнаў, 2010
Канатопская бітва, Артур Арлёнаў, 2010
Дата 27—29 чэрвеня (7—9 ліпеня) 1659
Месца Канатоп
Вынік Поўная перамога казацка-татарскага войска
Праціўнікі
Гетманшчына
Крымскае ханства
Маскоўскае царства
Казакі Івана Бяспалага
Сілы бакоў
14 000—22 000 казакоў (у тым ліку 4000 гарнізона Канатопа)
4000 наймітаў
(палякаў, сербаў і валахаў)
15 000—25 000 татараў
28 000—50 000 маскавітаў
каля 6600 казакоў Бяспалага
Страты
4000 казакоў і 6000 татар забітымі каля 30 000 забітых (афіцыйна 4769 маскавітаў і 2000 казакоў)
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Канатопская або Сасноўская бітва (27 чэрвеня29 чэрвеня / 7 ліпеня9 ліпеня 1659) — бітва паміж аб’яднанымі войскамі гетмана Івана Выгоўскага і Крымскага ханcтва і маскоўскай арміяй каля мястэчка Канатоп (сучасная Сумская вобласць). Адна з найбольш значных бітваў вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—1667 і расійска-ўкраінскай вайны 1658—1659.

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Бітва адбылася падчас вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654—1667). Умяшальніцтва Маскоўскага царства ва ўнутраныя справы ўкраінскіх казакоў, а таксама тэрытарыяльныя спрэчкі адносна заваяваных Войскам Запарожскім тэрыторый паўднёва-ўсходняй Беларусі і невыкананне маскоўскім царом Пераяслаўскай дамовы прывялі да абвастрэння адносін Гетманшчыны з Масковіяй.

Пасля прыходу да ўлады Выгоўскі праводзіў антысацыяльную праалігархічную палітыку[1][2][3], а яго абранне гетманам на старшынскім, а не на генеральным савеце фактычна азначала нелегітымнасць яго абрання. Рэпрэсіі ў войску[4] пазбавілі гетмана шырокай народнай і казацкай падтрымкі[5].

У сваю чаргу, маскоўскія ваяводы ўсяляк спрыялі абвастрэнню грамадзянскай вайны ва Украіне, якую ў сучаснай украінскай гістарыяграфіі прынята называць Руінай. У гэтых складаных умовах Выгоўскі заключыў і дамагаўся выканання Гадзяцкай дамовы, паводле якой Украіна вярталася ў склад Рэчы Паспалітай як Вялікае княства Рускае і атрымлівала роўныя правы з Польшчай і Літвой. Таксама на яе тэрыторыі скасоўвалася дзеянне Берасцейскай уніі і гарантаваліся правы Кіеўскай праваслаўнай царквы. Але ў маі 1659 года сойм Рэчы Паспалітай ратыфікаваў дамову ў значна скарочаным выглядзе, выкрасліўшы з яго асноўныя пункты, якія ў тым ліку датычыліся і стварэння Вялікага княства Рускага[6].

Увосень 1658 года пачалося маскоўскае ўварванне ва Украіну. Злучыўшыся з ворагамі Выгоўскага — Іванам Бяспалым, есаулам Варанько і казакамі запарожскага кашавога атамана Барабаша, армія Рыгора Рамаданоўскага захапіла шэраг украінскіх гарадоў, у прыватнасці Міргарад, Лубны і Пірацін. Падчас захопу гарадоў не толькі выразаліся прыхільнікі гетмана, але і рабавалася мірнае насельніцтва. Летапісец таго часу так апісвае рабаванне Рамаданаўскім Канатопа:

«Він зустрів процесією від громадян міста, помолився і перехрестився перед ними по-христіянські, але пограбував місто і його мешканців по-татарськи і сказав «що: винуватого Бог знайде, а війська треба потішити і нагородити за праці, в поході понесені».[7]

Такія паводзіны маскоўскага войска схіляла на бок Выгоўскага ўсё больш казакоў і мірнага насельніцтва. Тым часам вясной 1659 года вялізная маскоўская армія (больш за 150 000 чал.)[8] ваяводы Аляксея Трубяцкога ўступіла ва Украіну на дапамогу Рамаданаўскаму. Да маскоўскага войска далучылася частка казацтва — ворагі Выгоўскага ў грамадзянскай вайне — на чале з прызначаным маскавітамі «гетманам» Бяспалым. Праз некаторы час загон (атрад) нежынскага палкоўніка Гуляніцкага напаў на абоз арміі Трубяцкога і, адыходзячы, нечакана захапіў Канатоп. Нягледзячы на ўгаворы і пагрозы, Гуляніцкі адмовіўся здрадзіць Выгоўскаму і з 4-тысячным атрадам казакоў абараняў Канатопскую крэпасць. Маскавіты вырашылі працягваць паход ва Украіну пасля захопу Канатопа. 21 красавіка 1659 года пачалася аблога горада.

Аблога Канатопа[правіць | правіць зыходнік]

Канатоп быў слаба ўмацаваны, з ваенна-інжынернага пункту гледжання таго часу наогул не з'яўляўся крэпасцю. Абарону горада забяспечвалі толькі земляны вал і палісад з ровам, але горад знаходзіўся ў дрыгвяной мясцовасці, што спрыяла абароне. 21 красавіка а 5-й гадзіне раніцы, пасля набажэнства, князь Трубяцкі пачаў прыступ, пасля абстрэлу з гармат маскавіты атакавалі горад. Некаторыя маскоўскія атрады здолелі ўварвацца ў крэпасць, але казакі Г. Гуляніцкага мужна бараніліся і вымусілі маскоўскіх ратнікаў адступіць з горада з вялікімі стратамі. Першы штурм праваліўся.

Пасля такога правалу Трубяцкі ўжо не адважваўся ісці на адкрыты прыступ. Замест гэтага ваявода працягваў абстрэл горада з гармат і засыпаў зямлёй роў. Але штоноч казакі выкарыстоўвалі насыпаную зямлю для ўмацавання валаў крэпасці, а таксама рабілі вылазкі, нападаючы на маскоўскія войскі побач з горадам. Імкнучыся ўнікнуць стратаў у войску ад частых нападаў казакоў, Трубяцкі быў вымушаны перанесці галоўны лагер войска на 10 км ад горада ва ўрочышча Таборышча на паўднёвай ускраіне вёскі Падліпнай. Некаторыя лічаць, што толькі падчас аблогі Канатопа маскоўскія войскі страцілі каля 10 000 чалавек.

70 дзён, да 29 чэрвеня, 4-тысячны атрад Гуляніцкага ўтрымліваў крэпасць супраць шматтысячнага войска Трубяцкога, што дазволіла Выгоўскаму арганізаваць сваё ўласнае войска, атрымаць дапамогу ад Рэчы Паспалітай і Крымскага ханства і нават сабраць наймітаў. Да казакоў Выгоўскага далучыліся польскія добраахвотніцкія конныя атрады Патоцкага, Ябланоўскага і пяхота Ланчынскага. Стаўку гетмана ахоўвалі атрады сербскіх і малдаўскіх наймітаў (каля 3800 чалавек). З крымскім ханам Мухамедам-Гірэем IV было заключана пагадненне аб дапамозе; на пачатку чэрвеня хан з'явіўся з 30-тысячным войскам.

Бітва[правіць | правіць зыходнік]

Этапы Канатопскай бітвы: 1) 27 чэрвеня — Выгоўскі нападае на маскоўскае войска пад Канатопам; 2) 28 чэрвеня — конніца Пажарскага нападае на войска Выгоўскага; 3) 29 чэрвеня — войскі Выгоўскага і крымскіх татараў знішчаюць конніцу Пажарскага, войска Трубяцкога здымае аблогу Канатопа.

Армія Выгоўскага з татарамі тым часам працягвала ісці да Канатопа. 24 чэрвеня ў вёсцы Шапавалаўка быў разбіты невялікі перадавы атрад маскавітаў. Ад палонных гетман даведаўся, што Трубяцкі ўжо знаходзіцца не ў Канатопе, і што ён не чакаў яго падыходу так хутка. На падставе гэтых звестак быў выпрацаваны план дзеянняў, паводле якога татары хаваліся ў засадзе ва ўрочышчы Таргавіца на ўсход ад вёскі Сасноўка — лагеры Выгоўскага. Сам Выгоўскі, пакінуўшы камандаванне брату Гуляніцкага Сцяпану, выправіўся пад Канатоп на чале маленькага атрада. Уранку 27 чэрвеня казакі нечакана напалі на войска Трубяцкога і выгналі у стэп шмат маскоўскіх коней. Але, ачомаўшыся, конніца Трубяцкога контратакавала казацкі атрад, вымусіўшы Выгоўскага адступіць да свайго лагера за раку Сасноўка (іншая назва — Кукілка).

Назаўтра, у суботу 28 чэрвеня Трубяцкі выправіў наўздагон Выгоўскаму 30-тысячную адборную маскоўскую конніцу на чале з баярынам Сямёнам Пажарскім. Пажарскі пераправіўся цераз раку Сасноўка і разбіў лагер на другім яе беразе. Астатняя, 30-тысячная частка войска на чале з Трубяцкім засталася ў лагеры. Тым часам 5-тысячны атрад Сцяпана Гуляніцкага зайшоў у тыл Пажарскаму, захапіў і разбурыў мост праз Сасноўку, і, перакрыўшы ўначы раку, затапіў нізіну ўздоўж яе.

Раніцай 29 чэрвеня 1659 г. невялікі атрад Выгоўскага атакаваў лагер Пажарскага і пасля кароткай сутычкі пачаў адступаць. Войскі Пажарскага, спадзеючыся на лёгкую здабычу, пакінулі лагер і пачалі переслед. Калі маскоўскія войскі ўступілі ў сяло Сасноўка, казакі трыма стрэламі з гарматы і трыма вогненнымі стрэламі далі знак рушыць ардзе і палякам, а самі пачалі контрнаступленне на Пажарскага. Пабачыўшы пастку, Пажарскі паспрабаваў адступіць, але цяжкая маскоўская конніца і артылерыя захраслі ў дрыгве каля ракі. Адначасова з флангу ўдарылі татары — маскоўская армія апынулася ў акружэнні, пачалася разня. На працягу дня 29 чэрвеня была знішчана амаль уся конніца Пажарскага, а ён сам быў захоплены ў палон разам з князямі Львовым, Ляпунавым, Бутурліным, Скуратавым, Куракіным і інш. Палонных аддалі татарам, якія амаль усіх бязлітасна выразалі. Як пісалі летапісцы, Пажарскі, паўстаўшы звязаным перад ханам, плюнуў яму ў твар і абмацюкаў, за што татары адразу ж адрэзалі яму галаву і адправілі яе з разам з абезгалоўленым целам у лагер Трубяцкога.

Трубяцкі, даведаўшыся пра разгром Пажарскага, загадаў Рамаданоўскаму як мага хутчэй зняць аблогу Канатопа і позна ўвечары пачаў адступленне з Украіны. Заўважыўшы ўцёкі маскавітаў, Рыгор Гуляніцкі выйшаў з Канатопа і напаў на армію Трубяцкога, захапіўшы шмат гармат. Падчас адступлення маскоўскае войска, апроч часткі артылерыі, страціла таксама баявыя сцягі, казну і амаль увесь абоз; сам Трубяцкі ледзь не загінуў і быў двойчы паранены. Скончыўшы бой з рэшткамі войскаў Пажарскага, казакі і татары працягвалі пераследваць ворага яшчэ на працягу трох дзён да маскоўскай мяжы.

Забітых з абодвух бакоў казакоў пахавалі ў адной брацкай магіле, а на яе месцы паставілі царкву ў гонар 40-ка пакутнікаў Севастыйскіх. Сёння гэта Канатопскі Вазнясенскі кафедральны сабор, які людзі дагэтуль называюць Саракасвятскай царквой.

Наступствы і значэнне[правіць | правіць зыходнік]

Вестка пра паражэнне пад Канатопам дайшла ў рэшце рэшт і да Масквы. Расійскі гісторык XIX стагоддзя С. М. Салаўёў апісвае рэакцыю цара на сумную вестку:

«Эліта маскоўскай конніцы, якая зрабіла шчаслівыя паходы 1654 і 1655 гадах, загінула за адзін дзень, і ўжо ніколі пасля гэтага цар маскоўскі не мог вывесці ў поле такое бліскучае войска. У жалобнай вопратцы выйшаў цар Аляксей Міхайлавіч да народа і жах ахапіў Маскву. Удар быў тым цяжэй, што было нечаканым; і яшчэ пасля такіх бліскучых поспехаў! Яшчэ нядаўна Далгарукі прывёў у Маскву палоннага гетмана літоўскага, нядаўна чуліся радасныя размовы пра радасць Хаванскага, а цяпер Трубяцкі, на якога было больш надзей, «чалавек поўны глыбокай пашаны і хупавы, у войску шчаслівы і непрыяцелям страшны», загубіў такое велізарнае войска пасля ўзяцця столькіх гарадоў, пасля ўзяцця сталіцы літоўскай царскі горад задрыжаў за ўласную бяспеку: у жніўні ў гасударавым указам людзі ўсіх чыноў спяшаліся на земляныя работы для ўмацавання Масквы. Сам цар з баярамі часта прысутнічаў пры работах; навакольныя жыхары з сем'ямі, пажыткамі напаўнялі Маскву, і хадзіў слых, што гасудар з'язджае за Волгу, за Яраслаўль».

Але небяспека нападу Выгоўскага і татараў на Маскву не апраўдалася. Пасля захопу Выгоўскім Ромнаў, Лохвіцы і некалькі іншых украінскіх гарадоў, што ўтрымлівалі яго праціўнікі, прыйшла вестка з Крыма, што казакі Івана Сірко напалі на татарскія паселішчы. Гэта прымусіла хана з ардой пакінуць Выгоўскага і вяртацца ў Крым. Грамадзянская вайна ўспыхнула з новай сілай. Хоць Гадзяцкі дагавор з палякамі і быў карысным для Украіны, ідэя саюза з палякамі не знайшла падтрымкі сярод большасці казацтва і народных мас. Да таго ж Выгоўскі грэбаваў інтарэсамі шырокай часткі ўкраінскага грамадства, абапіраючыся пераважна на казацкую старшыну, якая здраджвала яму з-за пагрозаў або абяцанкаў з боку Масквы ці Варшавы.

Доўгі час Канатопская бітва заставалася амаль забароненай тэмай у рускай і асабліва савецкай гістарыяграфіі. На працягу стагоддзяў інфармацыя пра яе замоўчвалася, бо пра падзеі пад Канатопам развенчвалі шмат вялікадзяржаўных міфаў, у прыватнасці пра «спрадвечнае імкненне ўкраінцаў да саюзу з Расіяй». Апошнім часам падзеі Канатопскай бітвы таксама ідэалізуюцца і ў некаторых украінскіх колах. На думку ўкраінцаў, нягледзячы на вялікія надзеі і на гераізм казакоў, асабліва атрада Рыгора Гуляніцкага, Канатопская бітва застаецца страчаным шанцам і хіба не самым характэрным прыкладам выйгранай бітвы і прайгранай вайны.

Зноскі

  1. Горобець В. «Влада та соціум Гетьманату. Дослідження з політичної та соціальної історії ранньомодерної України» К; 2009 ст.13
  2. В. С. Степанков «Володарі гетьманської булави» К; 1994 ст.288-289
  3. В. В. Кривошея «Козацька еліта Гетманщини» ст.133-134
  4. В. В. Кривошея «Козацька еліта Гетманщини» ст.138-140
  5. В. В. Кривошея «Козацька еліта Гетманщини» ст.144-146
  6. Т. Г. Таїрова-Яковлева: Иван Выговский // Единорогъ. Материалы по военной истории Восточной Европы эпохи Средних веков и Раннего Нового времени, вып.1, М., 2009: Под влиянием польской общественности и сильного диктата Ватикана сейм в мае 1659 г. принял Гадячский договор в более чем урезанном виде. Идея Княжества Руського вообще была уничтожена, равно как и положение о сохранении союза с Москвой. Отменялась и ликвидация унии, равно как и целый ряд других позитивных статей.
  7. Н. Маркевич. Історія Малої Росії Архівавана 29 жніўня 2011.
  8. Сучасні дослідження також подають розмір московського війська у 50 — 60 тис. і втрати сторін у 5 000 — 2 500 відповідно (Piotr Kroll Od ugody Hadziackiej do Cudnowa. Kozaczyzna między Rzecząpospolitą a Moskwą w latach 1658—1660 — Warszawa, Wydawnictwa Uniwersytetu Warszawskiego, 2008; MILITARIA UCRAINICA Олексій Сокирко КОНОТОПСЬКА БИТВА 1659 р. Тріумф в час Руїни, Київ, Темпора, 2008.)