Кушнерства

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Кушнерства — від рамяства, якое займаецца вырабам шкур і футра свойскіх жывёл і дзікіх звяроў. Асноўныя разнавіднасці: выраб аўчын і звярковых шкурак.

Прымітыўныя спосабы вырабу шкур былі вядомыя на тэрыторыі Беларусі ў глыбокай старажытнасці, у познім палеаліце (каменныя скрабкі, касцяныя іголкі). Пасля пачатку развядзення авечак (3 тыс. д.н.э.) з'яўляецца прымітыўная апрацоўка аўчын. У Сярэднявеччы ўзровень тэхнікі апрацоўкі шкур быў ужо даволі высокі. У 16—пач. 17 ст. ў Беларусі засноўваліся цэхі кушняроў (Магілёў, Мінск, Полацк, Віцебск, Брэст, Слуцк, Клецк, Гродна, Давыд-Гарадок), з канца 18 ст. з'яўляюцца скураныя мануфактуры (найбуйнейшыя з іх — Тызенгаўза ў Гродне, Зорыча ў Шклове, Галынскага ў Крычаве).

Беларускія футры не толькі задавальнялі мясцовы попыт, але і былі, на працягу стагоддзяў, важным артыкулам экспарту ў Зах. Еўропу. Асабліва слаўнымі сярод беларускіх кушняроў былі магілёўскія і шклоўскія.

Далейшае развіццё і ўдасканаленне тэхнікі і тэхналогіі кушнерскай вытворчасці адбываліся ў 19 ст. Дубленне аўчын у беларусаў стала вядомым у 1830-я гг., але распаўсюдзілася пазней, у канцы 19 ст. У 20 ст. разам з традыцыйным раслінным (арганічным) дубленнем у адвары кары дрэваў (дуб, лаза, елка, сасна) пачалі карыстацца і мінеральным (неарганічным) з дапамогай квасцоў.

Нядубленыя, белыя кажухі баяліся вільгаці, рабіліся ад яе жорсткімі, таму на іх надзявалася суконная світа або палатняны насоў. Белыя кажухі бытавалі яшчэ ў пач. 20 ст. Дубленыя нефарбаваныя кажухі былі светла-карычневымі, у пач. 20 ст. у побыт уваходзіць фарбаванне аўчын хімічнымі фарбамі ў карычневы, чорны колер.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 9: Кулібін — Малаіта / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: БелЭн., 1999. — 560 с.: іл. ISBN 985-11-0155-9 (т. 9), ISBN 985-11-0035-8.