Свята-Троіцкая царква (Глушкавічы)
Праваслаўны храм | |
Свята-Троіцкая царква | |
---|---|
51°34′05,30″ пн. ш. 27°46′07,80″ у. д.HGЯO | |
Краіна | Беларусь |
Вёска | Глушкавічы |
Канфесія | Беларуская праваслаўная царква |
Епархія | Тураўская |
Першае згадванне | 1754 |
Свята-Троіцкая царква — праваслаўная царква ў Глушкавічах.
Размешчана па адрасу Гомельская вобл., в. Глушкавічы, вул. Першамайская 84.
Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]
Першае ўспамінанне аб Свята-Троіцкай царкве ў Глушкавічах адносіцца да 1754 года. У 1761 годзе была пабудавана званіца, у якой мелася 5 званоў. У 1759—1778 гадах уніяцкім святаром быў Стэфан Шамяціла, а ў 1780—1800 Ігнацій Епіфанавіч. У 1800 былі пабудаваны новая царква і званіца. У 1806 глушкавіцкая царква зноў стала праваслаўнай. Настаяцелем прыхода ў гэты час быў святар Аляксандр Шамяціла, а ў 1807—1849 гадах прыход узначальваў святар Пётр Епіфанавіч. У 1834 пабудавана новая званіца.
У 1853 у царкоўнай зямлі мелася 59 дзесяцін. У 1867 царква згарэла. У 1873 на сродкі прыхажан пабудавалі новы храм.
Паводле «Апісання цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі» 1879 года Свята-Троіцкая царква мела форму падоўжанага крыжа. Царква была драўляная, з жалезным дахам, не абагравалася. Купал меўся адзін. Іканастас складаўся з 19 абразоў. Метрычныя кнігі захоўваліся з 1862 года.
У званіцы, што была пабудавана асобна, знаходзіліся чатыры званы вагой каля 26, 22, 21 і 6,5 кг кожны. Прыход складаўся з жыхароў вёскі Глушкавічы. Усяго прыхажан лічылася 889 чалавек. Святаром быў Міхаіл Тамашэўскі
У 1883 годзе была ўзведзена новая званіца. У 1884 у вёсцы адкрылі царкоўна-прыхадскую школу, у якой вучылася 20 дзяцей. У 1891 годзе на могілках была пабудавана капліца. У 1903 царкоўнай зямлі мелася 112 дзесяцін.
Пасля рэвалюцыі царква была зачынена. У 1943 годзе яе спалілі разам з вёскай нямецка-фашысцкія захопнікі. 27 снежня 1942: «Нямецка-фашысцкія карнікі загналі ўсіх, хто быў у вёсцы, у хлеў і расстралялі 290 жыхароў. Потым спалілі і вёску. Цудам засталіся толькі дзве хаты, якія стаялі паблізу лесу. Пазасталыя ў жывых людзі пачалі жыць у куранях. Хто і хату тут у лесе зрабіў»[1].
У 1946 быў адкрыты малітоўны дом, які з 1949 значыўся прыпісным да Прыбалавіцкага прыхода. У 1961 малітоўны дом быў зачынены па хадайніцтве раённай улады, а ў 1988 зарэгістравана навая цагляная Свята-Троіцкаяя царква ў в. Глушкавічы была асвечана епіскапам тураўскім і мазырскім Пятром.
Абнародаванне захаваўшыхся метрычных кніг Траецкай царквы Глушкавіцкага прыходу Мазырскага павета Мінскай губерні: 1798, 1802—1822, 1825—1836, 1838—1839, 1848—1875 гг.
Характэрыстыка[правіць | правіць зыходнік]
Царква мае форму подоўжанага крыжа з пяццю купаламі і званіцай над уваходам.
Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]
- ↑ Хроніка храма Святой Жываначальнай Троіцы ў вёсцы Глушкавічы на сайце radzima.org
Літаратура[правіць | правіць зыходнік]
- Кніга памяць «Лельчыцкі раён» — с. 567—568
Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]
- Свята-Троіцкая царква (Глушкавічы) на сайце Radzima.org
- Свята-Троіцкая царква (Глушкавічы) на сайце Глобус Беларусі (руск.)