Ян Станкевіч
Ян Станкевіч (Янка Станкевіч; 26 лістапада 1891, в. Арляняты, Ашмянскі павет — 16 ліпеня 1976), беларускі мовазнавец, гісторык, палітычны дзеяч. Доктар філасофіі (1926).
Змест |
[правіць] Біяграфічны нарыс
У 1-ю сусветную вайну ў дзеючай расійскай арміі. Удзельнік з'езда беларускіх нацыяальных арганізацый у Мінску (сакавік 1917), з'езда настаўнікаў Мінскай губерні (май 1917). Са снежня 1917 у Вільні, удзельнік стварэння Беларускага навуковага таварыства, у студзені 1918 абраны ў склад Віленскай беларускай рады, удзельнічаў у сесіі Рады БНР у Мінску (24-25.3.1918). У лістападзе 1918 кааптаваны ў склад Літоўскай Тарыбы. Пасля прыходу ў Вільню Чырвонай Арміі працаваў у літаратурна-выдавецкім аддзеле Наркамасветы Літоўска-Беларускай ССР, загадваў беларускім выдавецтвам «Веда». У час польска-савецкай вайны 1919—1920 член Цэнтральнай беларускай рады Віленшчыны і Гродзеншчыны, прэзідыума Беларускай цэнтральнай школьнай рады.
Скончыў Віленскую беларускую гімназію (1921), Карлаў універсітэт у Празе (1926). Доктар славянскай філалогіі і гісторыі (1926). Працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Варшаўскім універсітэце (1928—1932) і Універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні (1927—1940). Друкаваўся ў часопісе «Крывіч», заходне-беларкскіх выданнях.
Я. Станкевіч быў паслом сойма Польшчы (1928—1930). Як палітык з'яўляўся прыхільнікам польска-беларускага збліжэння, за што яго не раз крытыкавалі беларускія групоўкі.
У 1940 Янка Станкевіч выехаў у Варшаву, дзе далучыўся да дзейнасці Беларускага камітэта. Я. Станкевіч супрацоўнічаў з В. Іваноўскім, наладзіў кантакты з польскім антыфашысцкім падполлем, стварыў канспірацыйную групу пад назвай Партыя беларускіх нацыяналістаў (ПБН). Стратэгічнай мэтай гэтай дзейнасці з'яўлялася адбудова беларускай дзяржаўнасці ў апоры на Польшчу.
З восені 1941 Я. Станкевіч жыў у Менску, куды перамясціўся і ЦК ПБН, нядоўга працаваў у школьным аддзеле Мінскай управы. Станкевіч быў членам Беларускай народнай самапомачы, Беларускай незалежніцкай партыі, навуковага аддзела Беларускай цэнтральнай рады, адным з заснавальнікаў Беларускага навуковага таварыства. Выкладаў гісторыю Беларусі у падафіцэрскай школе паліцыі ў Мінску.
З 1944 Я. Станкевіч апынуўся на эміграцыі. У Германіі ён аднавіў дзейнасць Беларускага навуковага таварыства. З 1949 Я. Станкевіч жыў у ЗША, удзельнічаў у працы Беларуска-амерыканскага задзіночання, Беларуска-амерыканскага звязу, вьдаваў часопіс «Веда», «Незалежнік», супрацоўнічаў з Беларускім інстытутам навукі і мастацтва і яго выданнем «Запісы», часопісам «Сяўбіт», газетай «Бацькаўшчына» (Мюнхен), «Беларус» (Нью-Ёрк) і інш. Заснавальнік (разам са С. Станкевічам) Вялікалітоўскага фонду імя Л.Сапегі.
[правіць] Навуковая дзейнасць
Я. Станкевіч аўтар прац па беларускай гісторыі, гістарыяграфіі, мовазнаўсгве («Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзнікнення», 1930; «Час узнікнення беларускага і ўкраінскага народаў», 1931; «Крыўя-Беларусь у мінуласці», 1942; «Этнаграфічная і гістарычная тэрыторыі і граніцы Беларусі», 1953, на беларускай і англійскай мовах; «3 гісторыі Беларусі»,1958; Mova rukapisu Al Kitab. Kryvickaha muzeju Jvana Łuckieviča u Vilni. Čaść 1. Fonetyka, New York, 1954; «Нарысы з гісторыі Вялікалітвы-Беларусі», 1978). Беларусь называў Крывіяй (зыходзячы з «крывіцкай» канцэпцыі этнагенезу беларусаў) ці Вялікалітвой. Транслітарыраваў кітаб 1-й паловы 18 ст.(Кітаб Івана Луцкевіча). Падрыхтаваў «Беларуска-расійскі (Вялікалітоўска-расійскі) слоўнік» (выд. ў 1990).
[правіць] Бібліяграфія
- Друкары Иван Хведаровіч Рагаза а Пётра Мсьціславец. Нью Ёрк, 1969;
- 3 украінскіх дачыненняў да Вялікалітвы-Беларусі. Нью Ерк, 1970;
- Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Вільня, 1933 (3-е выд. Мн., 1991);
- Зьмена граматыкі беларускага яэыка ў БСРР. Вільня, 1936 (рэпр. выд.: Мн., 1991);
- Гісторыя беларускага языка. Вільня, 1939 (рэпр. выд.: Мн., 1992);
- Гісторыя Беларусі і расейская чорная сотня // Спадчына. 1998. № 2.
