Горад Орша
З Вікіпедыя.
| Горад
Орша
|
ОРША — горад абласнога падпарадкавання ў Віцебскай вобласці Беларусі, адміністрацыйны цэнтр Аршанскага раёна, на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. У 93 км ад Віцебска. Вузел чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і аўтамабільных дарог. Насельніцтва 123,9 тыс. чал. (2006).
|
[правіць] Гісторыя
Дзяцінец старажытнай Оршы размяшчаецца ў зліцця рэк Аршыцы і Дняпра (тут выяўленыя селішчы бронзавага і жалезнага вякоў). Лічыцца, што ўпершыню згадваецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як Ръша, хаця гледзячы з будовы летапіснага сказу верагодней мелася на ўвазе рака Аршыца, бо паводле археалагічных даследаванняў тымчасова ў тым месцы не было горада, а толькі невялікае паселішча вясковага тыпу, якое верагодна абслугоўвала шлях з вараг у грэкі. Верагодна горад пабулаваны ў 1101-1116 кн. Глебам Менскім.[1]
З 1320-х горад у складзе ВКЛ, дзяржаўнае ўладанне, з 1560-х цэнтр павета. У 1-й пал. 14 ст. у сувязі з прымежным размяшчэннем горада вял.кн. Альгердам збудаваныя Аршанскія гарадскія ўмацаванні, у 1398—1407 па ўказе князя Вітаўта на месцы гарадзішча быў пабудаваны каменны Аршанскі замак. Падчас шматлікіх войнаў 16 ст. Орша неаднаразова руйнавалася, таму ў 1611—1614 вызваленая ад дзяржаўных падаткаў. У 17 ст. была адным з найбуйнейшых мастацкіх цэнтраў Беларусі, у Оршы існавала 26 відаў рамёстваў. Тут працавалі разьбяры Восіп Андрэяў і Андрэй Фёдараў, гравёр Пасій, чаканшчык і залатар Апанас Турок, майстры-збройнікі і мастакі. З Оршы пісаў свае вядомыя «Лісты» (1567—1587) Ф. С. Кміта-Чарнобыльскі, адсюль паходзіць «Збор польскіх і рускіх вершаў» (кан. 17 ст.), «Аршанскі кодэкс» (1693), у 1812 у Оршы знойдзена «Аршанскае Евангелле» (кан. 12 — пач. 13 ст.). Горад меў гандлёвыя сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай, быў транзітным цэнтрам, пачатковым пунктам вялікага гандлёвага шляху, які праходзіў па тэрыторыі ВКЛ з усходу на захад. У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права. У 1630—1650-я у Оршы пры Куцеінскім Багаяўленскім манастыры працаваў друкар Спірыдон Собаль. З 1772 у складзе Расіі, цэнтр правінцыі (да 1775). У 1812 горад захоплены французскімі войскамі. Інтэндантам Оршы быў прызначаны А. Бейль (пазней вядомы пісьменнік Стэндаль). У лістападзе 1812 падчас адступлення французы спалілі горад. У 1848 прыняты новы план забудовы. У 2-й пал. 19 ст. буйны чыгуначны вузел. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—1930 акругі. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты знішчылі прамысловыя прадпрыемствы і больш 75% жыллёвага фонду горада.
[правіць] Насельніцтва
У 2006 — 11% насельніцтва Віцебскай вобласці. Забяспечанасць людзьмі працаздольнага ўзросту — высокая: 63% (2006), узроставая структура насельніцтва — аптымальная, эканамічна эфектыўная.
[правіць] Эканоміка
Горад з'яўляецца апорным шматфункцыянальным цэнтрам трансеўрапейскай транспартнай сеткі з развітой прамысловасцю і адносна развітой сацыяльна-культурнай сферай. Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, лёгкай (РУВГП «Аршанскі льнокамбінат», фірма «Світанак», інш.), харчовы (ААТ «Аршанскі мясакамбінат», ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат»), будаўнічых матэрыялаў прамысловасці. Орша — цэнтр турызму нацыянальнага значэння. Гасцініца «Орша».
[правіць] Культура
Аршанскі мемарыяльны музей К. С. Заслонова, Аршанскі музей гісторыі і культуры горада, Аршанскі музей У. Караткевіча, Аршанскі этнаграфічны музей «Млын», Аршанскі музей драўлянай скульптуры разьбяра С. С. Шаўрова, гарадская выставачная зала.
[правіць] Выдатныя мясціны
- агаленне горных парод «Орша» — геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння
- гарадзішча 11—13 ст.
- Аршанскі вадзяны млын
- Аршанскі касцёл святога Іосіфа
- Аршанскі манастыр трынітарыеў
- Аршанскі Багаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр
- Аршанская Ільінская царква
- Аршанскі Пакроўскі мужчынскі манастыр
- будынак былой рэальнай вучэльні (пач. 20 ст.).
[правіць] Вядомыя асобы
- У. Караткевіч (1930-1984), беларускі пісьменнік
- ↑ В. Ляўко...

