Мяса

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Мяса розных гатункаў

Мя́са — шкілетная папярэчна-паласатая мускулатура жывёлы з прылеглымі да яе тлушчавымі і злучальнымі тканкамі, а таксама прылеглай коснай тканкай (мяса на касцях) або без яе (бяскоснае мяса). Таксама, мясам часамі называюць некаторыя субпрадукты: языкі, печань, ныркі, мазгі, сэрца, дыяфрагмы, мяса галоў і стрававода і г. д.

Мяса выкарыстоўваецца пераважна як харчовы прадукт. Прадукт каштоўны, перш за ўсё таму, што мае ў сабе многа паўнацэннага жывёльнага бялку: у розных гатунках мяса жывёл і птушак яго ўдзельная вага дасягае 14-24%. Акрамя бялку, у мясе значная колькасць тлушчаў, якія ўплываюць на яго каларыйную каштоўнасць і спрыяюць хуткаму насычэнню. Усе віды мяса таксама багатыя жалезам, вітамінамі А, В1, В6, В12. Акрамя таго, у мясе ёсць так званыя экстрактыўныя рэчывы, што ўзбуджаюць апетыт і стымулююць сакрэцыю стрававальных сокаў. Але празмернае спажыванне мяса можа прывесці да перагрузкі арганізма азоцістымі шлакамі.

Даросламу чалавеку, які займаецца лёгкай фізічнай працай, пры змешаным харчаванні зусім дастаткова 150-200 г мяса ці мясных прадуктаў на дзень. Тлустае мяса пераварваецца ў страўнікава-кішачным тракце больш павольна, чым поснае. Таму пры паніжанай сакрэцыі страўнікавага соку, асабліва ў спякотныя летнія дні, поснае мяса, бясспрэчна, больш карыснае, чым тлустае; і наогул, свініну больш спажываюць у халодны перыяд года.

Вызначэнне мяса ў розных культурах уключае розныя складнікі. Напрыклад, сукупнасць тканін рыб і іншых водных жывёл не заўсёды ўключаецца ў паняцце «мяса». Вялікая частка мяса, якое спажываецца людзьмі, вырабляецца пасродкам забою хатніх жывёл спецыяльных мясных парод у разніцы. У ежу выкарыстоўваецца мяса і іншых жывёл, як то дзікіх буйных і дробных сысуноў, рэптылій, амфібій і іншых. У розных кухнях свету выкарыстоўваецца мяса розных жывёл. У асноўным гэта залежыць ад даступнасці розных гатункаў і традыцый кухні. Разглядаецца магчымасць вырошчвання мяса «у прабірцы»[1].

Слова «мяса» можа ўжывацца і ў пераносным значэнні, напрыклад, «гарматнае мяса».

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Энцыклапедыя сельскага гаспадара. - Мн.: БелЭн, 1993.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]