Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»
Заснаваны 1997
Месцазнаходжанне в. Завоссе, Баранавіцкі раён, Брэсцкая вобл.
Дырэктар Дмухоўскі Віктар Паўлавіч
Адкрыты 10:00-17:00 штодня, акрамя панядзелка і аўторка
Білет школьнікі – 1,50 руб. студэнты – 1,50 руб. дарослы – 3,00 руб.
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Музей-сядзіба Міцкевічаў «Завоссе»музей на тэрыторыі сядзібы Міцкевічаў у в. Завоссе Баранавіцкага раёна. Створаны да святкавання 200-годдзя з дня нараджэння Адама Міцкевіча. Будынкі сядзібы пабудаваны з нуля на старых падмурках, унутры размясцілася экспазіцыя па матывах паэмы «Пан Тадэвуш».

З’яўляецца філіялам Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Музей заснаваны 11.11.1997 паводле Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “Аб святкаванні 200-годдзя з дня нараджэння паэта А. Міцкевіча”.

Адкрыты для наведвальнікаў 08.09.1998.

Сядзіба[правіць | правіць зыходнік]

Сядзіба

Сядзіба прадстаўляе сабой шляхецкі двор 2-й пал. ХVІІІ ст.: драўляныя будынкі, пакрытыя чаротам, у цэнтры аднапавярховы дом з ганкам, насупраць яго свіронак (лямус), далей абора, гумно, лазня каля стаўка, студня-жураў і інш. Двор абнесены моцнай агароджай, бо, як у тыя часы казалі: «шляхціч у сваёй загродзе – роўны ваяводзе». Каля дома разбіты кветнікі, растуць дрэвы, дэкаратыўныя кусты. Сама сядзіба размешчана ў нізіне паабапал палёў, толькі з аднаго боку ўзвышаецца вялізная гара Жарнова, якую Міцкевіч упамінае ў паэмах. Ёсць тут і невялікія гаёчкі з хваёвых і лістовых дрэў.

Экспазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Унутры будынкаў сядзібы размешчана пастаянная экспазіцыя музея. У аснову экспазіцыі пакладзена паэма «Пан Тадэвуш».

Сталовы пакой

Цэнтральнае месца займае дом-музей, які складаецца з некалькіх пакояў: сенцы, сталовы пакой, кабінет, спальны пакой, кухня, аптэчка, дакументальная зала. У сенцах дэманструюцца паляўнічыя трафеі гаспадара дома і некаторыя прадметы побыту (ражок, сядло, зброя, шляхецкае адзенне). У сталовым пакоі экспануюцца партрэты Тадэвуша Касцюшкі, Тадэвуша Рэйтана, Якуба Ясінскага, падлогавы гадзіннік, абедзенны стол з крэслам і лавамі, буфет. У “Пакоі Адама” змешчаны матэрыялы пра сям’ю Міцкевічаў: радаслоўнае дрэва, партрэты Адама і яго бацькоў, лісты маці, аналаг куфра А.Міцкевіча, чарнільніца, кнігі, вобраз Маці Божай Вострабрамскай. Аптэчка ўтрымлівае куфар, збанок, макацёр, аптэчныя бутэлькі і інш. прыстасаванні для захоўвання і выкарыстання лекавых раслін і настояў з іх. Спальны пакой адпаведна сюжэту паэмы “Пан Тадэвуш” мае выгляд жаночага пакою: дэманструюцц фісгармонія, шкатулкі, люстэрка, канапка, веер, сукенка. У дакументальнай залі прадстаўлены матэрыялы археалагічных раскопак і дакументы, звязаныя з гісторыяй фальварку.

Свіронак (летні пакой)

У свіронку на першым паверсе адноўлены традыцыйны інтэр’ер: бочкі, плеценыя корабы, кошыкі, сіта, сукала, меры ёмістасці і інш., а на другім паверсе дэманструюцца канапа, пісьмовы стол, чарнільніца, падсвечнікі, рукамыйнік — пакой абстаўлены для таго, каб Адам Міцкевіч адпачываў тут падчас школьных і студэнцкіх вакацый. На падлозе тут, як і ў тыя часы, ляжыць шкура мядзведзя, стаяць ложак, стол, дарожны куфэрак і іншыя рэчы.

Дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Музей арганізуе мерапрыемствы, прымеркаваныя да юбілеяў А. Міцкевіча або падзей к. XVIII — XIX ст. Супрацоўнікі музея праводзяць літаратурныя сустрэчы, чытанні, лекцыі для школьнікаў, разнастайныя святы. Летам на тэрыторыі сядзібы арганізуюцца пленэры для мастакоў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]