Вяземскія

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Род Вяземскіх)

Вяземскія — княжацкі род з дынастыі Расціславічаў Смаленскіх, уладальнікі Вяземскага княства. Пазней арыстакратычны род у Вялікім княстве Літоўскім і Маскоўскай дзяржаве.

У XIV стагоддзі было дзве дынастыі вяземскіх князёў. Першая з прадстаўнікоў малодшай галіны смаленскіх князёў — Андрэй Міхайлавіч (у 1300-х гадах), Фёдар Святаславіч (да 1341 года). Другая — нашчадкі Андрэя Уладзіміравіча Доўгай Рукі, сына смаленскага князя Уладзіміра Рурыкавіча (памёр у 1239 годзе). Прадстаўнікі абедзвюх дынастый (Іван Святаславіч і Аляксандр Міхайлавіч) трапілі ў літоўскі палон у 1403 годзе, калі Вязьма была далучана да Вялікага Княства Літоўскага. Да пачатку XV стагоддзя прызнавалі за старэйшых вялікіх князёў смаленскіх, у 1404 годзе вяземскі князь Сямён Мсціславіч ад’ехаў да Вялікага княства Маскоўскага разам з апошнім смаленскім князем Юрыем Святаславічам, якім ў 1406 годзе і быў забіты. У XV стагоддзі Вяземскія сталі васаламі вялікіх князёў літоўскіх.

Сярод актыўных прыхільнікаў Свідрыгайлы Альгердавіча згаданы Міхаіл Львовіч Вяземскі (загінуў у 1435). Пры вялікі князю Казіміры і яго сыне Аляксандры наданні атрымалі князі Канстанцін, Іван Канстанцінавіч, Іван Аляксандравіч, Барыс Дзмітрыевіч Хмелітка і іншыя. Да канца XV стагоддзя род Вяземскіх моцна разросся, з яго вылучыліся князі Бываліцкія, Жылінскія, Казлоўскія, Крошынскія. Уладанні некаторых Вяземскіх былі даволі вялікія. Да пачатку маскоўска-літоўскай вайны 1487—1494 гадоў старэйшы ў родзе князь Міхаіл Дзмітрыевіч валодаў доляй у Вязьме і Хляпенем з валасцямі, а таксама валасцямі Дуброва, Арэхаўна, Магілен, Нягодзін, Міценкі, Ждаць, атрымліваў гандлёвыя пошліны. Князю Барысу Дзмітрыевічу належала воласць Труфанаў. Князь Васіль Бываліцкі, апроч Бываліцы на рацэ Вазузе, валодаў валасцямі Негамір і Сачоўкі. Князь казлоўскі Леў Іванавіч Курэйшаў, апроч Казлова, трымаў Камянец, Малоту і Клін. Князі крошынскія страцілі свае ўладанні на самым пачатку маскоўска-літоўскай вайны 1487—1494 гадоў, замест захопленых маскоўцамі валасцей Цешынавічы, Сукромна, Альховец, Надслаў, Ад’ездзец яны атрымалі ўладанні ў Смаленскім павеце, але і іх неўзабаве захапіў маскоўскі бок.

З 1487 года маскоўскія войскі мэтанакіравана спусташалі ўладанні Вяземскіх. Аднак амаль усе яны (апроч Андрэя Юр’евіча) засталіся вернымі вялікаму князю літоўскаму. Зімой 1492—1493 гадоў большасць Вяземскіх захоплена ў Вязьме маскоўскім войскам. Міхаіл Дзмітрыевіч быў сасланы на Паўночную Дзвіну, а астатнія размеркаваны па Пераяслаў-Залескім, Кашырскім, Раманаўскім (Пашахонскім), Белазёрскім, Малаяраслаўскім, Кастрамскім і Серпухаўскім паветах. Вяземскія, якія засталіся ў Вялікім Княстве Літоўскім, атрымалі новыя ўладанні і ўрады. Васіль Сямёнавіч Жылінскі стаў намеснікам медніцкім, атрымаў маёнткі (у т.л. двор Гайдуцішкі) «до очищеня отчизны своее». Сярод гаспадарскіх дваран без маёнткаў лічыўся князь Іван Казлоўскі. Іван Канстанцінавіч Вяземскі ў 1495 годзе атрымаў у Лучыне (Гарадку) сяло Прыселле. Івану Львовічу Вяземскаму дапамог яго цесць смаленскі акольнічы Іван Кошка і выклапатаў яму двор у Віленскім павеце, таксама ў яго былі ўладанні ў Лукомскім княстве.

Прадстаўнікі роду Вяземскіх адыгралі значную ролю ў гісторыі Расіі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Цемушаў В. Вяземскія // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; маст. З. Э. Герасімовіч. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 472. — 688 с. — ISBN 985-11-0314-4 (т. 1), ISBN 985-11-0315-2.
  • Кузьмин, А. В. Из опричников в прокуроры: к истории рода Вяземских // Сподвижники великой Екатерины: Тезисы докладов и сообщений конференции, Москва, 22 — 23 сентября 1997 г. / Российская академия наук, Институт российской истории, Центр по изучению территории и населения; [Редколлегия: Я. Е. Водарский (ответственный редактор) и другие]. — М.: ИРИ, 1997. — 107, [1] с. — С.