Крывіцкае навуковае таварыства
| Няма спасылак на крыніцы.
Адсутнасць спасылак на крыніцы выклікае недавер да інфармацыі.
Калі ласка, калі ведаеце крыніцы змешчанай у артыкуле інфармацыі, пазначце іх. |
Крывіцкае (Беларускае) навуковае таварыства імя Пранціша Скарыны (КНТ). Існавала ў 1946 – 1949 гг. у Германіі, у 1949 – 1976 гг. у ЗША. Заснавана 23 чэрвеня 1946 г. у лагеры для перамешчаных асоб у г. Рэгенсбург (Германія). Яго старшынямі ў розны час былі Я. Станкевіч, А. Адамовіч і А. Махноўскі. Кіруючы орган – штогадовы з’езд. Мела на мэце аб’яднаць намаганні вучоных-беларусаў для навуковай працы ў галіне беларусазнаўства. 5 мая 1949 г. цэнтр таварыства перанесены ў г. Нью-Ёрк, 23 лістапада 1959 г. яно атрымала правы культурнай і навуковай установы, створаны аддзел ў г. Чыкага (ЗША) і Аўстраліі. Пры таварыстве дзейнічалі секцыі: літаратурная (з 26 жніўня 1950 г.), мовазнаўчая (з 28 красавіка 1951 г.), гістарычная і педагагічная (з 25 студзеня 1953 г.). 27 красавіка 1952 г. пры ім заснаваны Інстытут найноўшай гісторыі Беларусі (кіраўнік М. Чатырка) і Прэсавае бюро (кіраўнік Ю. Віцьбіч). Таварыства займалася зборам дакументаў, рукапісаў, беларускіх выданняў, якія захоўваліся ў створаным пры ім Беларускім архіве (дырэктар А. Шукелойць). З 1957 г. уваходзіла ў Беларуска-амерыканскую дапамогу (Нью-Ёрк) і Задзіночанне славянскіх навуковых арганізацый ЗША. Таварыствам выдадзены "Паказальнік беларускіх выданняў на чужыне за 1945 – 1950 гг." М. Панькова (1952), "Маленькі маскоўска-беларускі (крывіцкі) слоўнічак фразеалагічны і прыказак, а таксама прывітанняў, зычэнняў і іншае" Станкевіч (2-е выданне 1953), кнігі "Лявон Вітан-Дубейкаўскі" К. Вітан (1954), "Ул. Жылка. Творы: Да 20-х угодкаў смерці" (1953, усе ў Нью-Ёрку). Выдавала навукова-літаратурны часопіс "Веда". Спыніла дзейнасць у 1976 г. у сувязі са смерцю Станкевіча.
