Опса (курганны могільнік)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Курганны могільнік
Опса
Краіна  Беларусь
Аграгарадок Опса
Заснавальнік крывічы
Будаўніцтва IX стагоддзе — 1-я палова XI стагоддзя
Статус Ахоўная шыльда гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. Гісторыка-культурная каштоўнасць Беларусі, шыфр 213В000208шыфр 213В000208

Опса — курганны могільнік каля аграгарадка Опса Браслаўскага раёна Віцебскай вобласці. Знаходзіцца за 3 км на поўдзень ад вёскі, у лесе, злева ад шашы БраслаўВідзы.

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Адносіцца да IX — 1-й паловы XI стагоддзяў. Належаў крывічам.

80 насыпаў вышынёй ад 0,8 м да 2 м, дыяметрам ад 5 да 10 м. Вакол многіх насыпаў праглядаюцца раўкі. У паўночнай частцы могільніка знаходзяцца найбольш высокія курганы.

Вядомы з канца XIX стагоддзя. У 1893 годзе 11 курганоў даследаваў Ф. В. Пакроўскі. Пахавальны абрад — трупаспаленне і трупапалажэнне. Знойдзены жалезныя нажы і спражкі, крэсівы, бранзалеты, ляпныя пасудзіны. Могільнік абследавалі ў 1972 годзе М. М. Чарняўскі, у 1980 годзе — Л. У. Дучыц, у 2009 годзе — А. М. Плавінскі. У 1996 годзе Л. У. Дучыц даследавала 1 курган, В. Н. Рабцэвіч і А. М. Плавінскі — пяць.

У аснаванні насыпаў былі выяўлены попельныя праслойкі. Рэшткі здзейсненых па-за межамі курганоў крэмацый змешчаны ў мацерыковых ямках, на гарызонце, у насыпе і на вяршыні. Былі выяўлены ляпныя і раннекругавыя гаршчкі, бронзавыя ўпрыгажэнні, пашкоджаныя агнём: фргаменты бранзалета, шыйных грыўняў, бранзалетападобных скроневых кольцаў, ланцужкоў, спіральных пранізак, трохдзіркавыя ланцугатрымальнікі, трапецападобныя падвескі, гузікі, аплаўленыя шкляныя пацеркі жоўтага і блакітнага колеру, жалезныя нажы, спражка, ігла, крэсіва.

Пахаванні па абрадзе трупапалажэння змешчаны на гарызонце, галовамі на ўсход, паўднёвы ўсход і захад. Пахавальны інвентар — ляпны і кругавы гаршчкі, сякера.

Матэрыялы даследаванняў Ф. В. Пакроўскага знаходзяцца ў Нацыянальным музеі Літвы, Л. У. Дучыц, А. М. Плавінскага і В. Н. Рабцэвіча — у Браслаўскім раённым аб’яднанні краязнаўчых музеяў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]