Юрый Святаславіч Смаленскі

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Юрый (Георгій) Святаславіч, свецкае імя Ігар (? — 1408) — вялікі князь смаленскі (13861392; 14011404), сын Святаслава Іванавіча. Жанаты з дачкой вял. кн. вял. кн. разанскага Алега Іванавіча.

Пасля паразы смалянаў у бітве пад Мсціславам (1386), дзе Святаслаў Іванавіч загінуў, а яго сыны, Глеб і Юрый, трапілі ў палон, вялікі князь літоўскі Вітаўт, узяўшы выкуп, пасадзіў Юрыя на смаленскі сталец. Неўзабаве пачалася ўсобіца паміж Юр'ем і яго старэйшым братам Глебам, бо той не жадаў падначальвацца малодшаму. У выніку Юрый у 1392 з'ехаў з Смаленска да свайго цесця Алега Іванавіча ў Разань. Тады Вітаўт найперш пасадзіў у Смаленску Глеба Святаславіча, але неўзабаве, узяўшы ў палон Глеба і яго родзічаў, Вітаўт перадаў Смаленск Раману Міхайлавічу Чарнігаўскаму, які адначасова быў бранскім князям.

Юрый жыў у Разані, калі смаляне — яго прыхільнікі, пачалі з ім перамовы пра вяртанне яго на смаленскі сталец, карыстаючыся абставінамі пасля цяжкай паразы Вітаўта ў бітве на Ворскле (1399). У 1401 годзе Алег Разанскі разам з Юр'ем і сваімі падручнымі князямі прыйшоў да Смаленска. У горадзе пачалася сварка — адны хацелі ўлады Вітаўта і Рамана Бранскага, іншыя — Юрыя, які меў большыя правы на прастол. Алег абвясціў смалянам, што, калі яны не адчыняць брамы горада і не прымуць да сябе на княжанне Юрыя, ён будзе стаяць пад горадам, пакуль не возьме, а тады пусціць усіх пад агонь і меч. Смаляне здаліся, але іх стаўленне да Юрыя было дваякім, як радасць, так і нянавісць. Увайшоўшы ў горад, Юрый пачаў з забойства князя Рамана і яго баяраў, а затым перабіў і смаленскіх баяраў, прыхільнікаў Вітаўта і Рамана.

Восенню 1401 Вітаўт з войскам падышоў да Смаленска, яго прыхільнікі ў горадзе збройна выступілі ў падтрымку, але былі пераможаныя, шмат з іх загінула. Вітаўт змушаны быў адступіць ад Смаленска пасля 7-тыднёвай аблогі, але пачаў наступ на іншыя часткі Смаленскай зямлі. У 1403 ён узяў Вязьму і яшчэ некалькі перамог над Юрыем і яго прыхільнікамі, а ў 1404 ізноў аблажыў Смаленск. Тры месяца вялікалітоўскія войскі стаялі пад горадам, білі па ім з гармат, але ўзяць не здолелі, толькі спустошылі наваколлі. Юрый бачыў, аднак, што сам не ў стане процістаяць Вітаўту і паехаў па дапамогу ў Маскву, да Васіля Дзмітрыевіча. Тым часам смаленскія баяры — прыхільнікі Вітаўта, паслалі да яго, каб як мага хутчэй ішоў да Смаленска, перш чым прыйдзе Юрый з маскоўскаю дапамогай. Вітаўт прыйшоў і баяры адчынілі яму брамы, была ўзятая ў палон жонка Юрыя, якую Вітаўт вывез разам з некаторымі баярамі, іншых баяраў, сваіх галоўных праціўнікаў, пакараў смерцю, пасадзіў у горадзе сваіх намеснікаў, а жыхарам даў вялікія палёгкі, магчыма, пры гэтым Смаленску было нададзена Магдэбургскае права. Смаленскае княства спыніла існаванне, стала часткай ВКЛ.

Юрый разам з сынам Фёдарам з'ехаў у Ноўгарад, дзе яго прынялі і далі ўдзел. Юрый і наўгародцы цалавалі адзін аднаму крыж супраць Вітаўта. Пазней Юрый быў намеснікам вял. кн. маскоўскага ў Таржку. Тут жа знайшоў прытулак і князь Сямён Вяземскі. Юрый закахаўся ў жонку Сямёна — Ульяну, і, не маючы ўзаемнасці, забіў яе мужа, тады паспрабаваў авалодаць Ульянай сілай. Ульяна хацела забіць яго, але толькі параніла нажом і кінулася бегчы. Юрый дагнаў яе на двары, пасек мячом і загадаў кінуць у раку (ст.ст.: 21 снежня 1406/нов.ст.: 2 студзеня 1407). Ульяна кананізавана праваслаўнай царквой. Злачынства Юрыя прывяло сучаснікаў у жах, ён збег у Арду, затым перебраўся ў Разанскую зямлю, дзе жыў у Венеўскім Успенскім манастыры паблізу Тулы ў пустэльніка Пятра, каючыся ў грахах. Памёр у 1408, адначасова з пустэльнікам Пятром, магчыма, яны загінулі падчас татарскага наезду. Па тастаменце, на грошы Юрыя ў манастыры былі пабудаваныя келлі, а вакол манастыра агароджа. Праслаўлены як мясцовашанаваны святы.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Богуславский В. В., Бурминов В. В. Русь. Рюриковичи. Иллюстрированный исторический словарь. — М.: Изд. «Познавательная книга плюс», 2000.- 672 с.: ил.