Спадар

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Спадар — адна з формаў звароту да іншага чалавека на Беларусі. У жаночым родзе — «спадарыня» або «спадарычна» (да незамужняй), пры звароце да грамады — «спадарства».

Фанетычна слова «спадар» утварылася ад слова «гаспадар» шляхам паступовага спрашчэння гукавай структуры (адкідання спачатку прыстаўнога «г», потым прыстаўнога «а»). Аднак, на думку Жураўскага, выпадкі ўжывання словаў тыпу «спадар», «аспадар», «аспадарства» у старабеларускіх тэкстах правільней адносіць да вынікаў скажэння ў запісе гукавай структуры словаў «гаспадар» і «гаспадарства»; пры гэтым колькасць выпадкаў ужывання правільных формаў адносіцца да колькасці выпадкаў ужывання скажоных формаў як «тысячы да адзінак». Сучасныя спробы абгрунтавання гістарычнасці ўжывання слова, як напрыклад, у тэкстах Крамко і Лучыц-Федарца, на думку Жураўскага, церпяць на пэўную палітызаванасць.

Найбольш падрабязную распрацоўку паходжання слова «спадар» як звароту зрабіў Янка Станкевіч[1]. У артыкуле ў «Беларускай газэце» ад 15.4.1942 ён падаў 7 цытат са старабеларускіх тэкстаў, з якіх 2 паходзяць з Кітабаў. З ліку гэтых цытат, на думку Жураўскага, толькі слова «спадарыня» ў Баркулабаўскім летапісе пач. 17 ст. можна з пэўнай нацяжкай аднесці да ветлівых зваротаў.[2]

На думку Жураўскага, слова «спадар», як форма звароту, было зусім невядомае беларусам да часоў нямецкай акупацыі (1941 – 1944). Увядзенне гэтага слова як звароту Жураўскі тлумачыць тым, што калабаранты жадалі знайсці замену як «савецкаму» (у іх разуменні) звароту «таварыш», так і «польскаму» (у іх разуменні) звароту «пан»; пры гэтым першымі адрасантамі звароту былі нямецкія высокія чыноўнікі, а потым зварот быў перанесены і на беларусаў. Замацаванне звароту «спадар» у якасці афіцыйнага вядомае ўжо ў пастанове канферэнцыі акруговых і раённых школьных інспектараў (Менск, 15 – 17.12.1941): «Вучань павінен зварочвацца да настаўніка словамі «спадар настаўнік». На думку Жураўскага, для насельніцтва зварот аказаўся незразумелым і яно ім не карысталася; і менавіта таму ў «Беларускай газэце» былі надрукаваныя «аж тры» непадпісаныя артыкулы пра паходжанне гэтага слова (15.4.1942, 10.2.1943, 6.5.1944), аўтарам якіх, на думку Жураўскага, бясспрэчна быў Янка Станкевіч. У асяроддзі беларускай эміграцыі пасля Другой сусветнай вайны слова «спадар» з прычыны звязанасці з калабарацыяй некалькі дзесяцігоддзяў не прыймалася часткай эміграцыі на чале з Міколам Абрамчыкам — замест яго тут ужывалі слова «гаспадар»; пазней, аднак, у эмігранцкім асяроддзі перамагло г.зв. БЦР-аўскае гледзішча, і ўжо ў 1990-я гг. слова «спадар» фактычна з'яўлялася адзінай формай звароту сярод беларускай эміграцыі.

У час падзення савецкай сістэмы словы «спадар» і «гаспадар» як формы звароту былі вернутыя ў Беларусь, прычым, на думку Жураўскага, першынство ў гэтым належыць Аляксандру Баршчэўскаму (Алесь Барскі). Форма «гаспадар», за якую выступаў, м.інш., Адам Мальдзіс, не прыжылася. Пэўная папулярнасць формы звароту «спадар» (і вытворных ад гэтага) у беларускім грамадстве, на думку Жураўскага, тлумачыцца палітычнымі матывамі (набралым сілу «заходніцтвам») і дрэнным веданнем гісторыі.

Зноскі

  1. Паводле Лявона Луцкевіча, за польскім часам[Крыніца?] быў фельетон «Дзівосы і смяхоты Янкі Станкеўчыка», дзе, сярод іншага, тлумачылася, што "спадар" — не ад выразу "спадаць галавою", а ад молі, якая "гаспадару" ў кітабе першы склад ад'ела.
  2. Пры гэтым, на думку Жураўскага, у такім выпадку і ўсе тыя словы у клічнай форме, сярод якіх знаходзіцца «спадарыня» («звездухно, зезюлюхно... солнушко, утухно»), таксама можна залічваць у ветлівыя звароты.

Літ.:
  • А. І. Жураўскі. Як на Беларусі развяліся «спадары» // Крыніца №11-12, 2002. С.158 – 175.
  • І. Лучыц-Федарэц. З гісторыі слова «спадар» // Наша слова, 1993, №33.
Wiki letter w.svg На гэты артыкул не спасылаюцца іншыя артыкулы Вікіпедыі,
калі ласка, карыстайцеся падказкай і пастаўце спасылкі ў адпаведнасці з прынятымі рэкамендацыямі.