Правы ЛГБТ у Латвіі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Правы ЛГБТ у Латвіі
Латвія на карце свету
Крымінальны пераслед
Аднаполыя адносіны Крымінальна не пераследваюцца
Аднаполыя саюзы Аднаполыя шлюбы заканадаўча забаронены. Іншыя формы саюзаў не рэгіструюцца.
Змена полу Дазволена законам
Законы супраць
дыскрымінацыі
У сферы працы (2006)

Гомасексуальныя адносіны ў Латвіі легальныя з 1992 года. Пытанне правоў ЛГБТ актыўна абмяркоўваецца ў грамадстве. Аднак у краіне няма ніякіх формаў рэгістрацыі аднаполых саюзаў, а аднаполыя шлюбы афіцыйна забароненыя ў Канстытуцыі краіны. У 2006 годзе ў краіне быў прыняты закон, які забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце сексуальнай арыентацыі.

Прававое становішча[правіць | правіць зыходнік]

Крымінальны кодэкс Латвійскай ССР, які зведаў значныя змены, захаваў сілу і пасля абвяшчэння незалежнасці Латвіі і выхаду яе са складу СССР у 1991 годзе[1]. Пры гэтым артыкул за «педэрастыю» быў адменены ў 1992 годзе. Новы Крымінальны кодэкс Латвійскай Рэспублікі, які дзейнічае сёння, быў прыняты 17 чэрвеня 1998 года і ўступіў у сілу з 1 красавіка 1999 года.

У 2005 годзе Сейм Латвіі прыняў папраўкі да канстытуцыі, паводле якіх быў зменены артыкул 110, дзе ў новай рэдакцыі было відавочна прапісана, што шлюб — гэта саюз паміж мужчынам і жанчынай. Такім чынам, у канстытуцыі былі забароненыя аднаполыя шлюбы. За папраўкі прагаласавалі 73 дэпутаты, супраць — тры, 12 — устрымаліся[2].

У верасні 2006 года парламент Латвіі адхіліў падрыхтаваны Латвійскай першай партыяй законапраект аб забароне прапаганды аднаполых адносін у сродках масавай інфармацыі[3] і пасля працяглых дэбатаў зацвердзіў закон, які забараняе дыскрымінацыю розных катэгорый людзей на працоўным месцы. Сярод іншага закон забараняе дыскрымінацыю па прыкмеце сексуальнай арыентацыі. За законапраект прагаласавалі 46 парламентарыяў, 35 выказаліся супраць[4]. Закон быў прыняты ў ажыццяўленні Дырэктывы 2000/78/ЕС ад 27 лістапада 2000 года. Прыняцце адпаведнага закона было неабходным патрабаваннем для ўступлення Латвіі ў Еўрапейскі Саюз[5].

У лістападзе 2020 года Канстытуцыйны суд Латвіі вырашыў, што жанчына-партнёр маці павінна мець права на адпачынак па нараджэнні дзіцяці, роўныя адпаведным правам бацькі. У красавіку 2021 года Канстытуцыйны суд Латвіі вырашыў, што Канстытуцыя забараняе спаганяць з асобы, якая перажыла свайго аднаполага партнёра, такую ж пошліну на спадчыну, як з старонняга спадчынніка, і запатрабаваў выправіць адпаведны падзаконны акт да чэрвеня 2022 года.

У лютым 2022 года стала вядома, што рабочая група пры юрыдычнай камісіі парламента Латвіі пры падтрымцы Міністэрства юстыцыі падрыхтавала законапраект, які легалізуе аднаполыя грамадзянскія саюзы[6].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Часовы ўрад Латвіі законам ад 6 снежня 1918 года пакінуў у сіле ўведзенае раней рускае Крымінальнае ўкладанне 1903 года. З 1 жніўня 1933 года ў рэспубліцы быў уведзены новы крымінальны кодэкс, які ўяўляў сабой перапрацаванае ўкладанне 1903 года з запазычаннямі з крымінальнага права Германіі і Італіі. У наступныя гады прымаўся шэраг змяненняў у крымінальнае заканадаўства.

Пасля далучэння Латвіі да СССР у 1940 годзе на яе тэрыторыю было часова распаўсюджана дзеянне Крымінальнага кодэкса РСФСР 1926 года. Такім чынам, у Рэспубліцы ўступіў у дзеянне артыкул 154-ы КК РСФСР, які карае за педэрастыю. Дзеянне КК РСФСР было спынена ў 1961 годзе пасля выдання Крымінальнага кодэкса Латвійскай ССР[7]. У новы кодэкс таксама ўвайшоў аналагічны артыкул па савецкім узоры — артыкул 124 КК Латвійскай ССР[8].

Артыкул 124. Педэрастыя
Педэрастыя караецца пазбаўленнем волі на тэрмін не больш за пяць гадоў.
Педэрастыя, здзейсненая з ужываннем гвалту ці пагрозы гвалту, з выкарыстаннем бездапаможнасці ахвяры ці яе залежнага становішча, а таксама ў дачыненні непаўналетняга, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў.

— Крымінальны кодэкс Латвійскай ССР 1961 года

Ва ўрадзе Латвіі знаходзіліся два адкрытых прадстаўніка ЛГБТ: з 3 чэрвеня 2021 года па 16 мая 2022 года — Міністр унутраных спраў Марыя Голубева — лесбіянка, з 25 кастрычніка 2011 года па 31 мая 2023 года — Міністр замежных спраў Эдгар Рынкевіч — гей[9].

Зноскі

  1. Латвийская Республика Архівавана 1 ліпеня 2015. // Правовые системы стран мира
  2. В Латвии официально запрещены однополые браки. Обозреватель (2 снежня 2005). Архівавана з першакрыніцы 20 снежня 2014. Праверана 14 снежня 2014.
  3. Запрет на пропаганду гей-отношений не прошел (7 верасня 2006). Архівавана з першакрыніцы 15 студзеня 2017. Праверана 15 студзеня 2017.
  4. Lettland stimmt doch für AGG. Queer.de (22 верасня 2006). Архівавана з першакрыніцы 24 верасня 2015. Праверана 14 снежня 2014.
  5. Организация геев и лесбиянок призывает президента не утверждать закон о труде. DELFI (16 чэрвеня 2006). Архівавана з першакрыніцы 14 снежня 2014. Праверана 14 снежня 2014.
  6. Однополые пары в Латвии получили шанс на гражданские союзы. www.xgay.ru. Архівавана з першакрыніцы 16 лютага 2022.
  7. Дурманов Н. Д. § 3. Уголовное законодательство союзных республик Архівавана 15 снежня 2014. // Советский уголовный закон — С. 178
  8. Как отец советской порнографии стал борцом с «гей-пропагандой» Архівавана 10 снежня 2014. // Спектр, 9 декабря 2014
  9. МВД Латвии возглавила открытая лесбиянка Мария Голубева. www.xgay.ru. Архівавана з першакрыніцы 9 чэрвеня 2021.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]