Слых

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Слых — здольнасць праз органы слыху ўспрымаць гукі.

Слыхавая сэнсорная сістэма служыць дзеля ўспрымання і аналізу гукавых ваганняў знешняга асяродку. Яна набывае ў чалавека асабліва важнае значэнне ў сувязі з развіццём маўленчых зносінаў. Дзейнасць слыхавой сэнсорнай сістэмы мае таксама значэнне і дзеля адзнакі часавых інтэрвалаў — тэмпу і рытму рухаў. Слыхавая сэнсорная сістэма складаецца з наступных аддзелаў: 1) перыферычны — спецыялізаваны орган, які складаецца з вонкавага, сярэдняга і ўнутранага вуха; 2) правадніковы аддзел — першы нейрон змешчаны ў спіральным вузле слімака, атрымоўвае ўзрушанасць ад рэцэптараў унутранага вуха, адгэтуль інфармацыя паступае па яго валокнах, т.б. па слыхавым нерве (уваходзіць у VIII пару чэрапна-глуздавых нерваў), да другога нейрона ў прадаўгаватым глуздзе і пасля перакрыжавання частка валокнаў ідзе да трэцяга нейрона ў заднім двохузгор'і сярэдняга глузду, а частка — да ядраў прамежкавага глузду (унутранага каленчатага цела); 3) коркавы аддзел — з'яўляецца чацвёртым нейронам, які находзіцца ў першасным (праекцыйным) слыхавым полі ў скроневай вобласці кары вялікіх паўшар'яў і забяспечвае ўзнікненне адчування, а больш складаная апрацоўка гукавой інфармацыі адбываецца ў размешчаным побач другасным слыхавым полі, якое адказвае за фарміраванне ўспрымання і пазнаванне інфармацыі.

Атрыманыя звесткі паступаюць у патроенае поле ніжнецемянной зоны, дзе інтэгруюцца з іншымі формамі інфармацыі.

Будова вуха чалавека

Вонкавае вуха з'яўляецца апаратам, які ўлоўлівае гук. Гукавыя ваганні ўлоўліваюцца вушнымі ракавінамі і перадаюцца па вонкавым слыхавым праходзе да барабаннай перапонкі, якая адлучае вонкавае вуха ад сярэдняга.

Улоўліванне гуку і ўвесь працэс слухання двума вушамі — бінаўральны слых — мае значэнне дзеля вызначэння напрамку гуку.

Гукавыя ваганні, якія ідуць узбоч, даходзяць да бліжэйшага вуха некалькі раней, чым да іншага. Гэтай нікчэмнай розніцы ў часе прыходу гуку дастаткова, каб вызначыць яго напрамак. Сярэдняе вуха з'яўляецца апаратам, які праводзіць гук. Яно ўяўляе сабой паветраную поласць, якая праз слыхавую (Яўстахаву) трубу злучаецца з поласцю насаглыткі. Ваганні ад барабаннай перапонкі праз сярэдняе вуха перадаюць злучаныя адно з адным 3 слыхавыя костачкі — малаточак, кавадла і стрэмечка, а апошняе праз перапонку авальнага вакна перадае гэтыя ваганні вадкасці, што змешчаная ва ўнутраным вусе, — перылімфе. Дзякуючы слыхавым костачкам, амплітуда ваганняў памяншаецца, а моц павялічваецца, што дазваляе прыводзіць у рух слуп вадкасці ва ўнутраным вусе. Пры моцных гуках адмысловыя цягліцы памяншаюць рухомасць барабаннай перапонкі і слыхавых костачак, адаптуючы слыхавы апарат да такіх змен раздражняльніка і засцерагаючы ўнутранае.

Дзякуючы злучэнню праз слыхавую трубу паветранай поласці сярэдняга вуха з поласцю насаглыткі ўзнікае магчымасць выраўноўвання ціску па абодвух баках барабаннай перапонкі, што прадухіляе яе разрыў пры значных зменах ціску ў знешнім асяродку — пры апусканні пад ваду, уздыме на вышыню, стрэлах і інш. Гэта называецца барафункцыяй вуха.

Унутранае вуха з'яўляецца гукаўспрымальным апаратам. Яно знаходзіцца ў пірамідцы скроневае косткі і ўтрымлівае слімака, які ўтварае 2,5 спіральных віткі. Слімаковы канал падзелены дзвюма перагародкамі асноўнай і вестыбулярнай мембранамі на 3 вузкія хады: верхні (вестыбулярная лесвіца), сярэдні (перапонкавы канал) і ніжні (барабанная лесвіца). На вяршыні слімака маецца адтуліна, якая злучае верхні і ніжні каналы ў адзін, праходзячы ад авальнага вакна да вяршыні слімака і далей да круглага вакна. Поласць яго запоўненая вадкасцю — перылімфай, а поласць сярэдняга перапонкавага канала запоўненая вадкасцю іншага складу — эндалімфай. У сярэднім канале размешчаны гукаўспрымальны апарат — Кортыевы орган, у якім знаходзяцца механарэцэптары гукавых ваганняў — валасковыя клеткі.

Успрыманне гуку заснаванае на двух працэсах, якія адбываюцца ў слімаку: 1) падзел гукаў рознай частаты па месцы іх найбольшага ўплыву на асноўную мембрану слімака, 2) ператварэнне рэцэпторнымі клеткамі механічных ваганняў у нервовую ўзрушанасць. Гукавыя ваганні, якія паступаюць ва ўнутранае вуха праз авальнае вакно, перадаюцца перылімфе, а ваганні гэтай вадкасці прыводзяць да зрушэння асноўнае мембраны. Ад вышыні гуку залежыць вышыня слупа вагальнай вадкасці і адпаведна месца найбольшага зрушэння асноўнай мембраны: гукі высокай частаты даюць найбольшы эфект на пачатку асноўнай мембраны, а нізкіх частотаў — даходзяць да вяршыні слімака. Такім чынам, пры розных па частаце гуках узбуджаюцца розныя валасковыя цэлі і розныя нервовыя валокны, т.б. здзяйсняецца прасторавы код. Павелічэнне моцы гуку прыводзіць да павелічэння ліку ўзбуджаных валасковых цэляў і нервовых валокнаў, што дазваляе адрозніваць інтэнсіўнасць гукавых ваганняў. Валасінкі рэцэпторных клетак унураныя ў покрыўную мембрану. Пры ваганнях асноўнай мембраны пачынаюць ссоўвацца валасковыя клеткі, якія змешчаныя на ёй, і іхнія валасінкі механічна раздражняюцца покрыўнай мембранай. У выніку ў валасковых рэцэптарах узнікае працэс узрушанасці, які па аферэнтных валокнах накіроўваецца да нейронаў спіральнага вузла слімака і далей у ЦНС. Адрозніваюць косткавую і паветраную праводнасць гуку. У звычайных умовах у чалавека пераважае паветраная праводнасць — правядзенне гукавых ваганняў праз вонкавае і сярэдняе вуха да рэцэптараў унутранага вуха. У выпадку косткавай праводнасці гукавыя ваганні перадаюцца праз косткі чэрапа непасрэдна слімаку (напрыклад, пры ныранні, падводным плаванні).

Чалавек звычайна ўспрымае гукі з частатой ад 15 да 20000 Гц (у дыяпазоне 10-11 актаваў). У дзяцей верхняя мяжа сягае да 22000 Гц. Найбольш высокая адчувальнасць выяўленая ў вобласці частотаў ад 1000 да 3000 Гц. Гэтая вобласць адпавядае частотам музыкі і чалавечай мовы, якія сустракаюцца больш часта.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]