Матрона Сяргееўна Маркевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Матрона Маркевіч)
Матрона Сяргееўна Маркевіч
Род дзейнасці сялянства
Дата нараджэння 1886
Месца нараджэння
Дата смерці 1957
Месца пахавання

Матрона Сяргееўна Маркевіч (у дзявоцтве Кацар; 1886, в. Клімавічы, Сенненскі павет, Магілёўская губерня  — 1957) — беларуская сялянка, сястра беларускага гісторыка мастацтва, доктара мастацтвазнаўства М. С. Кацара.

Арнамент, вышыты М. Маркевіч на рушніку, быў выкарыстаны пры стварэнні сцяга Беларускай ССР, з 1995 года ён таксама выкарыстоўваецца на афіцыйным сцягу Рэспублікі Беларусь.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў 1886 годзе ў вёсцы Клімавічы Сенненскага павету Магілёўскай губерні (цяпер — Сенненскі раён Віцебскай вобласці) ў сям’і заможнага селяніна Сяргея Кацара. Пасля замужжа з Аляксеем Захаравічам Маркевічам (1885—1937) пераехала ў вёску Касцелішча. Бацькі выхоўвалі семярых дзяцей: Міхаіл (1919/1920), Аляксандра (1922), Зінаіда (1924), Аркадзь (1926), Сцяпан (1937), Лідзія. Двое з шасці дзяцей яшчэ маленькімі памерлі ад тыфу. У 1933 годзе сям’ю раскулачылі. У 1937 годзе Аляксей Маркевіч наадрэз адмовіўся ўступаць у калгас, па даносе быў арыштаваны і па пастанове «тройкі» (арт. 72 КК БССР) расстраляны ў Оршы[1], меркавана, на Кабыляцкай гары. Сям’я галадала, Матрона Маркевіч пайшла працаваць у калгас, дзе яе не прымалі, даручалі самую чорную працу, называлі кулачкай.

Падчас Вялікай Айчыннай вайны Матрона Маркевіч страціла сына Міхаіла. Яна пякла хлеб партызанам, а дзеці адносілі яго ў лес. Увесну 1944 года немцы спалілі в. Касцелішча разам з домам Маркевічаў. Матрона з дзецьмі сышла да партызанаў, пабудавала зямлянку, у якой пачала займацца ткацкай справай. Жанчына сама знайшла ўсе неабходныя інструменты, ніткі. Калі старэйшага сына забралі ў армію, ткацтва ратавала Матрону і яе дачку Зінаіду ад голаду. Ткацкія вырабы жанчыны адносілі ў Сянно, каб прадаць і купіць ежы[2]. У 1951 годзе яшчэ жыла ў зямлянцы, церпячы на рэўматызм, пра што сведчыць яе ліст да брата М. С. Кацара[3].

Памёрла ў 1957 годзе. Пахавана на могілках каля былой в. Касцелішча.

Арнамент[правіць | правіць зыходнік]

Арнамент на дзяржаўным сцягу Беларусі.

Арнамент, які называецца «Узыходзячае сонца», Матрона Сяргееўна выткала ў 1917 годзе. Спачатку ён выкарыстоўваўся для ўпрыгожвання рушнікоў і жаночай вопраткі. Ручнік майстрыхі пасля адной з этнаграфічных экспедыцый трапіў у архіў Белпрамсавета. У 1951 годзе Вярхоўны Савет БССР даручыў Акадэміі навук Беларусі стварыць эскіз новага сцяга рэспублікі. Пасля прагляду шматлікіх фондаў музеяў у даваенным архіве Белпрамсавета быў знойдзены малюнак арыгінальнага ўзору Матроны Маркевіч, вышыты на рушніку. Пры абмеркаванні, у якім прынялі ўдзел брат Матроны — доктар мастацкіх навук Міхаіл Кацар і мастак Мікалай Гусеў, узор быў дапоўнены хлебам.

Сама Матрона Маркевіч памерла не даведаўшыся пра гэта. З братам-навукоўцам адносінаў амаль не падтрымлівала, баючыся нашкодзіць яго кар’еры, бо яе лічылі жонкай «ворага народа».

Памяць[правіць | правіць зыходнік]

У 2015 годзе па ініцыятыве краязнаўцы Валерыя Бандарэвіча ў Сянне з’явіўся памятны знак «Родны край» у гонар Матроны Маркевіч[2] (скульптар Іван Казак).

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Послание Матрены Маркевич // Витебские новости — 2 июля 2015 года, № 75 (300).

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]