Мальвазія

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Бутэлька мальвазіі

Мальвазія, мальмазія — салодкае лікёрнае грэчаскае віно з вінаграда такой самай назвы. Вылучаецца незвычайным прыемным салодкім смакам і букетам. Вырабляецца з дбайна адабраных ягад, якія збіраюцца ў некалькі прыёмаў, па меры паспявання, прычым найвышэйшы гатунак гэтага віна, які мае назву pigno, атрымоўваецца лёгкім прэсаваннем вінаграда, з якого пасля яшчэ некалькіх прэсаванняў, але без грабянёў, вырабляюць іншы гатунак мальвазіі — mosto.

Спачатку мальвазіяй зваўся гатунак грэчаскага віна, які выраблялі каля г. Манемвазія (адсюль і назва) на ўзбярэжжы Лаконіі. Пазней яго сталі вырабляць на ўсім паўвостраве Пелапанес, на Кіпры, Крыце, Самасе і іншых грэчаскіх астравах Эгейскага мора. Пачынаючы з XVIII ст. з'явілася тэндэнцыя распаўсюджваць гэтую назву на ўсякія салодкія грэчаскія віны.

На Русі мальвазія з'явілася ў X ст., пасля хрышчэння, як адзін з прадметаў царкоўнага культу — ёю прычашчалі ў праваслаўным абрадзе. Тады яна была вельмі дарагой і па-за царкоўнымі абрадамі ўжывалася рэдка. З часам імпарт гэтага віна павялічыўся, да таго ж за мальвазію пачалі лічыць і салодкія віны, вырабленыя ў Балгарыі і Малдове. Гэта значна знізіла кошт, і паспрыяла больш шырокаму яе ўжыванню.

У XVI ст. у ВКЛ мальвазія ўжо лічылася адным з традыцыйных алкагольных напояў, аб гэтым згадвае Іван Мялешка ў сваёй соймавай прамове.

«И то велми страшная шкода: гологуздые кури ховати, их достатком варити и инные пташки смажити, торты тые цинамоном, микгдалами цукровати,— за моей памети присмаков тых не бывало. Добрая была гуска з грибъками, качка з перчиком, печонка з цыбулею или чосныком; а коли на перепышные достатки, каша рижовая з шафраном; вина венгерского не заживали перед тым, малмазию скромно пивали, медок и горилочку дюбали. Але гроши под достатком мевали, мури сильные муровали и войну славную крепко и лучшей держали, как тепер.»[1]

Зноскі