Невыносныя законы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Невыносныя законы (вядомыя пад англійскімі назвамі Intolerable Act, Coercive Acts і Punitive Acts) — шэраг заканадаўчых актаў, прынятых Брытанскім парламентам на працягу 1774 г. ў адказ на знішчэнне чаю Ост-Індыйскай кампаніі. Няма адзінай думкі гісторыкаў аб тым, якія з прынятых у гэты час законаў можна было б аднесці да невыносных, звычайна колькасць вагаецца паміж лічбамі 4 і 5[1]. Першыя тры былі накіраваны выключна супраць калоніі Масачусэтс і горада Бостан. Чацвёрты ахопліваў усе 13 англамоўных амерыканскіх калоній. Усе, акрамя «Квебекскага акта», насілі тэрміновы характар, як часовыя непапулярныя меры.

Апісанне невыносных законаў[правіць | правіць зыходнік]

«Бостанскі партовы акт» (The Boston Port Act). Прыняты 31 сакавіка 1774 г., пачаў дзейнічаць з 1 чэрвеня 1774 г. Аб'яўляў поўную марскую блакаду бостанскага порта да выплаты кампенсацыі Ост-Індыйскай кампаніі і пэўных тарыфных збораў у бюджэт метраполіі. Таксама гэтым законам адміністрацыя калоніі і галоўны порт пераносіліся ў горад Салем.

«Масачусэцкі ўрадавы акт» (The Massachusetts Government Act). Прыняты 20 мая 1774 г., пачаў дзейнічаць з 1 ліпеня 1774 г. Адмяняў выбарнасць членаў выканаўчага савета калоніі і перадаваў права іх прызначэння каралю. У рамках ажыццяўлення гэтага закона губернатар правінцыі Масачусэцкага заліва распусціў правінцыяльны сход у кастрычніку 1774 г.

«Акт ажыццяўлення правасуддзя» (The Administration of Justice Act). Прыняты 20 мая 1774 г. на тры гады і пачынаў дзейнічаць з 1 чэрвеня таго ж года. Дазваляў перанос судовага разбіральніцтва за тэрыторыю Калоніі Масачусэцкага заліва — ў іншую калонію ці ў Вялікабрытанію па некаторых справах аб крымінальных абвінавачваннях супраць урадавых чыноўнікаў метраполіі ў выпадку, калі ёсць падазрэнні, што суд прысяжных будзе прадузята ставіцца да абвінавачаных. Мелася істотнае абмежаванне: магчыма было перанесці слуханнне толькі па справе аб абвінавачванню за злачынства, за якое па брытанскім законам выносілался смяротнае пакаранне і толькі калі гэта злачынства ажыццявіў джяржслужачы падчас супрацьстаяння грамадскім хваляванням. Пры гэтым сведкі і іншыя ўдзельнікі працэсу ехалі на новае месца разбіральніцтва за дзяржаўны кошт.

«Кватэравальны акт» (The Quartering Act). Прыняты 2 чэрвеня 1774 г. як новая рэдакцыя адпаведнага закона 1765 г. тэрмінам дзеяння да 24 сакавіка 1776 г. Дазваляў размяшчэнне вайскоўцаў у свабодных жылых пабудовах (харчэўнях, гасцініцах) і нежылых пабудовах непасрэдным рашэннем губернатара той ці іншай амерыканскай калоніі на працягу 24-х гадзін пасля ўзнікнення такой патрэбы пры адсутнасці вайсковай казармы альбо калі казарма не магла змясціць усіх вайскоўцаў. Прычына новай рэдакцыі закона была звязана з тым, што раней губернатару было цяжка атрымаць дазвол ад мясцовай каланіяльнай адміністрацыі на размяшчэнне вайскоўцаў па-за межамі казармы.

«Квебекскі акт», (The Quebec Act) які часам адносяць да групы невыносных законаў. Прыняты 7 кастрычніка 1774. Пашыраў граніцы правінцыі Квебек, ўводзіў там французскі грамадзянскі кодэкс, аб'яўляў свабоду веравызнання для каталікоў на яе тэрыторыі і змяшчаў новую версію прысягі каралю-пратэстанту, якая была больш паліткарэктнай для яго падданых-каталікоў.

Рэакцыя амерыканскіх калоній[правіць | правіць зыходнік]

Грамадска-палітычная эліта 13 амерыканскіх калоній успрыняла гэтыя законы даволі негатыўна. Менавіта з іх падачы яны ўвайшлі ў гісторыю як «невыносныя» (intolerable). У адказ на невыносныя законы быў скліканы Першы Кантынентальны Кангрэс, які распрацоўваў варыянты кампраміснага ўрэгулявання і контр-мер супраць гэтых законаў. Супрацьстаянне ўрада метраполіі з палітычнай элітай калоній скончылася вайной за незалежнасць і стварэннем ЗША.

Зноскі

  1. Напрыклад, у адпаведным англійскім артыкуле Вікіпедыі «Квебекскі акт» не ўваходзіць у пералік невыносных законаў, а ў рускім артыкуле ён наадварот аднесены да іх ліку

Тэкст невыносных законаў[правіць | правіць зыходнік]


Дадатковая інфармацыя[правіць | правіць зыходнік]