Рыгор Данілавіч Мурашка

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыгор Данілавіч Мурашка
Асабістыя звесткі
Дата нараджэння 3 (16) лютага 1902
Месца нараджэння
Дата смерці красавік 1944 (42 гады)
Грамадзянства
Дзеці Анцінея Рыгораўна Мурашка
Альма-матар
Прафесійная дзейнасць
Род дзейнасці пісьменнік, крытык
Мова твораў беларуская
Грамадская дзейнасць
Член у
Лагатып Вікікрыніц Творы ў Вікікрыніцах
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Рыгор Данілавіч Мурашка (3 (16) лютага 1902, в. Бязверхавічы, цяпер Слуцкі раён, Мінская вобласць — красавік ці чэрвень 1944) — беларускі пісьменнік.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Горацкая філія «Аршанскага Маладняка», 1926 год. Стаяць: (злева направа) Алесь Вечар, Рыгор Мурашка, Чыжонак, Уладзіслаў Прыбыткоўскі, Калядка. Сядзяць: Мятла, Сяргейчык, Міхась Ганчарык (кіраўнік філіі), Васіль Каваль, Юрка Гаўрук, Алесь Дземідовіч.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Вучыўся ў народнай школе. Скончыў 2-класную валасную школу (1916), у 1917—1918 вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі. Вельмі шмат чытаў, асабліва французскіх класікаў. Працаваў у маёнтку Івань, на рамонце шашы. Удзельнічаў у барацьбе з польскімі акупантамі на Случчыне (1919—1920). Паранены шабляй. З 1920 г. член РКП(б). У 1920 г. скончыў курсы пры НКУС БССР, інструктар павятовага ваенрэўкама. У 1920—1921 і 1924—1926 г. служыў у Чырвонай Арміі. У 1921—1924 — на савецкай і партыйнай рабоце. Хварэў на тыфус. Жыў у Валогдзе ў час страшнага голаду, у маі 1921 адправіўся дамоў. Загадчык хаты-чытальні ў Цараўцах, член валаснога зямельнага аддзела (1921). Член «Маладняка», БелАППа. Адказны сакратар часопіса «Бальшавік Беларусі» (1926—1929), загадчык аддзела мастацкай літаратуры Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1930—1933). Член Саюза пісьменнікаў СССР (з 1934). Падчас рэпрэсій 1930-х не пацярпеў, але быў сведкам раскулачвання сваякоў-аднасяльчан[1]. У канцы 1930-х — пачатку 1940-х значна пагоршылася здароўе.

Падчас Другой сусветнай вайны застаўся ў Мінску. У «Беларускай газеце» працаваў карэктарам, пасля рэдагаваў некаторыя матэрыялы. Тут быў апублікаваны ягоны нарыс пра здачу Мінска Чырвонай Арміяй, уцёкі партыйнага кіраўніцтва, у гэтай жа газеце Р. Мурашка пачаў публікаваць і новую аповесць, але не скончыў яе[1]. З 1943 г. у мінскім падполлі, збіраў звесткі пра дзейнасць гарадской управы, біржы працы, прамысловых прадпрыемстваў, пра вываз у Германію культурных каштоўнасцей Беларусі. Калі над Мурашкам навісла пагроза арышту, далучыўся да атрада «Мсцівец» партызанскай брыгады «Разгром», якая дзейнічала ў Барысаўскім, Смалявіцкім і Чэрвеньскім раёнах. (часам згадваецца «партызанскі атрад на Лагойшчыне»). У атрадзе камандаваў аператыўнай групай. Загінуў у красавіку ці ў чэрвені 1944 г. у час прарыву блакады.

З жонкай Саламеяй-Соф’яй

Жонка — Соф’я (Саламея) Емяльянаўна. Сын Генрых памёр маючы толькі 8 год. Дачка Анцінея — мовазнаўца.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Дэбютаваў празаічны творам у 1924 г. (абразок «Папоўскі шлюб» у газеце «Савецкая Беларусь»). Аўтар зборнікаў апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926), «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), аповесці «У іхным доме» (1929), раманаў «Сын» (1929), «Салаўі святога Палікара» (1940, часопіс «Полымя»[1]; асобнае выданне 1967). У гады вайны напісаў раманы «Таварышы» (выданы ў 1993 годзе) і «Насуперак лёсу». У суаўтарстве з Мік. Гарнічам напісаў кнігу «Бацька Бажэнка: Запіскі Тарашчанца» (1935).

Вядомасць да Р. Мурашкі прыйшла пасля рамана «Сын» (1929), дзе пісьменнік апісвае падзеі напярэдадні рэвалюцыі 1905 года. Галоўны герой — вясковы хлопец, які трапіў у горад, ператвараецца ў пралетара-рэвалюцыянера, вядома, у цэнтры ўвагі выключная роля бальшавікоў. Раман з сакавітай народнай мовай і цікавымі гістарычнымі эпізодамі стаў адным з папулярных і заняў адно з значных месцаў у беларускай савецкай літаратуры. Творы Р. Мурашкі пачалі часта з’яўляцца ў перыядычным друку.[1]

«Творы Мурашкі задуманы і напісаны заўсёды цікава. У іх часам ёсць пэўны элемент прыгодніцтва. Стыль вобразны і дынамічны. Часам шкодзіць не зусім схаваная ідэалагічная тэндэнцыя і ўхіл у падкрэсліванне эфектаў», — пісаў Максім Гарэцкі. «… Адзін з самых таленавітых беларускіх празаікаў 20-х — 30-х гадоў мінулага стагоддзя. Цудоўна гучыць слова Мурашкі, гэта ж вершы ў прозе. Асабліва калі ён апісвае прыроду, вясковы побыт», — мяркуе Лідзія Савік. Высока ацаніў яго раманы Міхась Мушынскі.

У аповесці Б. Мікуліча «Цяжкая гадзіна» Р. Мурашка выведзены ў вобразе пісьменніка Рыгора Цярэшкі.[1]

Зноскі

  1. а б в г д Крушына Р. Праўдзіва і бяз…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]