Пётр Яцак Высоцкі
Пётр Яцак ВЫСОЦКІ (10.9.1797, мяст. Варка, цяпер Мазавецкае ваяводства, Польшча — 6.1.1875, Варка), адзін з кіраўнікоў паўстання 1830—1831, мемуарыст. Паходзіў са старажытнага шляхецкага роду герба «Адравонж».
Скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у 1827 атрымаў чын падпаручніка і стаў інструктарам школы. У снеж. 1828 заснаваў тайнае таварыства «Ваенны саюз», якое ставіла мэтай падрыхтоўку ваеннага перавароту. З пачаткам паўстання ў Варшаве ў ліст. 1830 пасля некаторых ваганняў далучыўся да яго (лічыў паўстанне заўчасным). Быў ад'ютантам галоўнакамандуючага войскамі паўстанцаў М. Радзівіла. Удзельнічаў у рэйдзе на Валынь і Галіцыю, адкуль вярнуўся ў чыне палкоўніка[1]. Браў удзел у перамовах Нацыянальнага ўрада ў Варшаве з галоўнакамандуючым расійскімі войскамі І. Паскевічам. У вер. 1831 пры абароне Варшавы паранены, трапіў у палон. Судом у Бабруйскай крэпасці прыгавораны да чацвертавання, у 1833 судом у Варшаве — да павешання. Смяротнае пакаранне заменена катаргай у Сібір тэрмінам на 20 гадоў. Адбываў пакаранне на Аляксандраўскай вінакурні. У 1835 спрабаваў уцячы, за што падвергнуты экзекуцыі (1 тыс. шпіцрутэнаў). Адпраўлены ў капальні ў Акатуй, дзе працаваў прыкаваны за нагу да тачкі. Пасля вызвалення ад катаргі застаўся на пасяленні ў Сібіры. У 1857 памілаваны, вярнуўся на Радзіму. Напісаў успаміны пра паўстанне, выдадзеныя ў Парыжы.
Зноскі
- ↑ «W czasie trwania powstańczej kampanii dosłużył się stopnia pułkownika» za (wstępem red. D. H. Grasiewicz do): Pamiętnik Piotra Wysockiego. Warszawa: Redakcja Wydawnictw WAT, 2006, s. 7. ISBN 8389399342.
Літ. з даведн. Л.У. Маракова:Łepkowski T. Piotr Wysocki. Warszawa, 1972 • Дьяков В.А., Кацнельсон Д.Б., Шостакович Б.С. Петр Высоцкий на сибирской каторге (1835-1856) // Ссыльные революционеры в Сибири (ХІХ в. - февр. 1917 г.). Вып. 4. Иркутск, 1979 • ЭГБ, т. 2.
[правіць] Крыніца
- Маракоў Л.У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794-1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
