Наталля Леанідаўна Русецкая

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Наталля Леанідаўна Русецкая
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 1 лютага 1974(1974-02-01) (50 гадоў) ці 1974[1]
Месца нараджэння
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці паэтка, перакладчыца, літаратуразнаўца, выкладчыца ўніверсітэта, літаратар
Мова твораў беларуская

Наталля Леанідаўна Русецкая (нар. 1 лютага 1974, г. Урэнь, Горкаўская вобласць, РСФСР) — беларуская паэтэса, перакладчыца.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 1991—1996 гг. вучылася на беларускім аддзяленні філалагічнага факультэта БДУ. Пераклала асобныя лісты Барбары Радзівіл да караля Жыгімонта (пераклады лістоў надрукаваны ў часопісе «Спадчына» № 6, 1997). Вершы друкавала ў часопісах «Першацвет», «Крыніца», а таксама ў газетах «ЛіМ» і «Чырвоная змена». З 2005 года жыве ў Любліне (Польшча), працуе на Кафедры беларусістыкі Ўніверсітэта Марыі-Складоўскай Кюры.

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

У 2004 г. выйшаў зборнік «Два бяссонні», куды ўвайшлі арыгінальныя вершы і пераклады з польскай лірыкі: творы Е. Ліпскай, К. І. Галчыньскага, М. Паўлікоўскай-Яснажэўскай, В. Шымборскай.

Перакладала творы польскіх драматургаў: С. І. Віткевіча «Вар'ят і манашка», В. Гамбровіча «Івона, прынцэса Бургундская», абодва пераклады надрукаваны ў зборніку «Вар'ят і манашка. Польская драматургія ХХ ст.» (Мінск, 2005). Пераклад п'есы М. Вайтышкі, «Нязломны рыцар, альбо Няволя прынцэсы Парэксэлянцыі», змешчаны ў зборніку «Сучасная польская п'еса» (Мінск, 2002). У «Выбраныя творы» Францішкі Уршулі Радзівіл (Мінск, 2003) уключаны шэраг паэтычных і драматургічных перакладаў з творчай спадчыны княгіні-пісьменніцы. Падрыхтавала да друку арыгінальныя тэксты і зрабіла пераклады любоўных вершаў Ф. У. Радзівіл, выдадзеных у 2011 г. асобным зборнікам «Нясвіжскі альбом».

У 2007 г. выйшла ў свет манаграфія «Сямейная муза. Паэзія Францішкі Уршулі Радзівіл». Два гады пазней ва ўніверсітэце Марыі Складоўскай-Кюры ў Любліне (Польшча) абараніла кандыдацкую дысертацыю на тэму «Паэзія Францішкі Уршулі Радзівіл у кантэксце літаратуры Беларусі XVIII ст.»

Супрацоўнічала з Нацыянальным акадэмічным тэатрам імя Янкі Купалы, на сцэне якога былі пастаўлены пераклады такіх п'ес, як «Дзеці Ванюшына» С. А. Найдзёнава, «Івона, прынцэса Бургундская» В. Гамбровіча, «Лістапад. Андэрсен» А. Паповай. На падставе перакладаў п'есы «Распуснікі ў пастцы» і опернага лібрэта «Шчаслівае няшчасце» створаны спектакль «Выкраданне Еўропы, альбо Тэатр Уршулі Радзівіл (нясвіжская арлекінада)», пераклады тэкстаў песень Мар'яна Хемара выкарыстаны ў спектаклі «Местачковае кабарэ».

Зноскі

  1. Czech National Authority Database Праверана 2 мая 2022.