Свідрыгайла Альгердавіч

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Свідрыгайла Альгердавіч у каталіцкім хрышчэнні Баляслаў (~1370 — 10 лютага 1452, Луцк) — вялікі князь літоўскі.

Пасля смерці Вітаўта (1430) згодна з умовамі Гарадзельскай уніі вялікі князь літоўскі мусіў абірацца са згоды Ягайлы і польскіх паноў. Але князі і баяры ВКЛ сабраліся на сойм ў Вільні і без узгаднення з польскімі панамі, але са згоды Ягайлы абвясцілі вялікім князем Свідрыгайлу.

Свідрыгайла хоць і быў каталіком, але быў вядомы праціўнік уніі з Польшчай і даўні сапернік Вітаўта і Ягайлы. Мусіць, менавіта гэтым кіравалася незалежніцкая партыя, якая складалася ў большасці з праваслаўных, пры яго абранні на сталец. Польскі храніст Ян Длугаш кажа, што Свідрыгайла меў аўтарытэт у праваслаўных, бо хоць сам і быў каталіком, але меў вялікую прыхільнасць да іх веры.

Стаўшы вялікім князем, Свідрыгайла пачаў раздаваць важныя дзяржаўныя пасады амаль выключна праваслаўным, яны складалі большасць яго атачэння. Гэтым была незадаволена прапольская партыя, якая складалася ў большасці з каталікоў. Ранейшы Гарадзельскі прывілей, хоць ён і дзейнічаў ў ВКЛ настолькі насколькі таго хацеў Вітаўт, даваў новаахрышчаным каталікам перавагі перад праваслаўнымі, але Свідрыгайла як і Вітаўт не зважаў на гэта. Незадаволенасць гэтым каталікоў, асабліва ў Польшчы, добра адлюстроўваюць словы кракаўскага біскупа Збігнева Алясніцкага, які ў 1432 пісаў, што праваслаўныя пры Свідрыгайле трымаюць у руках амаль усе найважнейшыя гарады і пасады, чаго не было пры Вітаўце.

У знешняй палітыцы ўладаранне Свідрыгайлы пачалося канфліктам з Польшчай. Спрэчкі за Падолле былі яшчэ пры Альгердзе і Вітаўце, а пры Свідрыгайле зноў абвастрыліся, а ў канцы 1430 перараслі ва ўзброеную барацьбу. Адбыўся канчатковы разрыў паміж Свідрыгайлам і Ягайлам. Пасля безвыніковых перамоў польскі кароль у чэрвені 1431 пачаў вайну і накіраваў сваё войска на Валынь. Свідрыгайла шукаў саюзнікаў — яго падтрымліваў імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі Жыгімонт Люксембургскі, які абяцаў вялікаму князю каралеўскую карону, а таксама Тэўтонскі ордэн, які жадаў рэваншу пасля паражэння 1410 года. У чэрвені 1431 Свідрыгайла падпісаў абаронча-наступальны дагавор з вялікім магістрам Тэўтонскага ордэна Паўлам Русдорфам, таксама дапамогу абяцалі татары і малдаўскі гаспадар.

Страта палітычных пераваг, гарантаваных Гарадзельскім прывілеем, а таксама разрыў з Польшчай, выклікалі натуральную незадаволенасць каталіцкай часткі князёў і баяр, а таксама і тых праваслаўных якія лічылі за лепшае прапольскую арыентацыю ВКЛ. Былі незадаволеныя і тыя каталікі і праваслаўныя, хто меў уладу пры Вітаўце і быў адхілены ад яе Свідрыгайлам. Не абышлося без падбухторвання з боку Польшчы, якая падтрымлівала прапольскую (ці супрацьсвідрыгайлаўскую) апазіцыю ў ВКЛ і дапамагала ў падрыхтоўцы замаху на Свідрыгайлу. Спробу замаху ўначы 1 верасня 1432 ажыццявілі ў Ашмяне Жыгімонт Кейстутавіч (каталік) і Сямён Іванавіч Гальшанскі (праваслаўны), але Свідрыгайле пашчасціла ўратавацца і ўцячы ў Полацк.

Адразу пасля гэтага прапольская партыя ябвясціла вялікім князем аднаго са змоўшчыкаў, малодшага брата Вітаўта — Жыгімонта Кейстутавіча. Яго ўладу прызналі Вільня, Трокі, Коўна, Жамойць, Новагародак і Гродна, ўзброенай сілай было падпарадкавана Берасце. Аднак Полацкая, Віцебская і Смаленская землі, Севершчына, Кіеўшчына, Валынь не прызналі Жыгімонта, а лічылі вялікім князем Свідрыгайлу.

Жыгімонт адразу аднавіў саюз з Польшчай, падпісаўшы унію ў Гародні, ў якой пацвердзіў вярхоўную ўладу Ягайлы на ўмовах Віленка-Радамскай уніі, такім чынам абмежаваўшы самастойнасць ВКЛ часам свайго жыцця. Каб змагацца з Свідрыгайлам Ягайла прыслаў Жыгімонту польскае войска. Так у ВКЛ пачалася феадальная вайна (1432-1437). Трэба адзначыць, што гэта вайна не мела нацыянальна-рэлігійнага характару, бо ў абодвух супрацьлеглых лагерах былі як праваслаўныя, так і каталікі. На самой справе гэта вайна была змаганнем княска-баярскіх партый паміж сабою. Напрыклад, Свідрыгайла быў каталіком і пры гэтым узначальваў у асноўным праваслаўную партыю, але гэтая партыя змагалася не за веру, а за сваё дамінуючае становішча ў дзяржаве і ў ёй таксама былі князі і баяры каталіцкага веравызнання, якія выступалі супраць уніі з Польшчай і за саюз з Тэўтонскім ордэнам.

Свідрыгайла абапіраючыся на Полацк з восені 1432 пачаў рабіць вайсковыя выправы на прызнаўшыя Жыгімонта землі. Зімой і летам 1433 войска Свідрыгайлы хадзіла да Вільні і Новагародка, заняло шэраг невялікіх гарадоў, але ва увогуле вайсковыя дзеянні былі для іх няўдалыя. Не аказалі абяцанай дапамогі татары і малдаўскі гаспадар. Толькі Лівонскі ордэн пасылаў свае войскі супраць Жыгімонта. У сваю чаргу Жыгімонт Кейстутавіч пры падтрымцы польскіх войскаў ваюючы землі захаваўшыя адданасць Свідрыгайлу ў 1433 дахадзіў да Мсціслава.

Маючы колькасную перавагу, Свідрыгайла не здолеў плённа яе выкарыстаць, да тагож хутка страціў галоўнага саюзніка. Польска-чэшскае войска напала на Новую Марку і падышло да Гданьска, вялікі магістар Тэўтонскага ордэна вымушаны быў заключыць з Польшчай перамір'е. У выніку дагавора, заключанага ў канцы 1433 ў Ленчыцах, Ордэн выракся саюзу з Свідрыгайлам. Вызначальнымі для зыходу вайны сталі прывілей 1432 года выдадзены Ягайлам для Луцкай зямлі і Троцкі прывілей выдадзены Жыгімонтам у Троках 6 мая 1434 года. Гэтыя прывілеі абвяшчалі роўнасць правоў праваслаўных і каталікоў у межах ВКЛ — правы, што гарантаваліся каталікам Гарадзельскім прывілеем, пашыраліся на ўсіх падданых незалежна ад веравызнання. У прывілеі Жыгімонта адзначалася, што такая роўнасць была заўжды, але гэтым актам яна афіцыйна пацвярджаецца. Хоць у Троцкім прывілеі дэкларавалася, што пасады ваяводаў і кашталянаў віленскага і троцкага могуць займаць толькі каталікі, алеж праваслаўнае баярства атрымала гарантыі недатыкальнасці сваіх зямельных уладанняў, свабоду распараджэння зямлёй, ільготы ад дзяржаўных павіннасцей. Гэтым былі знятыя значныя супярэчнасці ў грамадстве і Свідрыгайла пачаў страчваць падтрымку.

Свідрыгайла спадзяваўся на дапамогу Захада, звярнуўся да Базельскага сабора. У 1433 у Базель быў дасланы ліст нібыта ад праваслаўных баяраў з Віцебска, якія выказалі жаданне падпарадкавацца Рыму, а ў наступным годзе на царкоўным саборы з'явілася дэлегацыя Свідрыгайлы, якая пацвердзіла яго планы уніі і папрасіла дапамогі ў барацьбе з Жыгімонтам і Ягайлам. Але гэта была памылкаю, бо праваслаўныя пасля Троцкага прывілея і так пакідалі лагер Свідрыгайлы, а яго намер увесці царкоўную унію яшчэ больш адштурхнуў іх. Паспрыяла гэтаму і тое, што князь летам 1435 загадаў спаліць у Віцебску мітрапаліта Герасіма, бо падазраваў апошняга ў пераходзе на бок Жыгімонта.

У такім становішчы Свідрыгайла, пакуль яшчэ меў даволі шмат прыхільнікаў, вырашыў даць прапольскай партыі генеральную бітву, і ў ліпені 1435 разам з войскамі Лівонскага ордэна рушыў на Жыгімонта, але панёс цяжкую паразу пад Вількамірам, і ўцёк з 30 баярамі ў Полацк. Падтрымка Свідрыгайлу, пасля такой паразы яго партыі, працягвала скарачацца. У тым самым годзе ўладу Жыгімонта прызнаў Смаленск, але Полацак і Віцебск адбілі аблогі войскаў Жыгімонта. Тэўтонскі ордэн падпісаў у Брэсце Куяўскім вечны мір з Жыгімонтам Кейстутавічам і Ягайлам, зноў адмовіўся ад саюзу з Свідрыгайлам і прызнаў уладаром ВКЛ Жыгімонта Кейстутавіча, абавязваючыся і ў будучым прызнаваць толькі таго вялікага князя літоўскага, які будзе абраны са згоды паноў Польскага каралеўства, ды не падтрымліваць вялікіх князёў літоўскіх у іх антыпольскіх захадах. Наступным летам Полацак і Віцебск прызналі ўладу Жыгімонта. Нейкі час Свідрыгайла яшчэ знаходзіў падтрымку на Кіеўшчыне, Севершчыне і Валыні, але пасля пакінуў і гэтыя землі, атрымаўшы прытулак у Валахіі.

У Валахіі Свідрыгайла знаходзіўся да забойства Жыгімонта Кейстутавіча арганізаванага незалежніцкай партыяй. Пасля гэта Свідрыгайла з'явіўся на Валыні і называў сябе вярхоўным князем літоўскім. Але рада князёў і паноў узначаленая Янам Гаштольдам 29 чэрвеня 1440 абвясціла вялікім князем трынаццацігадовага Казіміра Ягелончыка, зрабіўшы гэта зноў такі без узгаднення з польскімі панамі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская энцыклапедыя. Т. 14. — Мн., 2002;
  • Беларусь: энцыкл. давед. — Мн., 1995;
  • Сагановіч Г., Нарыс гісторыі Беларусі: ад старажытнасці да канца XVIII стагоддзя. — Мн.: Энцыклапедыкс, 2001. — 412 с. ISBN 985-6374-34-2, С. 95-100;
  • Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Т. 6. Кн. 1. — Мн., 2001.