Курапаты — дарога смерці

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Курапаты — дарога смерці
Жанр Публіцыстыка
Гістарычны нарыс
Аўтар Зянон Пазняк
Яўген Шмыгалёў
Мова арыгінала беларуская
Дата першай публікацыі 3 чэрвеня 1988
Апублікаваны ў Літаратура і мастацтва
Колькасць старонак 2
Электронная версія

«Курапа́ты — даро́га сме́рці» — артыкул Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва, які быў надрукаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» № 23 за 3 чэрвеня 1988 года.[1] З артыкула шырокім колам насельніцтва краіны ўпершыню стала вядома аб факце масавых растрэлаў грамадзян супрацоўнікамі НКУС ва ўрочышчы Курапаты.[2]

Гісторыя публікацыі[правіць | правіць зыходнік]

Зянон Пазняк і Яўген Шмыгалёў прынеслі артыкул на двух аркушах друкаваным шрыфтам галоўнаму рэдактару «Літаратуры і мастацтва» Анатолю Вярцінскаму. Вярцінскі панёс матэрыял дадому і да позняга вечара вывучаў яго адзін. Назаўтра ён вырашыў пусціць артыкул у друк, не выкінуўшы ніводнага радка. Аб артыкуле ён расказаў толькі свайму намесніку, баючыся заўчаснай агалоскі і магчымых праблем, бо, нягледзячы на ​​перабудову, цэнзура і работнікі КДБ нікуды не дзеліся. Паралельна параіўшыся з аўтарамі, ён папрасіў Васіля Быкава напісаць уступ да артыкула, разлічваючы, што аўтарытэт пісьменніка паслужыць таранам на шляху разнастайных перашкод.

На рэдактарскай планёрцы пра артыкул Анатоль Вярцінскі нічога не сказаў. Гатовы нумар павезлі наўпрост у Дом Друку, дзе яго ўзяў на праверку цэнзурны орган, але цэнзар не наважыўся забараніць артыкул да публікацыі.

Рэакцыя[правіць | правіць зыходнік]

Тыраж газеты імгненна раскупіўся і перадаваўся з рук у рукі. Яго перапісвалі ад рукі, перадрукоўвалі на машынках, прымудраліся нават размножваць праз капіявальныя машыны на ваенных прадпрыемствах. Шакаваныя людзі апавядалі, як знікалі ў 1930-х гадах іх сваякі, пісалі лісты і прыходзілі у рэдакцыю асабіста са сваімі гісторыямі і сведчаннямі.

Вярцінскаму патэлефанаваў памочнік старшыні прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР і папрасіў даць нумар газеты для вывучэння. Праз некалькі дзён з Масквы прыехаў спецкар найбуйнейшай японскай газеты «Asahi Shimbun[ja]», каб зрабіць вялікі матэрыял пра Курапаты. Артыкулы, заснаваныя на тых жа фактах, выйшлі ў выданнях «Московские новости[ru]», «Известия[ru]», «Огонёк[ru]», праходзіў сюжэт па Цэнтральным тэлебачанні[ru]. 14 чэрвеня галоўны пракурор БССР Георгій Тарнаўскі распачаў першую крымінальную справу ў СССР па фактах злачынстваў, учыненых НКУС. У 1990 годзе, Георгій Тарнаўскі разам з журналістамі напісаў кнігу «Курапаты: следства працягваецца», якая разышлася накладам 100 000 экзэмпляраў і ў якой куды больш падрабязна расказана аб сталінскім генацыдзе.

Пад ціскам грамадскасці была створаная ўрадавая камісія, у якую ўвайшлі пісьменнікі Васіль Быкаў і Іван Чыгрынаў, народны мастак СССР Міхаіл Савіцкі, былая падпольшчыца Герой Савецкага Саюза Марыя Осіпава, кіраўнікі Мінюста і МУС БССР, Вярхоўнага Суда, КДБ, навукоўцы, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый. Следствам кіраваў Язэп Бролішс — следчы па асабліва важных справах Генпракуратуры БССР.

Зноскі

  1. Пальчис, Эдуард. «Курапаты: Дарога Смерці». История самой влиятельной беларуской статьи XX века (руск.). KYKY.ORG (3 июня 2018). Праверана 4 чэрвеня 2021.
  2. Богуславская, Александра (06.04.2019). "Война за память: чем властям Беларуси мешают кресты в Куропатах". Deutsche Welle. Праверана 2021-06-04. {{cite news}}: Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка); Шаблон цытавання мае пусты невядомы параметр: |coauthors= (даведка)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]